“Бярэзінская панарама” – сямейная газета сям’і Афанасьевых

Так з упэўненасцю сцвярджае чарговая пераможца рэдакцыйнага розыгрышу Таіса Афанасьева.

— Дзякуй за такі нечаканы і прыемны сюрпрыз! Дзякуй, што ў нас ёсць наша любімая раёнка. Дзякуючы газеце, серада і субота ў нас, можна сказаць, “сямейны дзень”. Спачатку з мужам чытаем газету, а затым абмяркоўваем, што зацікавіла. Упэўнена, кожны знойдзе ў “Панараме” штосьці цікавае для сябе. Зычу калектыву газеты творчага натхнення і сямейнага дабрабыту! Вядома ж, хочацца, каб родную газету з задавальненнем выпісвала, купляла, чытала як мага больш людзей, каб тыраж рос, а ў сацыяльных сетках была велізарная колькасць лайкаў да журналісцкіх матэрыялаў!

— Сапраўды, мы сябруем з “раёнкай” вельмі і вельмі даўно. Памятаю, калі яшчэ была школьніцай, бацькі выпісвалі газету. І нават тады я яе чытала, знаёмілася з навінамі. І зараз мы з мужам і дзецьмі – выпісваем. Дзякуючы раёнцы, серада і субота ў нас, можна сказаць, “сямейны дзень”. Спачатку з мужам чытаем газету, а затым абмяркоўваем, што найбольш зацікавіла. Увогуле наша жыццё непарыўна звязана з раёнкай – свякроў, Святлана Мікалаеўна, працуе ў рэдакцыі галоўным бухгалтарам.

Дзіўна склалася, але Таіса Канстанцінаўна таксама па адукацыі бухгалтар. Шчыруе ў цэнтры па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, муж — Вячаслаў Міхайлавіч — вадзіцелем у філіяле “АграМАЗ”. Разам выхоўваюць дзвюх дачушак. Старэйшая — Яўгенія — скончыла педагагічны ўніверсітэт, працуе настаўніцай пачатковых класаў у Мінску. А малодшая – Кацярына — вучаніца 10 класа.

— Чым люблю займацца ў вольны час? Шчыра прызнаюся, яго не так і шмат, — заўважае Таіса Канстанцінаўна. – Мы жывём ва ўласным доме. Таму, як кажуць, сумаваць няма калі: з ранняй вясны да позняй восені шмат працы каля дома. Садзім даволі вялікі агарод: агуркі, памідоры, бульбу… — усю неабходную садавіну і агародніну, каб затым ласавацца свежымі вітамінамі.

А яшчэ Таіса Канстанцінаўна заядлы кветкавод – любіць кветкі. Іх у жанчыны і дома шмат. Квітнеюць з вясны да восені каля дома.

— Асабліва люблю ружы, — заўважае жанчына. – Таму вельмі прыемна атрымаць ад “Бярэзінскай панарамы” падарункавы сертыфікат у магазін “Букет”. Набуду сабе прыгожы букет, магчыма, з руж да 8 Сакавіка. – Увогуле, нам даспадобы, што апошнім часам калектыў рэдакцыі праводзіць шмат конкурсаў для сваіх падпісчыкаў. І кожны, хто з’яўляецца яе даўнім сябрам, можа штосьці і выйграць.

— Што падабаецца ў раёнцы чытаць? — працягвае Таіса Канстанцінаўна. — Без перабольшвання — усё. Я ў першую чаргу знаёмлюся з рэкламнымі аб’явамі, што прадаюць і купляюць, каго віншуюць, хто нарадзіўся, колькі шлюбаў заключана. З задавальненнем чытаю артыкулы пра знаёмых. Падабаецца мне і сямейная старонка. Прыемна і радасна чытаць пра маладыя сем’і і шматдзетныя. Даспадобы і праект пра людзей з асаблівасцямі развіцця “Пандусы жыцця”. Заўважыла, у сучасных журналістаў раёнкі ёсць талент уносіць у газету штосьці новае, не парушаючы былых традыцый. Я адразу запрыкмеціла новы дызайн газеты. Падабаюцца буйныя фотаздымкі. З навінак асабліва па душы прыйшлася аўтарская калонка Міланы Трапянок “Маю слова сказаць”. Дзіўлюся ўменню журналіста так “ярка”, “горача” рэагаваць на актуальныя тэмы. Падабаліся мне і артыкулы тагачасных журналістаў. Асабліва — “Жыццёвыя гісторыі” Ніны Федаровіч.

Старэйшая дачка любіць чытаць, калі прыязджае дамоў, пра школы, педагогаў, таленавітых дзетак. Радуе, што малодшая дачушка знаёміцца з газетай. Яе цікавяць школьныя навіны, спартыўныя. Заўсёды шукае на здымках знаёмых, сяброў.

А муж аддае перавагу крымінальным зводкам, матэрыялам пра сельскую гаспадарку і медыцыну. Зараз адразу ж шукае матэрыялы пра “карону”, медыцынскіх работнікаў. Цікавіцца муж і парадамі для дбайных гаспадароў. Таму з задавальненнем сачыў за праектам “Ваша дача”.

Што б дабавіла, змяніла ў газеце?! Нават складана адразу адказаць. Мне хапае інфармацыі. Проста хочацца, каб на старонках раёнкі пісалі як мага больш пра людзей, працаўнікоў. Магчыма, больш парад для дачнікаў, гаспадынь.

Нядзіўна, што Таіса Канстанцінаўна хацела б больш чытаць у раёнцы парад для гаспадынь. Мне здаецца, што сама яна магла б дзяліцца такімі парадамі. Бо жанчына — дбайная гаспадыня. Любіць гатаваць, здзіўляць родных і блізкіх рознымі смачнасцямі.

— Адкуль бяру рэцэпты? Большасць з інтэрнэту. Але,бясспрэчна, ёсць ужо і свае правераныя, як кажу, фірменныя, — дадае гаспадыня. – Дарэчы, амаль усе рэцэпты страў, што друкаваліся на старонках раёнкі, былі апрабаваны на маёй кухні.

Увогуле, шчыра прызнаюся, мы рады, што ў нас ёсць наша “Бярэзінская панарама”. Упэўнена, кожны жыхар Бярэзіншчыны знойдзе для сябе тут штосьці цікавае.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *