Ці працуюць старадаўнія прыкметы ў наш час? Высвятляў наш карэспандэнт

14 кастрычніка адзначаецца адно з папулярных народных свят восені – Пакровы. У Рэспубліцы Беларусь яшчэ адзначаецца Дзень маці, што невыпадкова прыпадае і на рэлігійнае свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы. З дзяцінства памятаю словы сваёй бабулі: “Маці Божая, пакрый нас святым Тваім покрывам і барані нас ад усякага зла!” А якія прыкметы ад бацькоў і бабуль ведаюць
сённяшнія маладыя людзі?


Маргарыта Хаметшына разам са сваім мужам Віктарам нядаўна набылі і абсталёўваюць уласны дом у вёсцы Марціянаўка. Месца гэта, сапраўды, унікальнае для кожнага бярэзінца. Тут на полі гаспадаркі стаіць дуб. На ім лісце распускаецца вельмі позна — і завецца ён сярод мясцовых за гэта “ільняным”. Тут штогод наладжваецца 21 студзеня адноўлены работнікамі Новінскага сельскага Дома культуры народны абрад “Цягнуць Каляду на дуба”. Ён лічыцца нематэрыяльнай каштоўнасцю Беларусі.
— Гэта вельмі сімвалічна, — лічыць Маргарыта Аляксандраўна, — бо вёска Марціянаўка дагэтуль зберагае свае традыцыі. Тут доўгі час жылі бярэзінскія стараверы, людзей дагэтуль хаваюць на двух могілках, зараз большая частка жыхароў займаецца агародніцтвам і садаводствам, трымае вялікую хатнюю гаспадарку. Ды і памятаюць дагэтуль старажылы, як некалі ладзіліся тут Пакроўскія кірмашы. Гандаль ішоў бойкі — ад дранак на дах да вырашчанага ўраджаю, і людзей збіралася процьма. Жылі тут майстры, якія лепш за іншых маглі накрыць дах.
Усё гэта маладая жачына ведае не толькі па размовах і ўспамінах вяскоўцаў. Яна вучыцца, вывучае народныя спевы ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, працуе ў раённым цэнтры рамёстваў і ў Новінскім СДК, цікавіцца абрадамі і святамі бярэзінскіх вёсак.
14 кастрычніка лічыцца пераломным момантам у жыцці прыроды і ў гаспадарцы. Пакровы – першы надыход маразоў, холаду, снегу, прымаразкаў – своеасаблiвая мяжа памiж восенню i зiмой. Да Пакроваў звычайна завяршалі ўсе работы ў полі і садзе, уцяплялі жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пасля Пакроваў у сялянскім жыцці пачынаўся новы цыкл работ – нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманне і г.д. У гэты дзень у залежнасці ад прыродных умоў жывёле скормлівалі пажынальны сноп. Людзі казалі: “На Пакровы дай сена карове”.
Здаўна лічылася, што на Пакровы зіма закрывае лета, а Бог “запячатвае зямлю, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў”. З Пакроваў нельга было ўжо кранаць зямлю. Нездарма ж некаторыя з нас узгадваюць прымаўку “Не чапай зямлю да Радаўнiцы i пасля Пакроваў, смерць будзе ў тваiм родзе”. Асаблiва гэта тычылася закладкi падмурка, будаўнiцтва агароджаў, тыну, нават усталяванняў помнiкаў на могiлках.
Затое Пакровы распачыналі сезон вяселляў. Нездарма ў замужніх кабет павінна быць “пакрытая” галава, а дзяўчаты хадзiлi з непакрытай. Дзяўчаты, якiя верылi ў сiлу свята Пакроваў, iх здольнасць пасадзейнiчаць шлюбу, напярэдадні варажылі на замужжа. Набіралі ў фартух апалае лісце, а пасля вытрасалі з прыполу: “куды вецер панясе, туды і замуж ісці”. Таксама ў гэты кастрычніцкі дзень пяклі салёныя блінцы і перад сном з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і даў вады той, хто наканаваны лёсам. З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі свята Пакроваў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): “Пакровы прыйдуць – дзеўцы галаву накрыюць”.
На Пакровы абавязкова пяклi. Лiчылася, што дзякуючы гэтаму, сям’я ўдала перазiмуе. Гэты абрад так i звалi – “запякаць вуглы”, што значыць зберагчы, захаваць сям’ю, хату, гаспадарку.
З дзяцінства большасці з нас вядомы народныя прыкметы пра надвор’е, якія згадвалі старэйшыя. Вось некаторыя з іх:
— Калі да Пакроваў снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу.
— Якое надвор’е на Пакровы, такое будзе і ўсю зіму да вясны.
— Калі да Пакроваў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні.
— На Пакровы да абеду восень, па абедзе – зiма.
— Калi снег да Пакроваў пойдзе – зiма будзе не хутка.
— Калi да Пакроваў жоравы адляцяць – зiма будзе ранняя i халодная.
— Калi лiсце з дуба i бярозы на Пакровы ападзе чыста – да лёгкага года, а не ападзе – да халоднай зiмы.
— Ад першага снегу да саннага шляху — шэсць тыдняў.
— Якое надвор’е на Пакровы, такое i на Ражство.
— Асабліва ж уважліва на Пакровы сачылі за ветрам: з якога ён боку быў у гэты дзень, з такога ён павінен дзьмуць і ўсю бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач – холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы – мяккую,
гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер – зіма будзе маласнежная, заходні – наадварот, вельмі снежная.
І яшчэ, на Пакровы ладзіліся ўрачыстыя вясёлыя кірмашы, дзе прадавалася ўсё, што Бог даў у гаспадарцы ў гэтым сезоне, і набывалася неабходнае на зіму. Час ідзе, жыццё мяняецца, а традыцыі Пакроўскіх кірмашоў засталіся.
— Яны будуць жыць, пакуль людзі будуць рупіцца на зямлі, жыць з уласнага мазаля і па боскіх законах, — гаворыць дырэктар Но-вінскага СДК Святлана Клімовіч. — А як жа працаваць на зямлі і не прасіць літасці ў надвор’я. Таму руплівы гаспадар заўсёды ў прыкметы верыць! А каб яму дапамагчы, маладая сям’я Хаметшыных плануе ў бліжэйшыя гады наладзіць тут сіламі марціянаўцаў слаўны Пакроўскі кірмаш!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *