Чарговая гераіня проекта «Пандусы жыцця» Вольга Караткевіч

Яна ўсё жыццё не чуе і не размаўляе. Але гэта не перашкода быць шчаслівай матуляй дзвюх дачушак, цудоўна вышываць, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах… Адным словам – весці актыўны лад жыцця! Знаёмцеся: Вольга Караткевіч – чарговая гераіня нашага праекта “Пандусы жыцця”.

Прыязджаем у невялікую вёску Мацевічы. Каля ўтульнага падворка нас вітае матуля Вольгі – Ніна Мікалаеўна Самец. Заходзім у дом. Са шчырай усмешкай, бадзёрая, выходзіць насустрач Вольга. Махае нам, усміхаецца, быццам “гаворыць” вачыма, што рада бачыць.

— У мяне цудоўныя матуля, брат і сястра, любімыя прыгажуні-дачушкі. У мяне ёсць любімы занятак. На што можна наракаць?! Хочацца пажадаць людзям, у якіх ёсць пэўныя праблемы са здароўем: ніколі не адчайвайцеся, патрэбна навучыцца цаніць тое, што ў вас ёсць, — заўважае Вольга Караткевіч

— Я шматдзетная матуля, — пачынае гутарку Ніна Мікалаеўна. – У мяне трое дзетак. Першай нарадзілася Наталля. Здаровенькая. Затым – Вольга. І з самага нараджэння нам паставілі страшны дыягназ. У малодшага сына Аляксандра таксама інваліднасць па слыху: але не з дзяцінства, а пасля перанесенага захворвання. Ці складана было гадаваць асаблівых дзетак?! Мала сказаць – складана… Мы вельмі перажывалі, але нічога не зробіш. Сабралі ўсе сілы, як кажуць, у кулак і змагаліся, ды і змагаемся з рознымі жыццёвымі цяжкасцямі. Не ведаю нават, чаму так здарылася. Ні ў маёй радні, ні ў мужа нікога з такім захворваннем не было. А тут такая навіна… Спужаліся… Ды жыццё працягваецца. Шмат працавалі. Я шчыравала загадчыкам мясцовага клуба, затым – даяркай. Хацелася зрабіць усё магчымае, каб дзеці ні ў чым не мелі патрэбы.

Вольга спачатку хадзіла ў спецыялізаваны садок у Бабруйску для глуханямых, а затым там жа вучылася ў школе. Жанчына ўмее чытаць, пісаць. У яе заўсёды пад рукой лісток паперки і ручка, каб напісаць тое, што хочацца сказаць. Мы таксама гутарылі з Вольгай з дапамогай перапіскі: я пісала пытанне, Вольга – адказ.

— А мы дык ужо і без слоў разумеем адзін аднаго, — дадае Ніна Мікалаеўна. – У ход ідуць і жэсты, і міміка… Здаецца, я адчуваю дачушку. Заўсёды ведаю, што ёй неабходна, у чым ёй патрэбна мая падтрымка.

— Менавіта ў спецыялізаванай школе нас навучылі чытаць, пісаць, — заўважае Вольга. — І гэта мне вельмі дапамагае. Я вяду “перапіску” з усімі маімі субяседнікамі.

Самая доўгая “перапіска” – з дачушкамі Дар’яй і Марыяй.

— Але вельмі часта мы таксама разумеем нашу любімую матулю без слоў! Мы яе проста адчуваем, — заўважаюць дзяўчынкі. — Мы ганарымся нашай матуляй. Яна — самая лепшая!

Так, Вольга не сядзіць у чатырох сценах і не сумуе. Яна з задавальненнем вышывае крыжыкам.

— Хто навучыў вышыааць? – “гаворыць” Вольга. — Штосьці падказвае — матуля (яна таксама добра вышывае), ды і ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Бярэзінскага тэрытарыяльнага цэнтра дапамаглі авалодаць гэтым майстэрствам. Галоўнае – настойлівасць, тады ўсяму навучышся.

Заўважаю, што дома ў Вольгі шмат карцін. Большасць – іконы.

— Мне падабаецца вышываць карціны на царкоўную тэматыку. Яны атрымліваюцца такія “цёплыя”, “светлыя”, — зазначае Вольга.

Шмат карцін жанчыны знаходзіцца і ў Бярэзінскім ТЦСАН. Многія – падарыла родным, блізкім, знаёмым. Прыглядаюся да карцін: усе вышыты складанымі ўзорамі…

— Ведаце, Вольга заўсёды выбірае самыя складаныя ўзоры. Яна не любіць рабіць простае, абы зрабіць. А ў кожную карціну ўкладае часцінку душы. Заўсёды стараецца так, каб яе работы былі бездакорнымі, — гаворыць кіраўнік гурткоў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Юлія Чысцякова. – У Вольгі моцны, валявы характар. Яна ніколі не кідае справу незавершанай, як бы складана ёй ні было…

— Проста хачу, каб мае карціны радавалі людзей, — дадае Вольга. – Таму і хочацца ўсё выконваць бездакорна.

Аказваецца, Вольга не толькі майстрыха, але яшчэ і … спартсменка. Да прыкладу, у гэтым годзе ўдзельнічала ў II Міжрэгіянальнай Па-ралімпіядзе, якая прайшла ў Чэрвені. У спаборніцве па лёгкай атлетыцы заняла другое месца!

— Я актыўны чалавек! Не люблю сядзець на месцы, пастаянна ў руху. Люблю бегаць. І калі прапанавалі з цэнтра паўдзельнічаць у Паралімпіядзе, вядома, ж пагадзілася! – тлумачыць Вольга. — І было вельмі прыемна, што я заняла другое месца ў асабістым заліку, а наша каманда – таксама другое!

Удзельнічала Вольга і ў іншых спаборніцтвах, дзе неаднаразова была ў ліку пераможцаў. Дома ўжо шмат медалёў. А побач з медалямі – дыпломы дачушак!

— Ганаруся маімі дачушкамі! Яны – мая надзейная падтрымка і апора. Не ўяўляю сваё жыццё без дзвюх маіх зорачак.

Старэйшая Дар’я – вучаніца 11 класа, малодшая Марыя – 10. Абедзве добра вучацца. І гэтак жа, як і матуля, бабуля, творчыя і спартыўныя.

— Са школьных прадметаў мне больш за ўсё падабаецца матэматыка. З задавальненнем гуляю ў шахматы. Удзельнічаю ў розных спартыўных спаборніцтвах, — заўважае Марыя. – Ды і вышываць умею – навучылі матуля і бабуля. Але, каб добра вышываць, патрэбна шмат часу. А яго, як заўсёды, не хапае. Неабходна вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца, каб атрымаць добрую адукацыю.

— І мне таксама падабаецца матэматыка, — дадае Дар’я. — Але пакуль не вызначылася, куды буду паступаць.

— Галоўнае, не куды паступяць, дзе будуць працаваць, куды важней, каб былі людзьмі! Я заўсёды нагадваю дачушкам, што неабходна быць добрымі, міласэрнымі, паважаць старэйшых і падтрымліваць адзін аднаго!

І, сапраўды, адчуваецца, што гэта сям’я вельмі дружная.

— Мы разам, мы ёсць адзін у аднаго. У гэтым наша моц.
Я да бясконцага ўдзячна матулі за падтрымку, любоў, ласку, пяшчоту… На жаль, я не чую, не размаўляю, але гэта не нагода быць абыякавым да жыцця, сумаваць, адчайвацца. За столькі гадоў я прывыкла да таго, што я крыху не такая як усе. Але ў гэтым жа ёсць і свае станоўчыя бакі. Я бачу, умею пісаць, чытаць… У мяне цудоўныя матуля, брат і сястра, любімыя прыгажуні-дачушкі. У мяне ёсць любімы занятак. На што можна наракаць?! Хочацца пажадаць людзям, у якіх ёсць пэўныя праблемы са здароўем: ніколі не адчайвайцеся, патрэбна навучыцца цаніць тое, што ў вас ёсць.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Чарговая гераіня проекта «Пандусы жыцця» Вольга Караткевіч: 1 комментарий

  • 21 ноября 2020 в 10:01
    Permalink

    Спасибо за такие материалы! Они учат нас быть сильными

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *