Да 76-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Партызанскі лекар Віктар Смычок

Аўтарам прыведзеных ніжэй успамінаў, якія мне пашанцавала адшукаць у сваіх архівах, з’яўляецца Віктар Сяргеевіч СМЫЧОК. У час вайны ён з’яўляўся начальнікам санітарнай службы партызанскага атрада “Перамога”. Цікавы суразмоўца, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, сапраўдны камуніст, ён часта бываў у нашай хаце, сябраваў з маім бацькам і нямала расказваў аб сваім партызанскім жыцці. Пасля вайны ён доўга яшчэ працаваў у мясцовым калгасе імя Чкалава, які размяшчаўся ў в. Уша, быў адмысловым спецыялістам сваёй справы, да якога часта звярталіся мясцовыя жыхары, узначальваў партыйную арганізацыю гаспадаркі.

Уладзімір ГАЙДУК,

жыхар аграгарадка Паплавы

“Стаяла зіма 1944 года. Амаль кожны дзень ворагі рабілі налёты на нашы атрады, якія размяшчаліся ў лясах каля вёскі Слабада Чэрвеньскага раёна. Камандаванне брыгады імя Шчорса вырашыла для бяспекі вывесці санчасці атрадаў “Бальшавік”, “Перамога” і імя Варашылава ў больш надзейнае месца. Такім месцам была выбрана вёска Хутар, якую паўкругам абступаў густы лес.
У нас былі розныя хворыя: на сыпны тыф, запаленне лёгкіх, шмат было і параненых. На кожную групу выдзелілі асобны дом. У іншых будынках размяшчаліся кузня і абслуговы персанал. На трэці дзень да нас завітаў прадстаўнік штаба брыгады і запэўніў, што наўкол усё спакойна, а на небяспечных дарогах выстаўлена ўзмоцненая ахова. Супакоеныя гэтай інфармацыяй, мы вырашылі прывесці ў належны санітарны стан хворых: усе хадзячыя памыліся ў лазні, цяжкахворым зрабілі абціранне. Нанач было дазволена распрануцца. Аднак партызанская насцярожанасць прымушала быць напагатове. На выпадак экстраннай эвакуацыі хворыя былі падрыхтаваны, напагатове стаялі і запрэжаныя ў сані коні.
Добра спіцца пасля лазні. Такі сон надае сілы, прымушае забыць пра небяспеку. Менавіта так і было ў тую ноч. Спяць хлопцы салодкім сном і не ведаюць, што па даносе здраднікаў шмат немцаў выехала з Беразіно і накіроўваецца да Хутара. Разлік ворага быў просты: знянацку наскочыць на вёску і захапіць партызан. Толькі планы тыя не ажыццявіліся. Першым прыняў бой партызанскі заслон у Раванічах. Аднак канчаткова спыніць фашыстаў не змог. І немцы набліжаліся да нас.
Раптам у канцы вёскі пачуліся аўтаматныя чэргі. Немцы не чакалі такой сустрэчы і заляглі на могілках. Адразу застракатала некалькі кулямётаў. У перапынках паміж іх траскатнёй былі чуваць настойлівыя і рэзкія чэргі аўтамата. Немцы, напэўна, зразумелі, што перад імі не партызанскі атрад, а ўсяго некалькі вяскоўцаў або група іх. Вораг стаў насядаць. Аднак гэтай замінкі нам хапіла, каб выбрацца з вёскі. Вельмі зладжана эвакуіраваў раненых возчык Іван Дзягцяр, а медсястра Аляксандра Карпека, партызанкі Валян-ціна Вярбіцкая і Зінаіда Цітавец дапамагалі ачунялым пешшу дабрацца да лесу. Лёгкахворы Міхаіл Драздоўскі нёс медыкаменты.
Калі мы пакідалі вёску, стрэлы каля могілак працягваліся. Мы зразу-мелі, што няроўны бой прыняў нехта з нашых партызан. А пра тое, хто аказаўся тым смельчаком, мы даведаліся пазней. Было ж вось як. Два кадравыя ваенныя, Пётр Зайцаў і Іван Якушаў, пры адступленні ў 1941 годзе трапілі ў акружэнне. Затым яны сталі актыўнымі членамі партызанскага руху. Былі неразлучнымі сябрамі.
Атрымалася так, што П. Зайцаў захварэў на сыпны тыф і цяжкая немач прыкавала яго да ложка. Калі пачаў крыху ачуньваць, завітаў да яго І. Якушаў. Успаміны і размовы сяброў доўжыліся ледзь не да раніцы.
— Ну што, мне пара. Прабач, Пятро, трэба зноў у разведку, — сказаў нарэшце Іван.
— Я правяду цябе кры-ху, — прапанаваў Зайцаў.
Вось і кузня. Крокаў за 600 управа – могілкі. Раптам там мільганула некалькі постацей у маскхалатах. Інтуіцыя разведчыка падказала: “Ворагі”.
— Пароль! – Якушаў узвёў затвор аўтамата. Ніхто не адказаў. Баец націснуў на спускавы курок. Ранішнюю цішыню раскалолі аўтаматныя і кулямётныя чэргі.
— Пятро, бяры напрамак на Слабаду, — даючы кароткія чэргі з аўтамата, Якушаў пачаў адстрэльвацца. Ён прыняў рашэнне затрымаць ворага.
Завязаўся няроўны бой. Дабраўшыся да гумна, Іван стаў прыкрываць уваход у вёску. Галоўнае было — выйграць час. Неўзабаве аўтамат змоўк. Ускінуўшы зброю на плячо, баец пачаў адыходзіць. Праз які час ён ўбачыў Зайцава, які, стомлены, сядзеў на снезе. Прысеў побач.
— Па маіх падліках, нашы павінны былі выбрацца з вёскі.
— Я думаю, так, — пагадзіўся Зайцаў, і, абапіраючыся на руку сябра, пакрочыў у бок лагера, паспяхова трапіўшы да сваіх…
Шмат часу прайшло з таго выпадку, які выратаваў нам жыцці.
Я з удзячнасцю кожны раз успамінаю разведчыка Івана Якушава. Храбра змагаўся народны мсцівец. Падобных сітуацый было нямала на яго рахунку”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *