Чарговым адрасам правядзення акцыі “Наш жывёлавод” на Бярэзіншчыне стала ААТ “Багушэвічы”

Не лепшым чынам склалася летась у гаспадарцы сітуацыя ў гэтай галіне, чаму існавала нямала аб’ектыўных прычын. Па выніках 2019 года тут атрымалі па 2348 кілаграмаў малака на карову, а сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы дасягалі толькі 280 грамаў. Спыніць падзенне вытворчых паказчыкаў і дасягнуць іх прыросту ў бліжэйшы перыяд – такую мэту перад сабой і працаўнікамі ферм ставіць новы дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Толкач.

Загадчыца МТК “Багушэвічы” Арыся Рымік, дырэктар ААТ “Багушэвічы Анатоль Толкач, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Святлана Саколіна і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч у час правядзення акцыі

І ўжо першы месяц года паказаў, што гэтая задача вырашаецца. Так, за студзень валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 119% да снежня мінулага года. Стабілізацыі сітуацыі садзейнічаюць многія фактары, сярод якіх не толькі аптымізацыя рабочых кадраў, а і наяўнасць у рацыёне жывёлы камбікармоў, узмацненне вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, больш адчувальная залежнасць ад канчатковых вынікаў работы, запрашэнне на работу ў якасці ветурача сёлетняга выпускніка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі і г.д. Да таго ж, Анатоль Вікенцьевіч плануе гэтымі днямі арганізаваць паездку для сваіх работнікаў у адну з гаспадарак Мінскага раёна, дзе атрымліваюць па 17 літраў малака на карову, для пераймання перадавога вопыту і ўкаранення яго ў сябе.

— За апошнія тры гады мы найбольш прадукцыйна папрацавалі ў 2017-м, — расказвае Анатоль Толкач. – Таму найпершая задача выйсці на паказчыкі таго перыяду. Для гэтага неабходна сярэдні ўдой ад каровы давесці да 10 кілаграмаў і прыплюсаваць на 1200 кг па выніках года. Падобнае рэальна, як і атрыманне прыбаўлення ў вазе БРЖ па 650 грамаў на канец года. Не сакрэт, што прадукцыя жывёлагадоўлі – пастаянная крыніца атрымання грашовых сродкаў. Пры цяперашніх цэнах на малако вышэйшых сартоў (а каровы малако дрэннай якасці ніколі не даюць, яна залежыць толькі ад старання працаўнікоў) мы зможам палепшыць фінансавае становішча і зрабіць яго больш-менш стабільным.

Таццяна Калеснікава – адна з лепшых даярак МТК “Багушэвічы”

Аператары на дарошчванні БРЖ фермы “Матылянка” Тамара Лепяшко і Тамара Каробкіна

Сапраўды, поспех любой справы заўсёды залежыць ад людзей. Нямала вопытных і адказных працаўнікоў занята на чатырох жывёлагадоўчых аб’ектах ААТ “Багушэвічы”. Так, цэнтральнымі фігурамі малочнатаварнага комплексу “Багушэвічы” з’яўляюцца даяркі ДМБ Таццяна Калеснікава, Алена Няхай і Ірына Няхай, якія стаяць ля вытокаў“вялікага” малака гаспадаркі. Не ў меншай ступені імкнуцца да высокіх надояў і работнікі МТФ “Якшыцы”. Нягледзячы на тое, што тут няма даільнай залы, на ферме атрымліваюць малако класа “экстра”. У ліку лепшых працаўнікоў кіраўнік гэтага дружнага калектыву з 13 чалавек Анжаліка Малашкевіч называе братоў-дояраў Генадзя і Станіслава Нехаёў, прычым, Генадзь заняты на раздоі першацёлушак.

Аператары па адкорме БРЖ фермы “Высокая Гара” Галіна Няхай і Ганна Корык

Аператар на дарошчванні БРЖ фермы “Матылянка” Алеся Шпак

Яшчэ на дзвюх фермах сельгаспрадпрыемства, у вёсках Высокая Гара і Матылянка, утрымліваецца буйная рагатая жывёла. Асноўны цяжар работы па дарошчванні маладняку кладзецца на матылянскіх жанчын Тамару Лепяшко, Тамару Каробкіну і Алесю Шпак. Менавіта яны з’яўляюцца аператарамі па доглядзе жывёлы. А вось высакагорскую ферму абслугоўваюць усяго тры чалавекі – вартаўнік Аляксандр Няхай і аператары па адкорме БРЖ Галіна Няхай і Ганна Корык.

Ад майстэрства і працавітасці кожнага з работнікаў залежыць агульны плён усяго калектыву гаспадаркі. Падтрымаць іх добрым словам і падарункамі, выявіць і вырашыць наспелыя пытанні і заклікана прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”.

Калектыў МТФ “Якшыцы” на чале з яе загадчыцай Анжалікай Малашкевіч (трэцяя справа)

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *