Чаму салодкія клубніцы не могуць быць таннымі? Адказ ведае фермер з вёскі Бычын

Сёлетні клубнічны сезон для аматараў салодкіх ягад аказаўся няпростым. Кошт на клубніцы для бярэзінцаў быў высокім і практычна не змяняўся, не кожная гаспадыня пагаджалася варыць гэтым летам варэнне з ягад за 4 рублі. Ды і смак прадукцыі не задавальняў. Яна была з яўнай кіслінкай, што не ўсім даспадобы.
— Калі хочаце па-сап-раўднаму салодкіх клубніц — не разлічвайце на іх таннасць, — адразу папярэдзіў Дзмітрый Бойка. — Гэта вам скажа кожны, хто вырошчвае гэтыя ягады ў прамысловых аб’ёмах і на ўласным прысядзібным участку.
Не верыць яго словам падстаў няма. Дзмітрый — фермер, які ўжо восем гадоў займаецца развядзеннем клубніц у вёсцы Бычын Багушэвіцкага сельскага
Савета. Яго плантацыі налічваюць да 10 гектараў, а ў сезон «клубнічнай ліхаманкі» на збор ураджаю ў палі выходзіць да 150 чалавек. Людзі едуць на заробкі з Беразіно і Чэрвеня.
— Попыт на клубніцы ёсць заўсёды, — расказвае Дзмітрый Мікалаевіч. – Прадукцыя запатрабавана не толькі на беларускім рынку, але і расійскім. Таму, вядома, паміж фермерамі існуе пэўная канкурэнцыя. Сёлета ўборку клубніц пачалі надзвычай позна, ды і завяршылі толькі на мінулым тыдні.

Фермер асабіста прывёз на бярэзінскі рынак апошнія дзве скрыні.
Аднак пры гэтым сярэдні кошт за кілаграм клубніц трымаўся ўвесь час на ўзроўні 3,5–4 рублёў. Сезон пачаўся позна. Рэалізоўваць ягады пачалі з чэрвеня. Плоданасілі яны яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Аднак не заўсёды сезон праходзіць гладка. Любыя абставіны могуць паўплываць на разлікі фермераў. Таму Дзмітрый Мікалаевіч стараецца падстрахоўвацца, але ці можна прадказаць капрызы надвор’я. Чаго быў варты сёлетні халодны май, а затым невыносная гарачыня!

Асноўныя гатункі, якія вырошчвае Дзмітрый Бойка, — тры, два італьянскія і адзін галандскі. Пры выбары іх фермер арыентуецца на свой густ і попыт сярод пакупнікоў.
— Я ўжо шмат пераспрабаваў, — расказвае ён. — Адзін гатунак пакажа сябе добра ў пэўнай мясцовасці, а іншы — не. Выбіраю, натуральна, каб была салодкай з прыхаванай кіслінкай. Звяртаю ўвагу і на ўмовы транспартавання.
Уборка ягад ажыццяўляецца ўручную. Таму работнікам нядрэнна плацяць па вясковых і гарадскіх мерках. У некаторых, найбольш спрытных і рухавых, заробак дасягае 50 рублёў у дзень. Але фермер гатовы плаціць і болей за якасную працу ў сезон.
— У фермерскай справе галоўнае — людзі, — лічыць Дзмітрый Мікалаевіч. — Ад іх патрабуюцца не толькі працавітасць, старанне, але і вялікая адказнасць за справу, праца толькі на вынік.
Дзмітрый Бойка па адукацыі — юрыст, але ніколькі не шкадуе, што прайшоў цярністы шлях ад прадпрымальніка да фермера.
— Па дакументах я — сталічны жыхар, аднак мае бабуля і дзядуля жылі ў вёсцы — і я з задавальненнем бавіў тут час летам, ведаю сапраўдны смак клубніц з дзяцінства. Ужо тады бачыў, каб вырасціць ягады, трэба перш за ўсё любіць зямлю, а сіл даводзіцца прыкласці шмат. Вось я ўжо прызвычаіўся спаць у час «клубнічнай ліхаманкі» па дзве гадзіны, а стаўку рабіць на вытворчасць экалагічнай прадукцыі. Смак яе — найлепшая рэклама, — падзяліўся Дзмітрый Бойка.
Праўда, сам Дзмітрый больш любіць вырошчваць чарэшню. Аказваецца, і на бярэзінскіх землях яна дае нядрэнны ўраджай. Ды і ў адрозненне ад клубніц патрабуе менш выдаткаў і ручной працы. Кожную вясну квітнее ў яго і яблыневы сад. Ён складаецца выключна з рэдкіх гатункаў замежнай селекцыі.
— А ўсё таму, што рынак яблыкаў такі вялікі, і каб рэалізавацца на ім, трэба чымсьці здзівіць пакупнікоў, — зазначае фермер. — І рабіць гэта трэба як мага хутчэй, каб не апярэдзілі астатнія. Але ў гэтым, напэўна, і тоіцца ўсё задавальненне ад фермерскай справы.
Фермерства, на думку Дзмітрыя Мікалаевіча, — гэта душэўны заклік і вечнае першаадкрывальніцтва. За гэты час ён шмат чаму навучыўся і што асвоіў. Але нягледзячы на пэўны вопыт у справе, і сёння мужчына не лянуецца эксперыментаваць і адшукваць нешта новае для сябе ў сельскай гаспадарцы.


Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *