Чым закончылася бойка ў Крапіўні?

Нядаўна ў раённы аддзел унутраных спраў звярнулася жыхарка вёскі Крапіўня. На сваім двары жанчына застала акрываўленага суседа.
У ходзе разбору высветлілася, што збіты мужчына выпіваў са сваім родным братам у суседнім двары. Пасля чаркі-другой браты спачатку
паспрачаліся, а потым кінуліся ў бойку. Апошнім аргументам у братэрскай спрэчцыстаў нож, якім адзін з мужчын нанёс свайму апаненту некалькі рэзаных ран у перадплечча абедзвюх рук.
Праўда, больш нічога з той сустрэчы пацярпелы і яго крыўдзіцель не памятаюць. Ды і пісаць заяву ў міліцыю намеру не маюць: усё ж такі браты!
— Па факце братэрскай бойкі была праведзена праверка, — тлумачыць сітуацыю намеснік начальніка аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку раённага аддзела ўнутраных спраў Вадзім Сакаў. — З братамі праведзена прафілактычная работа, якая павінна прымусіць іх зменшыць дозу ўжывання спіртных напояў і прыглушыць агрэсію. На дзіва, браты пагадзіліся з ушчуваннямі і паабяцалі ў наступны раз не хапацца за нажы. Пакуль падстаў не верыць ім няма.
Не лішнім будзе зрабіць вывады і іншым аматарам моцных напояў, якія ў п’яным запале здольны на розныя “подзвігі”. Не дай Божа, не саўладаеце з эмоцыямі і ўчыніце трагедыю. Таму лепшая рэкамендацыя: ведаць усяму норму і шанаваць сваякоў, каб не было ім балюча і вам не прыйшлося несці крыж усё жыццё?

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *