Бярэзінскія педагогі адзначаюць прафесійнае свята. Табе, настаўнік, прысвячаецца…

У гэтыя выхадныя дні тэлефоны ў кватэры педагогаў Ганны і Аляксандра Ізмераў не будуць маўчаць ні хвіліны. Званкі абавязкова будуць ад сённяшніх гімназістаў, ды і шматлікіх выпускнікоў розных часоў, якія палічаць сваім абавязкам павіншаваць педагогаў з Днём настаўніка, пацікавіцца іх справамі і абавязкова расказаць пра сябе. Колькі іх было амаль за сорак гадоў навучання фізіцы, але кожнага Ганна Сяргееўна памятае, як быццам гэта было толькі ўчора. Яна ж імкнулася не толькі зарадзіць любоўю да свайго прадмета, але і шчодра аддавала дзецям часцінку душы і свайго вялікага сэрца.

— Гэта сапраўдны педагог, які цудоўна ведае сваю справу, разумее нас, — гавораць пра Ганну Ізмер сённяшнія вучні. — Яна заўсёды адкрытая для зносін, любіць нас, як сваіх родных дзяцей. Яна — чалавек, які ўмее зразумець і выслухаць, заўсёды дапаможа пераадолець цяжкасці, умее зарадзіць дабром, пазітывам, павесці за сабой.
— Можна бясконца пералічваць добрыя якасці Ганны Сяргееўны, — дадаюць выпускнікі розных часоў, але галоўнае, што яна застаецца прыкладам для ўсіх нас на ўсё жыццё. У яе мы вучыліся не толькі законам механікі і дынамікі, але і на кожным уроку пераймалі цярпенне, стараннасць і добразычлівасць, патрабавальнасць і тактоўнасць. Вашы падказкі і парады, жыццёвыя разважанні — і сёння з намі, наша любімая настаўніца.
У асяроддзі педагогаў гімназіі Ганна Ізмер вылучаецца глыбокім стаўленнем да настаўніцкай справы, павагай да вучняў, бясконцым самаўдасканальваннем. Вось і ў час пандэміі яна прадэманстравала валоданне сучаснымі тэхналогіямі на ўроку і падчас навучання анлайн. На ўроках яе заўсёды пануе дысцыпліна, усе заняты справай і няма часу пазяхаць. А ўсё таму, што прадуманы да драбніц кожны рух, кожнае слова і інтанацыя, няма лішняй мітусні і пануе ўзаемаразуменне.
— Мне ж трэба навучыць дзяцей не толькі свайму прадмету, але і жыццёвай мудрасці, — гаворыць педагог. — У жыцця свае законы — і хочацца, каб мае вучні нарабілі як мага менш у ім памылак. Гэтаму я вучу выхаванцаў, гэтых прынцыпаў прытрымліваецца і мой муж, які таксама шмат гадоў працуе ў школе.

Падрыхтавала Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *