Бярэзінскія актывісты названы ў ліку лепшых у вобласці

5 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень валанцёра. Менавіта ў гэты дзень ва ўсіх куточках Зямлі ўспамінаюць тых, каму неабходна дапамога і клопат, і тых, хто дорыць іх штодзень іншым людзям. У Мінску, па традыцыі, у гэты дзень у рамках праекта “Пашырэнне ўдзелу грамадзянскага грамадства ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі” ўзнагароджваліся пераможцы абласных конкурсаў пад эгідай Беларускага грамадскага аб’яднання Чырвонага Крыжа.

Ірына Дубовік запрашае кожнага бярэзінца стаць валанцёрам, аказаць пасільную дапамогу састарэлым, адзінокім і інвалідам.

На мерапрыемства запрашэнне атрымала старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа Ірына Дубовік. Высокую ацэнку арганізатараў атрымала валанцёрская група “Ад сэрца да сэрца”. Яна была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Валанцёрская ініцыятыва — дэбют 2019 года” ў рамках конкурсу “Лепшая ініцыятыва”. Не засталася без узнагароды і сама Ірына Дубовік. Яна стала пераможцай у конкурсе “Лепшыя публікацыі ў СМІ” ў намінацыі “Лепшая серыя газетных публікацый аб дзейнасці “Чырвонага Крыжа”.
— За свой першы важкі поспех у валанцёрскай дзейнасці і падтрымку нашых пачынанняў хачу па-дзякаваць намесніку стар-
шыні райвыканкама Уладзіміру Навіцкаму, начальніку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай і начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Вользе Калячка, – зазначае старшыня арганізацыі. – Ды і не было б у нас ніякіх добрых спраў без актыўнасці і энергіі калектыву пачатковай школы № 1
горада Беразіно: з 16 валанцёраў ініцыятыўнай групы “Ад сэрца да сэрца” 10 — вучні гэтай установы. На базе школы створаны і плённа працуе валанцёрскі атрад “Непоседы”. Вучні пачатковых класаў разам з бацькамі бяруць удзел у большасці мерапрыемстваў пад эгідай Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа. Ды і сёння кожны жадаючы можа далучыцца да валанцёрскай дзейнасці.
За якія ж справы была адзначана ініцыятыўная група валанцёраў “Ад сэрца да сэрца”? Яны шмат зрабілі ў ходзе рэспубліканскай акцыі “Клопат”, накіраванай на павышэнне якасці жыцця састарэлых грамадзян. Так, у полі зроку клапатлівых актывістаў аказаліся інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Падарунак да свайго 60-годдзя атрымала інвалід па зроку Таццяна Кліменка, а напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі Ірына Дубовік не з пустымі рукамі наведала дом ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Буракова. У лістападзе валанцёры яшчэ аказалі дапамогу адзінока пражываючай Ганне Сіняк. Не забыліся яны і пра пажылых пацыентаў Дзмітравіцкай сельскай участковай бальніцы. Ім былі перададзены цёплыя рэчы і цукеркі.
Наладзіла Ірына Дубовік са сваімі памочнікамі і Дзень адчыненых дзвярэй “З любоўю да старасці”, дзе ўсім састарэлым была аказана гуманітарная дапамога і ўручаны сувеніры. Наладжана ў старшыні раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа і цесная сувязь з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі. У лістападзе яна разам з бярэзінскімі актывістамі “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” запрасіла людзей з абмежаванымі магчымасцямі на мерапрыемства “Дзень дабра, дружбы і міласэрнасці”, дзе іх чакалі не толькі музычныя віншаванні і салодкія пачастункі, але і парады па псіхалагічнай падтрымцы і наладжванні вольнага часу.
— Наперадзе ў мяне і маіх памочнікаў нямала цікавых мерапрыемстваў і сустрэч, закліканых зрабіць жыццё пажылых людзей цікавым, яркім і насычаным, — зазначыла Ірына Леанідаўна. — Павага да іх – гэта культура грамадства, якое зберагае для нашчадкаў кожнае слова, кожны ўспамін і мудрую параду састарэлых.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *