Чым пагражаюць начныя прыгоды непаўналетніх

У дзяжурную часць міліцыі звярнуліся адразу дзве жанчыны. Яны паведамілі міліцыянерам, што іх непаўналетнія дачушкі напярэдадні пайшлі з дому і дагэтуль іх месцазнаходжанне невядома. Куды маглі адправіцца 13- і 14-гадовая дзяўчынкі?
Аператыўна было ўстаноўлена, што юныя вандроўніцы раніцай выйшлі з дому і вечарам адправіліся са знаёмымі ў аграгарадок Капланцы. Там дзяўчынкі правялі ноч, а затым раніцай на спадарожным транспарце вярнуліся ў дом адной з іх. Там іх і сустрэлі вартавыя правапарадку.
Дзяўчынкі расказалі міліцыянерам, што дом пакінулі па добрай волі і ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да іх не было. Пад распіску юныя вандроўніцы былі перададзены бацькам.
— На развітанне бацькам і дзецям міліцыянеры нагадалі, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапа-рушэнняў непаўналетніх”, дзеці ва ўзросце да 16 гадоў не могуць знаходзіцца на вуліцы з 23 гадзін ночы да 6 гадзін раніцы без нагляду дарослых, — расказала ўчастковы інспектар міліцыі Алена Сахончык. — За гэта напрамую адказваюць бацькі, якім за невыкананне абавязкаў па суправаджэнні альбо незабеспячэнні суправаджэння дзяцей пагражае адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе папярэджвання альбо штрафу ў памеры ад 2 да 5 базавых велічынь. Спадзяёмся, інфармацыя будзе карыснай і прымусіць бацькоў больш пільна сачыць за сваімі дзецьмі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *