Ці варта пераходзіць на электраацяпленне? Парады спецыяліста

Хуткі пуск першага энергаблока БелАЭС «ставіць пад напругу» не толькі адпаведныя службы, але і насельніцтва. Цяпер з’явіцца магчымасць максімальна выкарыстоўваць электрычнасць на вытворчыя і бытавыя мэты. Перавагамі гэтага віду энергіі жадае скарыстацца ўсё больш беларусаў, сярод іх нямала жыхароў нашага раёна. Невыпадкова ўведзены стымулюючыя тарыфы на спажыванне электрычнасці для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, праўда, пры асобным уліку.

У Бярэзінскі раён электрасетак паступае шмат пытанняў наконт пераходу на электраацяпленне. Пацікавіўся гэтым і карэспандэнт раённай газеты. На актуальныя пытанні адказвае галоўны інжынер Бярэзінскага РЭС Уладзімір Несцяровіч.
— З чаго пачынаць?
– З заявы ў тэрытарыяльныя падраздзяленні ар-хітэктуры і будаўніцтва або да галоўнага архітэктара раёна, якія накіроўваюць запыт у РЭС для ўдакладнення, ці ёсць тэхнічная магчымасць (рэзервовая магутнасць на падстанцыі) падключэння дадатковага электраабсталявання дома да электрасеткі.
Большая частка энергасістэмы ў нашай мясцовасці ўзведзена яшчэ ў савецкі час, да 2019 года электрасеткі праектаваліся без уліку нагрузкі на электракатлы, калі нормай спажывання было прыкладна 2,1 кВт на гаспадарку (сядзібу). Цяпер нагрузка рэзка павялічылася. Таму магчымасць падключэння электракатлоў у большай частцы населеных пунктаў Бярэзінскага раёна адсутнічае. Ці вытрымае яе лінія, падстанцыя на ёй? Таму спецыяліст выедзе на месца, зробіць разлікі і не пазней за пяць дзён напіша заключэнне.
Аднак звяртаю ўвагу на два моманты. Першы – ільготны тарыф прадастаўляецца пры абавязковай наяўнасці дзвюх паслуг: ацяплення і гарачага электраводазабеспячэння (яшчэ раз падкрэслю, пры асобным уліку). Другі – магутнасць катла і воданагравальніка, іх мадэлі вызначае сам домаўладальнік. Кацёл павінен спажываць не больш за 1 кВт на 10 квадратных метраў абаграваемай плошчы. Мы ж, спецыялісты раёна электрасетак, рэкамендацыі па гэтым пытанні не даём. Толькі падкрэсліваем: электракацёл павінен быць з раўнамернай рэгуліроўкай магутнасці без перакосу фаз ці з аўтаматыкай выбару фаз.
— Якая верагоднасць, што заключэнне будзе станоўчым?
– У 2019 годзе мелі 303 звароты, дадзены дазвол — на 90.
— Які наступны крок на шляху да электраацяплення?
– Трэба звярнуцца ў РЭС ці іншую арганізацыю, якая мае ліцэнзію на правядзенне электрамантажных работ, каб заключыць дагавор на падключэнне трохфазнага ўводу. Пасля чаго будуць вызначаны прыкладны кошт работ і іх тэрміны. Ажыццяўляюцца яны па праектах на знешняе электразабеспячэнне, якія распрацоўваюць электрасеткі.
У адпаведнасці з праектам, РЭС закажа шчыт уліку электраэнергіі. Пры заключэнні дагавора трэба ўнесці перадаплату.
— Што яшчэ варта ведаць тым, хто выбірае электраацяпленне?
— Тут хачу паведаміць, што сёлета плануецца правесці рэканструкцыю электрасетак для магчымасці падключэння электракатлоў у населеных пунктах Капланцы і Жарамец.
— А ці гатовы да попыту на электраабсталяванне прадаўцы бытавой тэхнікі?
— Думаю, яны гатовы, бо ўжо прапануюць жадаючым для пачатку найбольш танныя варыянты катлоў.

Гутарыла Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *