Чаму футбол ніколі не знікне ў Бярэзінскім раёне

Пра футбол у наш час ведаюць усе і даволі шмат, амаль кожны другі ўяўляе сябе сёння спартыўным трэнерам альбо каментатарам на канапе, здольным ацэньваць любы матч і талент футбалістаў. Прозвішчы футбольных славутасцей Месі, Раналду, Бэкхэм, Пеле, Нэймар, Мбапэ ў рэйтынгу папулярнасці б’юць усе рэкорды. Такой неверагодна вялікай папулярнасці гульня ў скураны мяч дасягнула ў пачатку XXI стагоддзя. А калі і як яна зараджалася? Аказваецца, параўнаўча нядаўна: яшчэ ў 60-70-ыя гады мінулага стагоддзя. Ужо тады на стыхійных пляцоўках, у дварах, на пляжах хлапчукі майстравалі вароты і “рэзаліся” ў футбол да апошніх сіл.
— Мяне бацькі прывялі ў секцыю ў 6-гадовым узросце, — расказвае Сяргей Колесень. —  Ад жадаючых навучыцца гуляць у футбол адбою не было, ды і адбору асаблівага не рабілі. Як было адмовіць, калі кожны з нас марыў гуляць у нападзенні ці абараняць вароты. Трэніравацца мы гатовы былі цэлымі днямі, а выступаць і ездзіць на зборы і спаборніцтвы — хоць на ўсе выхадныя. Толькі тады, калі хлапчук пераконваўся, што футбол яму не па сілах, ішоў у секцыю па іншым відзе спорту. Аднак сярод маіх аднагодкаў такіх было няшмат. Напэўна таму, што мы першымі пачалі трэніравацца на новым стадыёне. Ды і трэнеры ў нас былі, як цяпер кажуць, ад Бога, працавалі сумленна і толькі на вынік, бясконца і самааддана любілі футбол.
Сяргей Колесень займаўся ў трэнера Віктара Сушынскага, які ў той час разам з Браніславам Трусевічам працавалі ў спартыўнай школе. Яны і паклалі пачатак развіццю футбола ў нашым раёне. Толькі гадаванцы Віктара Анатольевіча рэгулярна ўваходзілі ў мацнейшую дзясятку каманд дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ вобласці. Гэту традыцыю дастойна працягнулі паслядоўнікі В. Сушынскага, якія на працягу амаль 50 гадоў стваралі моцныя і падрыхтаваныя каманды футбалістаў.

Капітан каманды Сяргей Колесень

Бярэзінцы памятаюць, што ў далёкім 1978 годзе мясцовая каманда заняла трэцяе месца на чэмпіянаце вобласці. Капітанам яе і самым актыўным нападаючым тады быў Аляксандр Насульскі, абаронцамі — Сяргей Ісачанка і Павел Баброўскі, паўабаронцамі – Юрый Барысевіч, Расціслаў Дамашэвіч, Вячаслаў Лапыцька, Валерый Левы, Васілій Дзеравянчук, а абараняў вароты Пётр Жукоўскі. Усе яны выканалі першы дарослы разрад і хутка ўключыліся ў каманду “Бярэзіна”. На змену юным членам футбольнай каманды спартыўнай школы прыйшлі Сяргей Палянскі, Аляксандр Мельнічонак, Алег Купіч, Аляксандр Цэдрык, Васіль Красоўскі. Усе яны паказалі дастойны ўзровень гульні і ўвайшлі ў зборную вобласці. Аляксандр Мельнічонак удзельнічаў нават у рэспубліканскай спартакіядзе за каманду Мінскай вобласці. Кандыдатамі ў зборную вобласці былі яшчэ Аляксандр Лебедзь, Ігар Петрашкевіч, Генадзь і Аляксандр Грабаравы. Увесь раён тады ганарыўся гэтымі таленавітымі футбалістамі і не прапускаў матчаў з іх удзелам.
— Моцным штуршком да заняткаў футболам у дзятвы быў прыклад бярэзінскай каманды футбалістаў, — успамінае Сяргей Васільевіч, — якая паспяхова выступала ў занальных спаборніцтвах у складзе каманды Мінскай вобласці ў рэспубліканскім першынстве і першынстве Савецкага Саюза. У склад каманды Беларусі ўвайшлі некалькі бярэзінскіх футбалістаў — Анатоль Лянькоў, Уладзімір Колесень, Аляксандр Петрашкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Васілій Марцінёнак, Валерый Воранаў і Аляксей Кулік.

Гэтых футбалістаў цяжка забыць тым, хто хоць аднойчы бачыў іх на футбольным полі. Аляксандр Петрашкевіч выступаў за каманду “Тарпеда” і меў ганаровы тытул чэмпіёна БССР, славіўся як моцны абаронца. Анатолій Лянькоў да футбола займаўся лёгкай атлетыкай і мнагабор’ем, але ў барацьбе за мяч не меў сабе роўных. Высокай тэхнічнасцю валодалі ўсе гэтыя гульцы. Аднак сапраўдным кумірам быў Валерый Воранаў, які здольны быў забіваць мяч у вароты з любой адлегласці. Памятаюць бярэзінцы і слаўных сваіх варатароў Анатолія Зямлянскага, Уладзіміра Жукоўскага, Івана Кацегава, Віктара Сямашку. Дарэчы футболам пазначана жыццё ў 70–90–ыя гады мінулага стагоддзя многіх бярэзінцаў.
— Маё шчырае перакананне, што ў кожнага дзесяцігоддзя свая зорная футбольная каманда, — разважае Сяргей Колесень, — бо на змену гэтым бярэзінскім кумірам прыйшлі Уладзімір Козін, Дзяніс Вабішчэвіч, Аляксандр Захарэвіч, Павел Гушчын, Андрэй Бародзіч, Ігар Бенядзішчук, Алег Балігатаў, Аляксей Глазаў, Віктар Жукоўскі, Марат Цітавец і Аляксандр Цэдрык. Усе яны яшчэ паспяхова выступалі ў складзе футбольных каманд арганізацый і зараз ахвотна пагаджаюцца браць удзел у спаборніцтвах.

Атакуе Віктар Жукоўскі. І гэта ў 61 год!

Ды і як жа інакш, калі па іх сцежках у футбольныя секцыі запісаўся не адзін дзясятак бярэзінскіх хлапчукоў. Так, шмат выхаванцаў у трэнераў Паўла Гушчына і Сяргея Булойчыка. Дзякуючы апошняму, каманда спецыялізаванай дзіцяча–юнацкай школы алімпійскага рэзерву надзейна замацавалася ў ліку лепшых на выніках розных спаборніцтваў, многія выступалі і выступаюць у складзе зборных каманд вобласці. Так, Аляксандр Барысевіч быў чэмпіёнам рэспублікі сярод юнакоў у 1994 годзе і капітанам каманды Мінскай вобласці. У рэспубліканскіх спаборніцтвах бралі ўдзел Дзмітрый Захарэвіч, Дзмітрый Галуза, Максім Сямашка і Уладзіслаў Хендогі. У спартыўных установах футбольныя навыкі атрымлівалі Максім Рахманаў, Даніэль Ражэ Сычоў, Яўгеній Карпека, Алег Булойчык, Аляксандр Навіцкі, Павел Умэцкі і іншыя. Ды і падрастае новае папаўненне лепшай бярэзінскай футбольнай камандзе.
Майстэрства набіраюцца Максім Тукач, Мікіта Круталевіч, Антон Алейнікаў, Кірыл Ліплянін. Не здрадзіць юнацкаму захапленню і як мага даўжэй гуляць у футбол сабе на радасць ім дапаможа ветэранская зборная каманда. Сёлета яна паспяхова выступіла на абласным чэмпіянаце і ўпэўнена ўвайшла ў пяцёрку мацнейшых каманд вобласці. Уявіце сабе, нашы ветэраны, як роўныя, гулялі з камандамі Барысава, Салігорска, Жодзіна, Старых Дарог і Дзяржынска.

У атацы — Павел Гушчын

— У нашай камандзе толькі правераныя гульцы, – расказвае Сяргей Колесень, — якія і зараз, у свае далёка за 30, не спыняюць заняткі спортам, падтрымліваюць сябе ў спартыўнай форме і маюць вялікае жаданне “паганяць” мяч.
Самаму старэйшаму з іх, Віктару Жукоўскаму, споў-ніўся 61 год, але палёгкі ў ходзе гульні ён сабе не просіць, актыўна змагаецца за кожны гол. Не адстае ад яго і яшчэ адзін узроставы футбаліст — Сяргей Паласкоў. Ды і, як у мінулыя гады, не абыходзіцца ў час матча без майстэрства і хуткасці Алега Несцяровіча, Юрыя Гаркавага, Уладзіміра Пармановіча, Аляксандра Жукоўскага, Дзмітрыя Уладзімі-равіча Жукоўскага, Дзмітрыя Мікалаевіча Жукоўскага, Андрэя Бародзіча, Сяргея Джыгеры, Сяргея Бабуры, Дзяніса Вабішчэвіча, Уладзіміра Лянькова і інш. Ды і Сяргей Колесень дагэтуль не прапускае гульняў са сваімі таварышамі. На яго плячах не толькі пэўная капітанс-кая адказнасць, але і догляд за стадыёнам. Шчыруе ён рабочым па абслугоўванні гэтага аб’екта.

Хвалюючы момант гульні. У барацьбу за мяч уключыліся Андрэй Бародзіч і Дзяніс Габец

— Сёння наш стадыён з натуральным пакрыццём адзін з лепшых у вобласці, — зазначае Сяргей Васільевіч. – Сюды ахвотна прыязджаюць на спаборніцтвы з самых розных куточкаў вобласці і дагэтуль не заціхаюць футбольныя баталіі сярод аматарскіх каманд.
Асаблівы стымул маюць да гульні Павел Гушчын і Эрнэст Выгоўскі. Апошні па прыкладзе бацькі выбраў трэнерскі шлях і зараз набі-рае групу футбалістаў з хлапчукоў і дзяўчынак. А гэта значыць, бярэзінцам нядоўга засталося чакаць сваю новую зорную футбольную каманду і бліскучыя перамогі. Не стаміцца ў гэтым чаканні ім дапамогуць вернасць футболу і актыўны лад жыцця вэтэранаў, светлая памяць пра тых, хто ўпрыгожыў наша жыццё яркімі матчамі, і клопат мясцовых улад пра развіццё спорту ў нашым раёне.

Апошнія парады членам каманды дае варатар Юрый Гаркавы

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Паўла САЛАЎЁВА
і Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *