Дакументы сведчаць. Вада і полымя, або Баі за вызваленне Беразіно

У час беларускай вызваленчай аперацыі 1944 года пад націскам Чырвонай Арміі войскі Вермахта адступалі па шашы Магілёў-Мінск. Нямецкае камандаванне разумела: у іх застаўся адзіны шлях на Захад — цераз Бярэзіну і таму ўзмоцнена ахоўвала мост праз гэтую раку. Гэта добра ўсведамляла камандаванне нашай арміі і імкнулася як мага хутчэй разбурыць стратэгічную пераправу. Загад атрымаў 24-ы Арлоўскі бамбардзіровачны авіяполк, які базіраваўся на аэрадроме каля Добруша. Эскадрыллі павінны былі разбамбіць драўляны мост, каб адрэзаць шлях немцам для адступлення.
Першай эскадрылляй камандаваў Герой Савецкага Саюза Павел Дзяльцоў, другой – Рафіджан Суліманаў. Наогул, самалёты дывізіі зрабілі шмат вылетаў, знішчылі нямала варожай тэхнікі, была падарвана шаша ў некалькіх месцах, а мост, на жаль, заставаўся некранутым.
28 чэрвеня першая эскадрылля пад камандаваннем Дзяльцова вылецела на заданне. Восем самалётаў вярнуліся на аэрадром, дзявяты, якім камандаваў Дзяльцоў, з задання не вярнуўся. У журнале баявых дзеянняў палка за гэты дзень ёсць такі запіс: “У выніку абстрэлу экіпаж камандзіра капітана Дзяльцова, штурмана старшага лейтэнанта Цімафеева, стралка-радыста старшыны Папругі збіты над цэллю прамым пападаннем снарада, лёс экіпажа невядомы”. Праз некаторы час паднялася эскадрылля Суліманава, якой удалося скінуць 2 фугасныя бомбы па 250 кг кожная, якія прабілі праезную частку моста, разнёсшы 2 фермы.
Такім чынам бабруйскі кацёл канчаткова зачыніўся. Як пазней стала вядома, экіпаж Дзяльцова таксама выканаў заданне, разбіўшы ферму другога пралёта моста.
За 5 км да моста эскадрыллю Дзяльцова абстраляла зенітная артылерыя, але дзявятка набліжалася да цэлі. Каля самага моста агонь гітлераўцаў мацнеў. Першымі бомбамі трапілі ў мост. Выканаўшы заданне, камандзір рашыў астатнія бомбы скінуць на калону танкаў і мотапяхоты, але быў падбіты, і самалёт загарэўся. Камандзір аддаў каманду пакінуць самалёт. Штурман і стралок-радыст загінулі ў паветры, адзін парашут павіс на дрэвах каля памяшкання, дзе зараз знаходзіцца інтэрнат райбальніцы (на вуліцы Кастрычніцкай), другі павіс на дрэве каля будынка графа Патоцкага (пасля вызвалення лётчыкаў перапахавалі на гарадскіх могілках). Сам камандзір ледзь не трапіў у палон, але скарыстаўшы момант бамбёжкі, уцёк у лес і праз 3 дні трапіў да сваіх.
Да канца вайны капітан Дзяльцоў мужна змагаўся з ворагам, апошні вылет яго экіпаж зрабіў 30 красавіка 1945 года, скінуўшы бомбы на Рэйхстаг. Экіпаж Суліманава таксама 30 красавіка 1945 года бамбіў Берлін і знішчыў мост праз раку Шпрэ ў самым цэнтры Берліна.

Х Х Х

А вось якія звесткі аб тых баях і пераправе цераз Бярэзіну пакінулі салдаты вермахта.

Гауптман Гаун Гайнрых:

“Наша 57-ая пяхотная дывізія, дасягнуўшы дарогі Магілёў-Мінск усходней Беразіно, аб’ядналася са 110-й дывізіяй і дывізіяй “Фельдгернгалле”. Мост цераз Бярэзіну быў адноўлены так-сяк, таму большая частка павозак і транспарту павінна была застацца на ўсходнім беразе. На пераправе панавала неапісальная блытаніна. Мы з вялікімі цяжкасцямі пераправіліся цераз мост і дасягнулі Паплаў.
У сувязі з тым, што гэтая дарога на захад была ўзарвана авіяцыяй і рэгулярныя часці рускай арміі пагражалі нам нападзеннем, была выстаўлена ахова. На захад ад Паплаў у 45-мінутным баі была разгромлена першая руская пазіцыя, умацаваная 15 супрацьтанкавымі гарматамі. За пераадоленай пазіцыяй адкрывалася жудасная карціна. Дарога на адлегласці прыкладна 1 км была забіта ўзарванымі павозкамі, паміж якіх ляжалі знявечаныя салдаты і рускія жанчыны”.

Обер-лейтэнант Гельмут Плумбом (камандзір 2-й батарэі 267 артпалка):

“На ўчастку вёскі Рубеж дывізію з паўночнага ўсходу атакавалі рускія часці. Ноччу, з 29 на 30 чэрвеня, адступленне працягвалася праз Дулебы. 30 чэрвеня на дулебскім участку зноў адбыўся бой з рускімі часцямі, якія наступалі з паўночнага ўсходу. Вечарам 30 чэрвеня дывізія працягвала адступленне ў бок Пагоста. На ўчастку Рубеж па распараджэнні афіцэрскага патруля неабходна было знішчыць шэраг грузавікоў, перш за ўсё з прамысловым абсталяваннем. На наступны дзень пасля пераправы цераз Бярэзіну я чуў ад камандзіра батарэі 6-га артпалка гауптмана Гермеса распараджэнне штаба корпуса
17 пяхотнага палка ўзарваць палявыя кухні і машыны забеспячэння пасля раздачы харчавання яшчэ да пераправы цераз Бярэзіну. Пазней я не бачыў у калоне палявых кухань. Распараджэнне аб знішчэнні транспартных сродкаў было выклікана неабходнасцю скарачэння адступаючай калоны.
У ноч, з 30 чэрвеня на 1 ліпеня, дывізія, якая падверглася бамбёжцы самалётаў, пераправілася па мосце цераз Бярэзіну. На адлегласці прыкладна 8 км перад мостам цераз Бярэзіну знаходзіліся сотні ўзарваных або пашкоджаных авіяцыяй транспартных сродкаў, а таксама каля 30-40 танкаў, штурмавых гармат і самаходных установак, якія не маглі перасячы мост цераз Бярэзіну.
1 ліпеня дывізія была атакавана на поўначы ад Беразіно. Памеры страт у той час былі нязначнымі. Шлях адступлення дывізіі, па маіх успамінах, уяўляў сабой дарогу ад Беразіно спачатку на Альхоўку на паўночны захад, адтуль на захад цераз Жарамец, Замасточча, Вялікі Бор.
3 ліпеня дывізія дасягнула ўчастка каля Рудні. Па загадзе камандавання тут былі знішчаны першыя гарматы, бо ў іх закончыліся боепрыпасы”.
Ад аўтара. За пераклад тэксту з нямецкай мовы дзякую М. Лабковіч і А. Сойку.

Ігар ЖУКОЎСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *