Чарговы прыём грамадзян старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.М. Бабічавым адбыўся ў аг. Косаўка

Жыцця без праблем не існуе. Асабістыя, рабочыя, грамадскія… На жаль, далёка не з усімі чалавек можа справіцца і разабрацца сам. Для іх выяўлення і дапамогі ў вырашэнні ў нашай краіне існуе нямала ўстаноў і форм работы. Адна з іх — выязны прыём грамадзян старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.М. Бабічавым. Чарговы з іх адбыўся на мінулым тыдні ў аграгарадку Косаўка.
Першай на прыём прыйшла Ларыса Іванаўна Палянская. Хвалявалі яе не асабістыя пытанні, а праблемы многіх аднасяльчан. Па-першае, гэта аднаўленне ранейшага графіка работы мясцовага паштовага аддзялення. Справа ў тым, што пры ранейшым рэжыме яго работы людзі паспявалі намнога больш правесці грашовых аперацый, і не было неабходнасці для гэтай мэты ездзіць у Беразіно і потым “на перакладных”, спадарожным транспартам, вяртацца назад. Аналагічная сітуацыя і з цырульніцкімі паслугамі. Зараз, калі ў аграгарадку зачынілі КПП і сюды перасталі прыязджаць спецыялісты, стрыгчыся і рабіць прычоскі можна толькі ў райцэнтры.
У ліку мясцовых праблем, якія закранула Л.І. Палянская, кепскі стан вуліцы Кастрычніцкай, а таксама неабходнасць пабудовы пераезду праз ручай на вуліцы Народнай.
Пра нездавальняючы стан названай вуліцы гаварыў і Ігар Віктаравіч Булгак. Ён, інвалідкалясачнік, як ніхто іншы адчувае на сабе падчас руху кожную яміну і няроўнасць пакрыцця дарогі. А яшчэ малады чалавек папрасіў старшыню райвыканкама пасадзейнічаць у адрэгуляванні напружання электрычнага току ў дамах па Кастрычніцкай вуліцы.
Узнятыя ў ходзе прыёму грамадзян пытанні, старшыня райвыканкама А.М. Бабічаў узяў на кантроль. Акрамя таго, ён разам з намеснікам старшыні райвыканкама С.Л. Бабурам і дырэктарам ААТ “Бярэзінскі” М.П. Грынкевічам выязджалі непасрэдна на месца – на вуліцы Кастрычніцкую і Народную, каб там увачавідкі вызначыць аб’ём неабходных работ.
У той жа дзень А.М. Бабічаў азнаёміўся з работай Косаўскіх Дома культуры і бібліятэкі.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *