«Бяспечнае асяроддзе для дзяцей» стваралі на Бярэзіншчыне

З 21 снежня 2020 года па 8 студзеня 2021 года ў раёне праходзіла прафілактычная акцыя “Бяспечнае асяроддзе для дзяцей”. Адно з галоўных мерапрыемстваў – рэйды. Таму амаль кожны дзень у шматдзетныя сем’і, нядобранадзейныя, “складаныя” выязджаюць міжведамасныя групы. У іх склад уваходзяць члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, супрацоўнікі РАУС, РАНС, сацыяльнай сферы і іншыя. У адзін з такіх рэйдаў адправіўся і карэспандэнт газеты разам з дырэктарам сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святланай Дражнік, участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Настассяй Сахончык і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзмітравіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада-школы Наталляй Жыгар.

Члены рэйдавай групы

Мэта акцыі — правядзенне растлумачальнай работы з бацькамі і дзецьмі аб правілах абыходжання з пажаранебяспечнымі прадметамі і піратэхнічнымі вырабамі, аб захаванні асабістай бяспекі дзяцей на дарогах, лядовых катках, на вуліцах і ў іншых грамадскіх месцах. Папярэджанне дзіцячага траўматызму. Выяўленне сем’яў з дзецьмі, у якіх не створаны належныя ўмовы для выхавання і пражывання, — гутарым з С. Дражнік, пакуль едзем. – Наша галоўная задача – убачыць першыя “званочкі”, што ў сям’і штосьці няладнае, дапамагчы, падказаць, навучыць…

Таму члены рэйдавай групы правяраюць усё: ці захоўваюцца санітарныя нормы, нормы пажарнай бяспекі, ці назапашаны дровы на зіму, ці ёсць неабходнае адзенне ў дзяцей, “куток” вучня, звяртаюць увагу і на знешні выгляд бацькоў… Магчыма, некаторыя думаюць: “Навошта чужыя людзі лезуць у іх сям’ю з парадамі?!” Адказ просты: «Каб захаваць сям’ю, здароўе і жыццё дзяцей».

Падчас рэйду мы наведалі розныя сем’і, што пражываюць у вёсках Дзмітравічы, Прудок і Арэшкавічы. У кожным доме адчуваўся святочны настрой: ёлкі, гірлянды, сняжынкі… Бацькі з радасцю сустракалі “гасцей”, дзеці рас-казвалі пра тое, што прынёс Дзядуля Мароз, пра ранішнікі ў школах і дзіцячых садках. У членаў рэйдавай групы былі, здаецца, нязначныя, але жыццёва важныя заўвагі і папярэджанні: навесці парадак дома, пільна сачыць за дзецьмі, удзяляць ім больш увагі, не ігнараваць нормы пажарнай бяспекі.

Большасць сем’яў, якія мы наведалі ў гэты дзень, знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, стаяць на уліку. Прычыны?

— Ужо з вопыту можам сказаць, што прычына сямейных бед традыцыйная: злоўжыванне алкагольнымі напоямі. Затым ідуць антысанітарыя, асацыяльны лад жыцця… І наша задача – заўважыць гэта на першапачатковым этапе. Усё звычайна пачынаецца з “маленькіх” скандалаў, а заканчваецца неабходнасцю адабрання дзяцей, — заўважаюць члены рэйдавай групы.

…Наведаем адну з сямей у вёсцы Арэшкавічы. Тут не так даўно нарадзілася дзіця. І нараджэнне яго стала нагодай, каб адзначыць гэтую падзею. Адзначылі так, што сям’я трапіла на ўлік. Але маці і бацька рады няпрошаным гасцям, паказваюць дом, з упэўненасцю сцвярджаюць, што “адмовіліся ад спіртнога!”

— Прыемна заходзіць у такія сем’і, дзе зразумелі свае памылкі і імкнуцца іх выправіць, — зазначае С. Дражнік. – Выхоўваюць дзяцей у любові, паказваюць станоўчы прыклад у наладжванні ўзаемаадносін. Так, бываюць складаныя сітуацыі ва ўсіх. Але шанс на выпраўленне заўсёды ёсць. Толькі ім трэба ўмець своечасова скарыстацца.

Сям’я з Арэшкавіч стаіць на ўліку. Але зараз ужо сітуацыя выпраўляецца. Бачна, што бацькі імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб стварыць належныя ўмовы для выхавання немаўлятка

Заходзім у іншую сям’ю, што знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. І прычыны тыя ж самыя.

— У нас зараз усё добра! Адзначылі святы без спіртных напояў, — расказваюць гаспадары. – Дзеткам зрабілі падарункі. Здаецца, яны засталіся задаволенымі!

У Дзмітравічах мы наведалі некалькі шматдзетных сем’яў. Парадавала, што ў большасці з іх створана бяспечнае асяроддзе для дзетак.

Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *