Чаму жыхары вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі жадаюць жыць на Ленінскай?

Альбо як суаднесці свае жаданні з рэальнымі магчымасцямі мясцовых улад?

Жыхары вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі Зінаіда Аўтуховіч, Марыя Драка і Рэгіна Жорава на мінулым тыдні сустракаліся з прадстаўнікамі Пагосцкага сельскага Савета, райвыканкама, дарожных арганізацый і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Тэму гарачай размовы падказаў артыкул у рэспубліканскім выданні, дзе адзін з вяскоўцаў эмацыянальна скардзіўся на адсутнасць добраўпарадкавання і навядзенне парадку на вуліцы Маладзёжнай. Таму сустрэліся мясцовыя ўлады з вяскоўцамі, каб яшчэ раз на месцы ўдакладніць прэтэнзіі і акрэсліць тэрміны вырашэння праблемных пытанняў.
— Усе выказаныя ў артыкуле і людзьмі праблемы мы ведаем і трымаем на кантролі, — першай пачала размову начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Аскірка. — Яны актуальныя для ўсіх бярэзінцаў, бо тычацца рамонту дарог, якасці пітной вады і навядзення санітарнага парадку. Тут мы строга кіруемся пералікам чарговасці работ па будаўніцтве, рамонце жылога фонду, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, дарог і добраўпарадкавання населеных пунктаў горада і раёна, а выконваюцца запланаваныя мерапрыемствы згодна з фінансавымі магчымасцямі. Толькі ў горадзе тэрмінова патрабуецца адрамантаваць амаль дваццаць ажыўленых вуліц з тысячамі жыхароў.
Толькі вось вясковыя жанчыны ніякіх довадаў прадстаўніка райвыканкама слухаць не жадалі.
— А навошта вы нам гэта расказваеце? — гаварылі жанчыны. — Мы там не жывём і чуць пра чужыя праблемы не жадаем!

Жыхарка вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі Марыя Драка скардзіцца прадстаўнікам дарожнай арганізацыі і райвыканкама на стан дарожнага палатна

Эх, дарогі

Самай балючай тэмай для састарэлых людзей з’яўляецца стан вясковай дарогі, па якой у непагадзь не пройдзеш і не праедзеш. Па іх словах, асфальт на іх вуліцы разбілі вялікія машыны, якія вазілі дарожнікам матэрыялы для земляных работ пры правядзенні рэканструкцыі аўтадарогі Мінск–Магілёў, а потым і начыста забыліся пра яе рамонт. Напэўна, лічаць жанчыны, у сваіх паперах пазначылі, што тут ляжыць асфальтавае пакрыццё, і дзесяць гадоў не рамантавалі яго. Толькі летась восенню пасля шматлікіх скаргаў асфальт зрэзалі і здрабнілі ў асфальтагранулят, разраўнялі грэйдарам, пры гэтым забыўшыся ўтрамбаваць і зрабіць абочыну.
— Гэта не зусім так, — тлумачыць сітуацыю намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Бабура. — У нас агульная працягласць дарог у раёне — 389 кіламетраў, у тым ліку 42 кіламетры з асфальтабетонным пакрыццём, амаль 10 — з гравійным і 13 — з грунтовым. Уявіце сабе маштаб патрэбных рамонтных работ! Таму работы па асфальтаванні дарог мы вядзём паступова, зыходзячы з праезнасці і плана. З планам кожны жадаючы можа пазнаёміцца на сайце райвыканкама і старонках раённай газеты. Складаецца план, зыходзячы з рэальных патрэб людзей. Ці можам мы пакрыўдзіць тых, у каго дарогі значна горшыя, чым у вас, і яны таксама па некалькі гадоў чакаюць сваёй чаргі.
Абяцаю, што, калі пройдзе непагадзь, зробім падсыпку і ўшчыльнім дарожнае палатно.

Злашчасная дарога па вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі, якая, па словах вяскоўцаў, не памятае капітальнага рамонту

А хто прыбярэ на закінутым падворку?

Другое, не менш балючае пытанне для жыхароў вуліцы Маладзёжнай, — гэта пустуючыя закінутыя дамы, якія даўно не памятаюць гаспадароў. Каля такіх будынкаў няма агароджаў, яны палохаюць вяскоўцаў высокім бур’яном і недагледжанасцю. Такіх страшных будынін тут няшмат, але размешчаны яны паблізу балота, адкуль улетку прыпаўзаюць пагрэцца на сонейку змеі.
Апошнія — частыя госці на ганку Зіны Аўтуховіч. Таму жанчына рашуча выступае за знос будынкаў і пастаяннае абкошванне тэрыторый.
— Аднак скардзіцца тут прасцей, чым зрабіць жаданае, — удакладняе старшыня Пагосцкага сельскага Савета Аляксандр Цыбулька. — Трэба прызнаць пабудову пустуючай альбо лядашчай згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 верасня 2018 г. №357. А гэта працяглы працэс і мы яго вядзём. Ды толькі ў Навасёлках такіх будынін па пальцах пералічыць, а па ўсім сельскім Савеце — 86!
Сельвыканкам актыўна адшуквае наследнікаў і гаспадароў закінутых будынін. Летась было накіравана 114 запытаў у розныя ін-станцыі, уключаны ў рэестр лядашчых будынкаў – 5 пабудоў. Па пустуючым доме ў вёсцы Мачаск атрымана паведамленне аб намеры яго выкарыстоўваць, яшчэ 3 аналагічныя дакументы пададзены грамадзянамі. У дадатак да гэтага, уласнікам і спадчыннікам пустуючых дамоў былі накіраваны 18 папярэджванняў аб навядзенні санітарнага парадку на тэрыторыі домаўладанняў.
— Але што зробіш, некаторым гора–гаспадарам куды прасцей скардзіцца, чым прыбраць смецце і скасіць бур’ян на ўласным падворку, — дадае Аляксандр Пятровіч. – Вось на вуліцы Маладзёжнай гаспадары сядзіб далей за ўласную агароджу нічога рабіць не хочуць, а патрабуюць, каб іх тэрыторыю да праезнай часткі абкошвалі работнікі камунгаса. А гэта ж абавязак уласнікаў і іх рэальны ўклад у прыгажосць роднай вёскі.

Чаму пазабіваны калодзежы?

Скардзяцца вяскоўцы і на камунальнікаў. Па віне апошніх вада з водаправода, пракладзенага яшчэ ў савецкі час за сродкі чарнобыльскай праграмы, стала непрыдатнай для піцця, а мер ніякіх не прымаецца. Тут хочацца спытаць бярэзінцаў, ці цячэ з іх кранаў чысцюткая вада і ці не даводзіцца ім змагацца з іржой у ванных пакоях.
— Тут я магу супакоіць жыхароў вуліцы Маладзёжнай і вёскі Навасёлкі ў цэлым, — гаворыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва- камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алена Лешкевіч. – Якасць вашай вады значна лепшая, чым у астатніх населеных пунктах раёна. Ды і вырашыць праблему камунальнікі самастойна не могуць. Першай прыступкай для вырашэння гэтай важнай агульнаабласной і рэспубліканскай праблемы стане будаўніцтва ў раёне станцыі абезжалезьвання, якое запланавана на 2020 год.
Дарэчы, тут мясцовыя ўлады кіруюцца абласным комплексам мерапрыемстваў па забеспячэнні да 2025 года спажыўцоў цэнтралізаванага водазабеспячэння пітной вадой нарматыўнай якасці. Рэалізаваць намечанае плануецца за сродкі абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Згодна з планам, будаўніцтва водаачышчальнай станцыі для 190 жыхароў вёскі Навасёлкі мяркуецца выканаць у 2023 годзе.

Пазабіваныя калодзежы таксама псуюць настрой вяскоўцаў

Ды і не сядзяць мясцовыя ўлады склаўшы рукі ў чаканні лепшых перамен. У Пагосцкім сельскім Савеце, які налічвае 306 квадратных кіламетраў, дзе пражывае 2788 чалавек, зроблена нямала, па мясцовых мерках. Тут заменена агароджа ўздоўж населенага пункта і могілак, прыбіраецца старая агароджа, вядзецца абрэзка і высечка кустоў і дрэў.
Завяршаецца рэкультывацыя палігона цвёрдых бытавых адходаў. Ліквідаваны 56 стыхійных звалак. Актыўна вялася работа па абкошванні расліннасці і добраўпарадкаванні могілак, прыбраны 58 аварыйных дрэў, узараны 21 гектар глебы. Устаноўлены 425 святлодыёдных свяцілень, асвоена на мерапрыемствы па добраўпарадкаванні 35441 рубель. Частка з пералічанага зроблена і на вуліцы Маладзёжнай. Тут пры абмежаваным фінансаванні адрамантавана дарога, гараць 5 ліхтароў. У бліжэйшы час спілуюцца галіны дрэва на падворку Васіля Лапыцькі. Шкада толькі, што жыхары вуліцы Маладзёжнай у сваім жаданні жыць ва ўмовах не горш за вяскоўцаў з вуліцы Ленінскай гэты клопат не цэняць і далей уласнага носа не бачаць.

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Бабура ўважліва слухае заўвагі жыхароў вуліцы Маладзёжнай вёскі Навасёлкі

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *