«Чаканяць» на лыжках у такт з гармонікам

Прыемна, што ў Беразіно працягваюць існаваць і ўзбагачаюцца народныя традыцыі. Так, па ініцыятыве дырэктара аўтаклуба Любові Пінчук ужо каля трох гадоў дзейнічае дзіцячы калектыў “Бярэзінскія лыжкарыкі”. Кожны жадаючы школьнік пад кіраўніцтвам вядомага гарманіста Міхася Папругі можа навучыцца іграць на лыжках. Праўда, музыка засцерагае: перад тым, як упэўнена адбіваць рытмы народных танцаў і песень, прыйдзецца зведаць і крывавыя мазалі на пальцах. Затое, далучыўшыся да дружнага калектыву “лыжкарыкаў”, церпялівец развівае слых, пачуццё такту, ды набіраецца добрага настрою на кожнай рэпетыцыі ад дзядзькі Міхася!

Сёння гурток наведвае дзевяць рабят, але спрабавала свае сілы ўдвая больш. Збіраюцца дзеці адзін раз на тыдзень — у сераду. Часцей прыцягваць іх немагчыма: школьнікі, па словах Міхася Папругі, заняты не толькі вучобай, але і ў разнастайных секцыях. Аднак і гэтага часу дастаткова, каб развучыць новы рэпертуар. Добра дзеці чаканяць “Купалінку”, “Мітусь” (народны танец), матыў “Черноглазая казачка”. “Лыжкарыкі” дэманструюць талент і майстэрства на розных святах. У першы ж год існавання гурток на ўрачыстасці ў Беразіно быў адзначаны мастацтвазнаўцам Яўгенам Сахутай.

Акампаніятар Міхась Аляксандравіч ставіцца дасваіх падапечных з цеплынёй і на рэпетыцыі прыходзіць толькі ў добрым настроі. Помніць ён, як спачатку ў гурток хадзілі толькі сыны яго пляменніка — Вася і Рома, ды дачка калегі — Насця Давыдовіч. Узгадвае таленавітую дзяўчынку Ксенію Кулік, у якой, па прычыне загружанасці, не атрымалася займацца ў гуртку. Цяпер прыходзяць на рэпетыцыі брат з сястрой Жэня і Насця Мазанікі. Наведваюцца таксама Злата Капачэня і Арына Гайдукова, браты Андрэй і Раман Федарэнчыкі.

Міхась Папруга зазначае, што хацелася б, каб ігры на лыжках вучылі ў музычнай школе, а да гуртка далучыўся б не толькі яго гармонік, але і скрыпачка ды цымбалы. А хто ведае, можа ў падрастаючага пакалення атрымаецца стварыць ансамбль і заваяваць славу за межамі.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *