Чаму не варта саромецца выступаць перад аўдыторыяй. Парады паплаўскім школьнікам ад Георгія Калдуна

Шыкоўны падарунак зрабіла сабе і ўсёй сваёй вялікай творчай сям’і да веснавога свята Яна Клімовіч. Яна стала адзінай і бясспрэчнай пераможцай школьнага конкурсу “Вядучы — усёмагутны” і была адзначана журы, у склад якога ўвайшоў і славуты беларускі шоўмен, вядучы, кампазітар, спявак і акцёр Георгій Калдун.

Такое рашэнне не аказалася нечаканасцю для сяброў дзяўчыны і педагогаў. Яна — прадстаўніца самай творчай у раёне сям’і Клімовічаў. Бабуля — Ніна Дзмітрыеўна – у свае 70 узначальвае народны сямейна–абрадавы гурт “Радзіна”, аднавіла і шмат гадоў праводзіць абрад “Цягнуць Каляду на дуба”, а бацькі плённа і з агеньчыкам у душы працуюць у Новінскім сельскім Доме культуры. Бацькі з маленства далучылі дзяўчынку да сцэны. Яна спявае і танцуе ў дзіцячым узорным гурце “Валошкі”, не адзін раз станавілася пераможцай розных конкурсаў і фестываляў. Ды і ў роднай Паплаўскай школе ўсе ведаюць яе як творча адораную асобу, якая не разгубіцца і не падвядзе ў самы адказны момант.

Пэўны сцэнічны вопыт дапамог Яне вылучыцца сярод астатніх кандыдатак і стаць лепшай. Заўважыў яе творчую жылку і Георгій Калдун, які даў дзяўчыне не адну карысную параду наконт таго, як навучыцца выступаць на сцэне і трымацца перад вялікай аўдыторыяй. Ды і не абмінуў увагай і іншых канкурсантак: кожнай нешта параіў і парэкамендаваў.

Яна Клімовіч і Георгій Калдун не забыліся зрабіць фота-здымак на памяць. — Для мяне такая шчырая размова стала сапраўдным адкрыццём, — прызнаецца дзяўчына. – Аказваецца, і Георгій хвалюецца перад кожным выступленнем і доўга перажывае пасля. Для мяне пачуць такое ад славутага шоўмена было дзіўна. Я пакуль вучуся ў 10 класе і не вызначылася з будучай прафесіяй. Аднак цвёрда пераканана, што парады Георгія Калдуна буду памятаць яшчэ доўга, бо яны мелі канкрэтны і адрасны характар

Сакрэтаў поспеху мужчына не ўтойваў і адказваў на пытанні прысутных. Як высветлілася, вясковыя школьнікі не толькі глядзяць пазнавальную праграму “Я знаю”, але і пільна сачылі за поспехамі Георгія Калдуна на ўкраінскім шоу “Х-фактар”. Падкупляе інтарэс дзяцей да яго асобы той факт, што Георгій Аляксандравіч па адукацыі — педагог. Ён нават пэўны час выкладаў геаграфію ў школе, два гады вучыўся ў аспірантуры і яшчэ ў параўнаўча недалёкім мінулым працаваў у аздараўленчых лагерах. Разам з гэтым, самастойна займаўся вакалам і музыкай, удзельнічаў у некалькіх паказах адзення і конкурсах цырульніцкага майстэрства ў якасці мадэлі. Стаў пераможцам у намінацыі “Супермадэль Беларусі 2006 года”. Пэўны час працаваў і зараз з’яўляецца пастаянным вядучым інтэлектуальных гульняў на розных тэлеканалах. Супакойвацца на гэтым шоўмен не збіраецца, бо дагэтуль падтрымлівае сябе ў добрай фізічнай форме, не баіцца ўдзельнічаць у розных творчых праектах і не спяшаецца з вяселлем.

— У мяне няма асаблівых сакрэтаў поспеху, — прызнаваўся ён, — але я заўсёды імкнуўся рабіць тое, што мне падабаецца, і рабіў гэта добра, прафесійна. Мой прынцып у працы — добра альбо ніяк. Толькі тады ты зможаш стаць цікавай асобай. Таму я грунтоўна падыходжу да кожнага выступлення і работ на тэлебачанні. Для ўдзелу ў шоу “Х-фактар” нават вывучаў украінскую мову, працаваў над націскам і вымаўленнем. Увогуле, ва ўсім імкнуся да прафесіяналізму.

Агульны фотаздымак на памяць з удзельнікамі конкурсу “Вядучы — усёмагутны” і ўдзельніцамі праграмы “Настаўнік для Беларусі”. Кожнай з іх Георгій Калдун нешта параіў і парэкамендаваў. Асабліва ўсім запомнілася тое, што не трэба саромецца, бо, перамагаючы сарамлівасць, набываеш вопыт і крочыш далей. А таксама неабходна ведаць сабе цану

Не маглі не спытаць вядучага і пра сакрэт поспеху для ўдзельнікаў інтэлектуальнай гульні “Я знаю».

— Тут адназначнага адказу няма, — падкрэсліў ён, — аднак папярэджу, што аднаго вопыту сцэнічных выступленняў будзе мала, ды багажа ведаў са школьнага падручніка не хопіць. Патрэбна шмат чытаць, удумліва аналізуючы прачытанае, лагічна разважаць, бачыць паралелі і, самае галоўнае, верыць у сябе. Таму працэс падрыхтоўкі да конкурсу зойме ў вучня і педагога не адзін месяц.

Добра разумеюць гэта ў педагагічным калектыве Паплаўскай школы, дзе прызнаюць, што вясковыя дзеці саромеюцца адказваць каля дошкі і выказваць свае думкі перад аўдыторыяй. Таму і адчуваюць цяжкасці ў наладжванні адносін з равеснікамі. Дапамагчы ім у гэтай няпростай сітуацыі вырашылі маладыя педагогі школы — удзельнікі першага набору праграмы “Настаўнік для Беларусі” Наталля Верына і Настасся Самец. Яны і арганізавалі конкурс у рамках праекта “Камунікатар 360”.

— Шчыра спадзяюся, што гэта сустрэча і конкурс дапамогуць нашым вучням набыць упэўненасць у сабе, настрояць на работу над сабой, што абавязкова дасць штуршок ім паспяхова сацыялізавацца і ў поўнай меры рэалізаваць свой патэнцыял, — заўважыла дырэктар Паплаўскай СШ Алена Жаўняровіч.

Даведка ад «БП»

У бліжэйшы час стартуе трэці набор у праграму “Настаўнік для Беларусі”, якая рэалізуецца Міністэрствам адукацыі і БПС–банкам. Удзельнікі яе на два гады адправяцца на працу ў рэгіянальныя школы, каб вырашыць праблему адукацыйнай няроўнасці і даць шанц кожнаму дзіцяці раскрыць свой патэнцыял. Настрояць іх на гэта сумеснае фота з кумірам і яго шчырыя парады!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *