Чаму рагуля на сучаснай ферме жыве тры гады?

Лічба дзіўная, калі памятаеш з вясковага дзяцінства колькі гадоў рыкала кароўка гучна ў хляўчуку і колькі разоў узнагароджвала дбайных гаспадароў цялёнкам. Нічога асаблівага карміцелька да сябе не патрабавала: галоўнае было назапасіць улетку сена, паклапаціцца пра саламяную падсцілку і не забыцца палашчыць.

Чаму ж сёння ў час рэканструкцыі і будаўніцтва сучасных малочнатаварных фермаў і мноства навацый у жывёлагадоўлі амаль у тры разы скарацілася жыццё вясковых карміцелек? На гэта і іншыя пытанні наконт невытворчага выбыцця жывёлы адказвае галоўны ветурач раёна Марына САМЕЦ.

Галоўны ветурач раёна Марына Самец

Сітуацыя выпраўляецца

– Па стане на 31 кастрычніка з грамадскага статку выбыла 390 жывёлін. Гэта істотна менш мінулагодняй лічбы. Паморак склаў 292 галавы, 56 было забіта і 42 прададзены насельніцтву. На жорсткім кантролі спецыялістаў, кіраўніцтва гаспадарак і раёна кожная жывёліна. Нават для жадаючых набыць цяля існуе пэўная працэдура продажу маладняку.

А вось рагулю ніхто ўжо не купляе. Ды і каштуе яна нятанна – каля 2500 рублёў. Няма ахвотнікаў сярод вяскоўцаў
трымаць на падворку сваю карміцельку.

– А ў чым прычына забою і паморку жывёлы?

– Назваць адну на ўсіх немагчыма. Дзесьці да гібелі цялят прывяла адстутнасць спецыяльных домікаў, а дзесьці – халатныя адносіны да справы, правакуе сітуацыю і праславуты звычайны чалавечы фактар. Нярэдка здараецца, што нованароджаныя цяляты гінуць з-за недагляду вартаўнікоў. Па кожнаму з гэтых фактаў вядзецца праверка і выносіцца пакаранне. Што тычыцца забою, то тут ужо свае прычыны – неналежнае ўтрыманне, лячэнне і даенне жывёлы.

Яе вялікасць – дыктатура тэхналогіі

– А ці не значыць гэта, што сучасныя малочнатаварныя фермы, комплексы і навацыі не прыстасаваны для жывёлы, таму і не даюць яны патрэбнай эфектыўнасці?

– Ні ў якім разе, бо за гэтымі навацыямі будучыня, развіццё і дабрабыт нашых гаспадарак. Тут трэба гаварыць пра іншае – аб бездакорнай дыктатуры тэхналогіі, якая дагэтуль не ўсталявалася на фермах. А яна складаецца з мноства момантаў. Гэта належны санітарны стан памяшканняў, збалансаванае харчаванне, належная прафілактыка, вытворчая дысцыпліна і правільнае даенне рагуль. Ды і яшчэ вялікая зацікаўленасць у захаванні тэхналагічных патрабаванняў кожнага работніка і спецыяліста. Дастаткова аднаму жывёлаводу дрэнна выконваць свае абавязкі, і гэта ўласна на наступны дзень адаб’ецца на стане ўсяго статка.

Усё пачынаецца з кіраўніка

– Аднак дыктатуру тэхналогіі цяжка давесці, калі гаспадаркі ліхаманіць недахоп і цякучка кадраў, дрэнная вытворчая дысцыпліна. Што рабіць, як сачыць за сітуацыяй?

– Тут вы маеце рацыю. Аднак трэба аддаць належнае нашым кіраўнікам, якія не апускаюць рук і шукаюць магчымасць захаваць кожную галаву ў статку. Так, СУП “АграМАЗ” плануе ў будучым годзе прыняць на працу ў якасці загадчыкаў фермаў маладых спецыялістаў – ветурачоў. Добры прыклад у гэтай справе падае і кіраўнік ААТ “Брадзец” Аляксандр Крук. Ён інжынер па адукацыі, валодае ў сваёй гаспадарцы ўсімі пытаннямі заатэхніі і ветэрынарыі, і не дае спуску сваім работнікам і спецыялістам. Хачу параіць пераняць яго прыклад адносінаў да невытворчага выбыцця жывёлы ўсім спецыялістам і кіраўнікам. Няхай тэхналогія ў гэты няпросты час пачынаецца не з новага будынка, а з іх асабістай зацікаўленасці павялічыць статак, памножыць прадуктыўнасць і не згубіць на стратах грошы!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Анатоля Палынскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *