Ці святкуеце вы Стары Новы год?

Ніводнае свята не адзначаецца за год двойчы, выключэнне – Новы год, які па даўняй традыцыі сустракаецца па старым і новым каляндарным стылі. Вам слова, бярэзінцы!

Наталля БУКО:


— Калі нашая сям’я жыла па старым адрасе, вакол былі вельмі актыўныя ў плане святкавання Новага года жыхары.
Усе вельмі грунтоўна рыхтаваліся, чакалі калядоўшчыкаў у госці. У нас абавязкова былі цукеркі, пячэнне, садавіна для дзетак, якія прыходзілі калядаваць. Аднак не проста так: заўжды прасілі расказаць верш ці праспяваць калядную песню. І ўсе спявалі! Бывала, што некалькі разоў заходзілі розныя дзеці. Зараз на новым месцы падобнага не назіраецца. Аднак мы ўсё адно накрываем стол, збіраемся сям’ёй, успамінаем былыя традыцыі, як нас бацькі вучылі раней.

Уладзімір МІГАЛЬ:


— А я ніколі не адзначаю ніякія святы. Гэта, можна сказаць, прынцыповая пазіцыя, такія ўласныя перакананні. Спытаецеся: чаму? Мабыць нават і таму, што на святы часта выпадае працаваць, такая ўжо прафесія і род заняткаў. Працую ў Мінску. Вось нядаўна ў Мінску на Нямізе абрынуўся мост, як бадай усе ўжо ведаюць з навін, мяркую, нашая арганізацыя будзе далучана да рамонту, а там ужо па графіку давядзецца шчыраваць да завяршэння. Так што неяк не да свят.

Галіна КРОТАВА:


— Цудоўна, што да мяне звярнуліся! Хоць я і не люблю дужа сябе афішыраваць, але ж любімая газета, заўсёды яе выпісваю і чытаю, нельга адмовіцца ад сацыяльнага апытання. Зразумела, з задавальненнем сустрэнем Стары Новы год як след, тут ужо інакш нельга. Адзначым, як усе людзі, збяромся за сталом, падумаем кожны пра сваё, пра агульнае і пра перспектывы. Усё ж Новы год, новыя надзеі.

Алена СІНЯК:


— Вядома, Стары Новы год трэба адзначыць! Чакаюцца і калядоўшчыкі, зазвычай прыходзяць дзеткі, стараюцца, каб добра вершык расказаць, ці калядную песеньку выканаць. У нас ужо падрыхтаваныя сувеніры-падаруначкі ў выглядзе пячэння, цукерак, апельсінаў, сок у маленькіх пакеціках. Бывае, што і капеек насыплем калядоўшчыкам.
Добрыя традыцыі, навошта ад іх адмаўляцца? Уласна мне падабаецца!

Крысціна ЗАБАНЖАЛА:


— Як усякае падобнае свята, Новы год і стары гэта падзея сямейная. Жывём у прыватным сектары. Асабіста я зараз у адпачынку па даглядзе за дзіцём, таму для дзетак гэта свята мае асаблівае значэнне. Наогул жа як і ўсе: запросім гасцей, збяромся за сталом, адзначым з радасцю і задавальненнем.

Сяргей БЫЧКОЎСКІ:


— Дык жа традыцыя добрая: як гэта не адзначыць Стары Новы год? Сямейнае свята. Збяромся разам, павіншуем адзін другога, дзетак, бабулю, дзядулю, адзначым, абавязкова з падарункамі. Пра святы нельга забывацца, нягледзячы на работу і на вялікую колькасць разнастайных спраў. Бо справы справамі, а знаходзіць час збірацца сям’ёй на свята таксама варта і неабходна.

Мікалай КАРОБКІН:


— Гэта наша традыцыя і практычна святое – сустрэць і адзначыць Стары Новы год. Калядоўшчыкі да нас часам заходзяць, таксама радасная справа. Звычайна сустракаем як можам, на стол выстаўляецца ў каго што ёсць. Для калядоўшчыкаў – цукеркі, яблыкі. Галоўнае ў гэтым свяце – магчымасць сабрацца з роднымі.

Анатоль ПЯТРЫКІН:


— Нашы добрыя славянскія традыцыі – святкаваць Новы год два разы. Наогул за зіму выпадае столькі свят адзначаць, што часам цяжка нешта сказаць, але ж Новы год, Стары Новы год, – гэта асобная гутарка. Радасць галоўная: сустрэча з блізкімі за адным сталом. Вось за што можна шанаваць гэтае свята.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *