Бярэзіншчына вядомая і невядомая. Па-новаму знаёмімся з Бярэзінай-ракой

Налета, у 2021-м годзе, нашаму слаўнаму гораду Беразіно споўніцца 520 гадоў з часу першага пісьмовага яго ўзгадвання, калі горад утварыўся на стромкім правым беразе ракі Бярэзіны. Колькі часу да таго несла яна свае воды бацьку Дняпру, колькі пабачыла за сваё доўгае жыццё, нікому невядома, бо плынь тая існуе з сівой старажытнасці і па-за часам. Не раз наша газета расказвала пра людзей і славутыя мясціны роднага краю, узгадвала гісторыю таго ці іншага населенага пункта, а вось пра Бярэзіну гаворка заходзіла даволі рэдка. Што мы ведаем і памятаем пра яе, акрамя таго, што на яе берагах можна добра адпачыць, а таксама ўдосталь парыбачыць?

Знак сімвалічнага вытоку ракі Бярэзіны, устаноўлены ў г. Докшыцы

 

Такім чынам, Беразіно ўпершыню ўзгадваецца ў 1501 годзе. А калі ж наша рака стала вядомай свету? Дакладная інфармацыя аб гэтым адсутнічае, але добра вядома, што Бярэзіна, маючы два марскія басейны – Балтыйскае і Чорнае моры, уваходзіла ў водны шлях “з варагаў у грэкі” і звязвала паміж сабой цэлыя краіны і народы. А вось на геаграфічных картах наша слаўная рака ўпершыню з’явілася ў… 1154 годзе: арабскі географ Мухамед аль Удрысі пазначыў на карце ўсяго вядомага ў свеце раку Днабрус (Днепр) і яе прыток – раку Бельтас (Бярэзіну). Менавіта так называлі яе ў тыя часы. Дарэчы, аб назве. Навукоўцы сцвярджаюць, што яна мае балта-славянскія карані і ў перакладзе з балтыйскага “берзас” азначае “чыстая, светлая”.
За сваю векавую гісторыю Бярэзіна была не толькі нястомнай ракой-працаўніцай (а па ёй хадзілі баржы, сплаўлялі лес (у Беразіно нават існаваў ніжні склад) і дастаўлялі грузы да сярэдзіны мінулага стагоддзя). Была яна і трывалай мяжой-заставай на шляху іншаземных ворагаў, не раз тапіла ў сваіх водах полчышчы заваёўнікаў – шведаў, французаў, немцаў, на вякі стала сімвалам рускай баявой славы. Чаго толькі варты разгром на ёй напалеонаўскай арміі. Для французаў і сёння фраза “поўная Бярэзіна” мае нядобры акцэнт і азначае грандыёзны правал і катастрофу. Дарэчы, Бярэзіна толькі на 100 км карацей за раку Сену, на якой стаіць сталіца Францыі, і не шырэй за вуліцу Раяль у Парыжы.
І яшчэ, у раёне вёсак Замак і Снуя доўгі час стаяў помнік у гонар перамог над французамі ў вайне 1812 года. Звязана гэта з тым, што каля в. Жукавец Бярэзіну пад покрывам ночы са сваім войскам пераходзіў рускі палкаводзец Кутузаў. На дакладнае месца пераправы рускай арміі ўказвае ўрочышча Бынджала, якое атрымала сваю назву па прозвішчы старога, што там жыў. Падобных урочышчаў на Бярэзіне нямала, іх добра ведаюць мясцовыя рыбакі і знаўцы ракі: Жоластава, Вялікае і Малое Карчэўе, Штаны, Прыбар, Лучыкі, Сцюдзянец, Шляхцянка, Падвой… больш за 30 найменняў, са сваёй гісторыяй і асаблівасцямі.

Быў час, калі рыба бралася не на фідары ды спінінгі, а на такія вось вуды

Да рэвалюцыі, пакуль у Беразіно не было моста, праз раку хадзіў паром. За праезд аддавалі па 5 капеек за каня, а з пешага – 1 капейку. У вясновую паводку Бярэзіна разлівалася аж на вярсту — і пераправа была вельмі марудная і цяжкая. Падарожжа цераз Бярэзіну цягнулася пры добрым надвор’і амаль гадзіну, а ў вецер – і дзве. У 1916 г. над ракой зладзілі драўляны мост, аднак ён быў спалены ў грамадзянскую вайну. Напрыканцы 1929 г. пачалося будаўніцтва новага моста. Лес дастаўлялі падводамі, тут жа яго распілоўвалі. Усё рабілася ўручную. На ўрачыстым адкрыцці  200–метровага моста ў Беразіно 7 лістапада 1933 г. прысутнічаў старшыня Саўнаркама БССР М. Галадзед. Сёння правы і левы берагі Бярэзіны злучае паміж сабой новы мост, які змяніў папярэдні, пабудаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны. Раней жа, у 30-ыя гады мінулага стагоддзя, яшчэ адзін мост знаходзіўся ў  в. Якшыцы. Там жа, а таксама ў Беразіно (у раёне другой гарадской школы) і Божыне, на пачатку ХІХ-га стагоддзя размяшчаліся прыстані.

Так выглядалі маёнтак графа Патоцкага і р. Бярэзіна на пачатку XIX стагоддзя

Існавала на Бярэзіне і рачное параходства. Да рэвалюцыі на грузапасажырскай лініі Бабруйск–Барысаў працавалі 3 параходы купцоў Салаўёва і Гінзбурга магутнасцю 35–40 конскіх сіл. З-за таго, што параходы загружаліся грузам і пасажырамі без усялякай нормы, ды яшчэ былі з баржай у хвасце, хуткасць іх не перавышала 4 км у гадзіну. Пачынаючы з 1924 г., флот Бярэзіны папоўніўся, з’явіліся 3 буксірныя параходы магутнасцю 75-90 конскіх сіл. Да вайны па Бярэзіне з Барысава ў Бабруйск цераз Беразіно курсіраваў параход. Пасажырскі цеп-лаход Барысаў–Беразіно хадзіў па Бярэзіне ўсё лета, да Бабруйска – да 15 мая. Ад Барысава да Беразіно было 16 прыпынкаў, білет каш-таваў 8 рублёў 20 капеек.

Падарожжа на параходзе заўсёды было незабыўным

Адразу пасля выз-валення ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў, летам 1944 г. была арганізавана разведгрупа з вопытных плыўцоў з мэтай пошуку затопленага флоту. Паднялі тады і параход “Янка Купала”, які памятаюць з даваенных часоў і бярэзінцы. Параход наведала жонка Я. Купалы — Уладзіслава Францаўна, уручыла камандзе партрэт песняра з дароўным надпісам і бібліятэку. Так пачалося пасляваеннае жыццё парахода. “Янка Купала”, які за суткі перавозіў 140 пасажыраў. На параходзе працаваў буфет, іграў гармонік, моладзь танцавала, знаёмілася. Памочнік капітана парахода з
в. Жукавец Віктар Вайцяховіч сустрэў сваю будучую жонку на судне ў час рэйса. Як помнік часам параходства і рачной рамантыкі, каля хаты земляка ў в. Жукавец прапісаўся баркас, які захаваўся нават пасля смерці гаспадара.
Сёння вандроўкі па Бярэзіне ажыццяўляюць толькі аматары байдарак і падарожжаў на плытах. Вось як апісваецца Бярэзіна ў даведніку для такіх вандроўнікаў:
“На працягу 7 кіламетраў пасля моста ў Беразіно праплываем уздоўж пляжнай зоны горада. Справа пачынаецца рачны порт. У канцы гэтага адрэзка ўбачыце прыгожы заліў, былы кар’ер з пясчанымі берагамі, якія параслі хваёвым лесам. Адлегласць ад кар’ера да вусця Клявы – 5 км. На гэтым участку рака робіць вялікую пятлю, пачынаючыся і заканчваючыся каля в. Красны Бераг. Рака становіцца шырэйшай. Каля чарговага павароту яна звузіцца, на правым лясістым беразе з’явіцца пансіянат “Бярэзіна”. Наступныя 20 км да в. Чырвоны Араты — рака шырокая, шмат прамых участкаў, берагі нізкія, практычна без расліннасці. На правым беразе будуць бачныя вёскі Ядліна, Божына”.

Паслугамі лодачнага перавозу з Беразіно да Слабады (ён размяшчаўся ў раёне старога аўтавакзала) карысталіся яшчэ ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя

Наша слаўная рака і яе краявіды сталі месцам здымак беларускага кінафільма “Іван”. На рацэ ў ваколіцах Беразіно запісвала канцэрт беларуская спявачка, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Раеўская. Уславілі Бярэзіну ў водных відах спорту трохразовы чэмпіён свету па веславанні на байдарках і каноэ ўраджэнец в. Чырвоная Зорка Мікалай Хахол і бярэзінец, чэмпіён БССР па водным пола Георгій Жукоўскі. А колькі легенд, вершаў і карцін прысвечана нашай мілай рацэ! Плыць ёй і надалей праз гарады і вёскі, праз гады і стагоддзі, праз нашы душы і сэрцы шырокай і чароўнай прыгажуняй-сяброўкай.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Выказваем удзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу загадчыцы аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБС Тамары Круталевіч і старшыні раённай арганізацыі “ОСВОД” Юрыю Палянскаму.

Яшчэ больш цікавых фактаў пра Бярэзіну-раку чытайце ў № 48 газеты за 24 чэрвеня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *