Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Успаміны старажыла — жыхара Шавярніч Сямёна Наскаўца

Мінула 75 гадоў, як фашысцкая Германія падпісала капітуляцыю пасля крывавых падзей Вялікай Айчыннай вайны. Многія краіны, дзякуючы подзвігу народаў Савецкага Саюза, атрымалі свабоду, людзі пачалі аднаўляць мірнае жыццё. Сярод бярэзінцаў таксама ёсць сведкі той сівой даўніны. Жыхар Шавярніч, Сямён Наскавец, мае паважаны ўзрост — 98 гадоў. І хоць ён не прымаў удзел у баявых дзеяннях, але столькі жахаў у вайну нацярпеўся!

Нарадзіўся Сямён Міронавіч у сям’і калгаснікаў. У яго было два браты: старэйшы і малодшы. Скончыў хлопчык толькі 3 класы.
Калі пачалася вайна, Сямёна не забралі ў армію, таму што ён быў на паўгода маладзейшым за прызыўны ўзрост. Затое старэйшы брат яго адразу пайшоў у партызаны. Наважваўся далучыцца да іх і Сямён, але яму адмовілі.
Праз нейкі час Сямёну з бацькам загадалі збірацца на прымусовыя работы. Цераз шматлікія перасылкі яны трапілі на нямецкі жалезаапрацоўчы завод. Што і казаць, умовы працы там былі цяжкія, нават крыху адпачыць не атрымоўвалася, каб наглядчык не пабіў.
Пасля двух гадоў прымусу небаракаў вызвалілі. Савецкіх грамадзян пераправілі да сваіх. Там з маладых хлопцаў набіралі армейскі рэзерв. І Сямёна Наскаўца ўзялі ў аўтапаркавы батальён. Яму прапаноўвалі застацца там і пасля завяршэння тэрміну службы, але юнаку надта хацелася на радзіму.
Вярнуўся дамоў у 1947 годзе, а ў роднай хаце галеча. Уладкаваўся на тагачасны сплаўучастак у Беразіно, балазе, з Шавярніч падвозіла машына. Праз год ажаніўся з мясцовай дзяўчынай — Кацярынай. З Кацярынай Нікіфараўнай і сёння, ужо будучы старажыламі, выгадаваўшы дзяцей, дачакаўшыся ўнукаў і праўнукаў, жывуць у родных Шавярнічах. І хаця многа часу прай-шло з ваеннага неспакою, яны, як ніхто іншы, ведаюць цану мірнаму жыццю на сваёй зямлі.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *