Цэлы склад боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны знойдзены паблізу аграгарадка Пагост

Спецыялісты сапёрна-піратэхнічнай групы вайсковай часці 5448, якія прыбылі на выклік 12 жніўня, выявілі 9 артылерыйскіх снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Боепрыпасы праляжалі ў зямлі больш за 70 гадоў і, па ацэнцы спецыялістаў, уяўлялі рэальную пагрозу для жыцця.

Небяспечныя знаходкі часоў Вялікай Айчыннай вайны былі абясшко­джаны і знішчаны групай размініравання.

 У сваю чаргу, міліцыянеры і работнікі ваенкамата адзначаюць: колькасць небяспечных знаходак часоў Вялікай Айчыннай вайны не змяншаецца.

— Гэта добра, што баявыя снарады ў лясным масіве заўважылі дарослыя, а калі б на іх месцы аказаліся дзеці, то не выключана паўтарэнне жудаснай трагедыі, што адбылася ў вёсцы Вяшэўка, — гаворыць намеснік начальніка раённай міліцыі Аляксандр Сямёнавіч Міхнёнак. — Тады падарваліся трое малалетніх вяскоўцаў, двое з якіх загінулі. Колькі яшчэ такіх смяротных напамінаў аб вайне хаваюцца ў недрах зямлі і ў лясных масівах, сказаць немагчыма, але дакладна вядома, што нямала. І выявіць іх не ўяўляецца магчымым. А самае жудаснае, што ў небяспечную сітуацыю могуць трапіць дзеці, у якіх цікаўнасць пераважае над пачуццём самазахавання.

Таму дарослым неабходна раз за разам перасцерагаць дзяцей: калі знайшлі невядомы металічны прадмет, не набліжацца, а тым больш, не чапаць яго. Тэрмінова паведаміць пра знаходку дарослым.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *