Ці лёгка жывецца банкірам? Альбо Некалькі парад ад прафесіяналаў

Пагадзіцеся, што амаль кожны з нас хоць аднойчы ў жыцці задумваўся аб тым, як працуецца ў банку, прымяраў ролю банкіраў і ўяўляў сябе амаль без пяці хвілін Ракфелерам? Але што на самой справе хаваецца за прыгожым фасадам, сучасным дызайнам інтэр’ераў і яркай уніформай? На чым трымаецца прэстыж банкаўскай справы? Якія бонусы і падводныя камяні падрыхтаваны для тых, хто захоча звязаць жыццё з названай сферай?

Пра ўсё гэта не па чутках ведаюць Ларыса Медушэўская і Ірына Шпакоўская, якія ў нашым горадзе ўзначальваюць цэнтры банкаўскіх паслуг вядучых банкаў краіны “Беларусбанк” і “Аграпрамбанк”. Яны прафесіяналы і ўжо шмат гадоў дэманструюць адданасць выбранай справе. Іх мы папрасілі адказаць на шэсць пытанняў пра важнае.

  1. Для Вас праца ў банку — даўняя мара ці выпадковасць?
  2. Назавіце якасці, найбольш важныя для банкаўскага работніка.
  3. У кожнай прафесіі ёсць свае плюсы. У вашай сферы яны якія?
  4. А мінусы ў працы банкаўскага работніка ёсць?
  5. Аб чым марыць банкір?
  6. Чаго пажадаеце ўсім, для каго Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў — прафесійнае свята?

Ірына Шпакоўская:

1 Быць банкаўскім работнікам не марыла, бо мая першая адукацыя інжынерная: скончыла Беларускі політэхнічны ўніверсітэт, затым завочна вывучылася на эканаміста. Першым месцам працы стаў «Беларусбанк», дзе я асвоіла ўсе азы банкаўскай прафесіі. Тады і нават цяпер не ўяўляю сябе ў іншай сферы. Банк — гэта ўсё маё свядомае жыццё.

2 Якасці, найперш патрэбныя банкаўскаму работніку, — сумленнасць, прыстойнасць, прафесіяналізм і пастаяннае самаўдасканальванне. Наіўна думаць, што банкаўская галіна стаіць на месцы. Гэта не так: яна пастаянна развіваецца і прапануе сваім кліентам усё новыя і новыя паслугі. Таму не абысціся без працавітасці. За час работы ў банку давялося перажыць шмат складаных момантаў. І толькі дзякуючы зладжанай працы ўсіх спецыялістаў, нам удавалася вырашаць усе пастаўленыя задачы. Таму не менш важнае яшчэ — працаваць у камандзе і беражліва ахоўваць рэпутацыю банка. Толькі тады можна разлічваць на давер кліентаў да банкаўскіх прадуктаў.

3-4 Работы шмат — гэта мінус, але яна розная — гэта плюс. Таму трэба мець шырокі кругагляд і грунтоўныя веды. Яшчэ ў нашым банку вельмі добры сацыяльны пакет, які ахоплівае ўсе сферы жыцця: і магчымасць павышэння кваліфікацыі, і медыцынскае абслугоўванне, і адпачынак, ды і нельга забывацца пра кар’ерны рост. Аднак крыўдна бывае, калі некалькі месяцаў вучыш маладога работніка, а ён прызнаецца, што яму цяжка спраўляцца са сваімі абавязкамі і звальняецца. Таму тых, хто думае, што ў банку працуецца лёгка, магу запэўніць, вы памыляецеся.

5 Не паверыце, але я вельмі хачу сабе электронны пярсцёнак для безнаяўных плацяжоў. Рэч гэта зручная ў абыходжанні, але далёка не танная. Дарэчы, я аматар розных банкаўскіх навацый. Але ў асноўным мару пра звычайнае сямейнае шчасце. Я ж не толькі банкір, але і матуля двух сыноў, гаспадыня дома.

6 У нашай сям’і няма традыцыі адзначаць прафесійнае свята за навагоднім сталом. А што тычыцца віншаванняў, зычу ўсім моцнага здароўя, паспяховых пачынанняў, сямейных і кар’ерных, няхай ваша жыццё напоўніцца яркімі падзеямі і выдатнымі навінамі. Хай добрае, што здарылася летась, памнажаецца, ператвараючы мары ў рэальнасць, а памкненні — у дасягненні. Ды і галоўная парада ад банкіраў: не бойцеся рызыкаваць і вучыцеся граматна ўкладваць свае сродкі. Гэтыя веды і ўменні ніколі не будуць лішнімі ў наш высокатэхналагічны час.

Ларыса Медушэўская:

1 Я магу шчыра сказаць, што марыла стаць банкірам нават тады, калі сутнасць гэтай прафесіі большасць людзей яшчэ не зусім разумела. Дзеля гэтага выдатна вучылася ў школе, аднак… вырашыла атрымаць спецыяльнасць тэхнолага. На працу ў банк мяне запрасіў тагачасны яго кіраўнік, бо я сярод нямногіх банкаўскіх работнікаў мела вышэйшую адукацыю. Пачынала працаваць звычайным касірам у аперацыйнай частцы, якая размяшчалася ў будынку бібліятэкі. І сёння, праз дваццаць шэсць гадоў, выбарам прафесіі цалкам задаволена, бо знайшла сваё прызванне ў банкаўскай справе, не здрадзіла традыцыям нашага банка і маю армію паслядоўнікаў.

2 Працавітасць, адказнасць, добразычлівасць, стрэсаўстойлівасць, спагада да людзей і ўменне знаходзіць выйсце з любой нечаканай сітуацыі. А яшчэ — настойлівасць, каб ісці да пастаўленай мэты, здольнасць успрымаць вялікі аб’ём інфармацыі і ўменне трымаць сябе ў руках.

3 Несумненны плюс для кожнага банкаўскага работніка, хто заняты непасрэдна з кліентамі, — разнастайнасць у працы. Загадзя падрыхтавацца немагчыма. Ніколі не ведаеш, з якім пытаннем звернецца кліент, якой аперацыі яно будзе тычыцца, ды і ў якім настроі будзе гэты чалавек. Так што бывае складана, але эмацыянальнае выгаранне па прычыне руціны ў банку нікому з работнікаў не пагражае. Ну і наша праца развівае: у нечым робішся смялейшым, у нечым — больш кансерватыўным. Вядома, добра, што працуем у офісе — тут утульна і камфортна.

4 Іншы раз бывае складана знайсці падыход да кліента, асабліва калі ён адразу настроены негатыўна. Але, можа, гэта і не мінус зусім, а магчымасць для самаразвіцця. Тут робішся крыху псіхолагам: з парога аналізуеш, як настроены чалавек і як лепш з ім сябе паводзіць, каб зносіны былі канструктыўнымі. Да мінусаў можна аднесці ненармаваны рабочы дзень. Банк спыняе працу з кліентамі ў 18 гадзін, але ж гэта не значыць, што мы адразу ідзём дадому…

5 Аб чым мару? Магу сказаць смела, каб як мага больш людзей далучыліся да безнаяўных разлікаў і маглі седзячы дома рабіць розныя плацяжы і здзяйсняць банкаўскія аперацыі. Гэта зменшыць чэргі, максімальна засцеражэ ад каранавіруса і крыху наблізіць людзей да прагрэсу. Я сама люблю вучыцца, асвоіла ваджэнне аўтамабіля, падабаецца сустракацца з сябрамі, роднымі, сваякамі, адпачываць разам, гатаваць і быць гасціннай гаспадыняй у сваім доме.

6 Упэўненасці ва ўласных сілах і выбраным шляху. Няхай 2021 год стане новым этапам у дасягненні намечанага, а поспех спадарожнічае ва ўсім. Здароўя, міру, высокай працаздольнасці, цярпення, удачы і сямейнага дабрабыту!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *