Дакументы ваенных часоў сведчаць. Падрабязнасці аднаго з дзён па вызваленні Бярэзінскага раёна

Вось ужо 76 гадоў жыве Беларусь пад мірным і чыстым небам. А калісьці і яно было месцам страшных баёў і баталій, якія вялі ў паветры лётчыкі, набліжаючы Перамогу. Мы добра памятаем пра подзвіг экіпажа Дзяльцова, самалёт якога быў збіты падчас бамбёжкі моста цераз Бярэзіну ў 1944 годзе. Але гэта – не адзіны выпадак, калі ў небе над Бярэзіншчынай быў падбіты савецкі самалёт, члены экіпажа якога пахаваны на тэрыторыі нашага раёна.
Вось якую гісторыю паведаміла нам жыхарка падмаскоўнай Балашыхі, ураджэнка Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, пошукавец Алена ШУТАВА — прадстаўнік “Авіягрупы 122”, куды ўваходзяць нашчадкі трох жаночых авіяпалкоў, гісторыкі, кіраўнікі музеяў жаночых авіяпалкоў.
Дакументы ваенных часоў сведчаць, што ў чэрвені 1944 года 103-ці штурмавы Гродзенскі Чырванасцяжны ордэна Суворава авіяцыйны полк (ШАП) пераляцеў з Крыма і прыступіў да баёў па вызваленні Беларусі, у тым ліку і Бярэзінскага раёна.
Аб далейшым разгортванні падзей чытаем у інфармацыі за 29 чэрвеня 1944 года 230-й штурмавой Кубанскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава авіяцыйнай дывізіі, у састаў якой уваходзіў і 103-ці ШАП: “Дывізія мела задачу прадаўжаць знішчаць адыходзячыя часці праціўніка на ўчастку на захад ад рубяжа Беразіно з задачай — устанавіць месцы знаходжання войск праціўніка, затым пасля ўстанаўлення — знішчаць. Наступныя вылеты на баявое заданне – па дадзеных сваёй разведкі. Напружанасць максімальная”.

Малодшы лейтэнант Аляксей Мешчаракоў

Пра падзеі таго дня расказвае і наступны запіс: «15.40, пры падыходзе да цэлі група з васьмі самалётаў ІЛ-2 103 ШАП была атакавана спачатку двума МЕ-109. Першую атаку ажыццяўлялі на вядзёнага левага другой чацвёркі знізу-ззаду. З-за дрэннай бачнасці паветраныя стралкі атак праціўніка не заўважылі. У гэты ж час у першай чацвёрцы быў атакаваны зверху-ззаду правы вядзёны. На пікіраванні на цэль быў атакаваны вядзёны першай групы Мешчаракоў, які ў выніку атакі ўзарваўся і ўпаў у раёне цэлі”.
Пра якую цэль гаворыцца ў інфармацыі, і наогул, дзе адбылася апісаная трагедыя? Адказы на гэтыя пытанні знаходзім у дакументальнай аповесці лёт-
чыка-штурмавіка 103 ШАП Кузьмы Белаконя. Ён жа прыводзіць свае ўспаміны і пра членаў гераічнага экіпажа:
“Пасля вызвалення Магілёва нямецка-фашысцкае камандаванне, баючыся акружэння, пачало ў спешцы адводзіць свае войскі на захад па аўтастрадзе Магілёў–Мінск. Лясіста-балоцістая мясцовасць Беларусі прымушала праціўніка адыходзіць у асноўным толькі па аўтастрадзе і асобных прасёлачных дарогах. Яны былі забіты калонамі аўтамашын, танкаў, артылерыі і жывой сілы, месцамі на некалькі кіламетраў. Пад імклівым націскам нашых войск адступленне гітлераўцаў было дэзарганізавана. Паветранае супрацьдзеянне фактычна адсутнічала. Адзінкавыя варожыя знішчальнікі з’яўляліся ў асобных выпадках, але, як правіла, з нашымі бою не прымалі. Зенітная артылерыя дзейнічала бязладна.
28 чэрвеня лётчыкі нашай дывізіі прыступілі да знішчэння гітлераўс-кіх войск на аўтастрадзе паміж мястэчкамі Бялынічы і Беразіно.
У Беразіно штурмавікі ўзарвалі мост цераз раку Бярэзіну, і захопнікам быў адрэзаны шлях адступлення. Утварыўся вялізны затор. Варожыя войскі на аўтастрадзе са сваёй тэхнікай былі аддадзены на поўнае знішчэнне. У гэтыя дні мы рабілі па тры-чатыры вылеты. На дзясяткі кіламетраў аўтакалона ў некалькі радоў была ахоплена полымем. Фашысты, спрабуючы выратавацца, разбягаліся ў бакі ад аўтастрады, але там яны траплялі ў балоты і багну і пад бесперапынным агнём штурмавікоў знаходзілі смерць. Аўтастрада ператварылася ў вогненную раку, а штурмавікі ўсё ішлі і ішлі. Але ў гэтых умовах аднолькава небяспечныя як паслабленне пільнасці, так і безагляднае захапленне атакай.
У адным з баёў лётчык Аляксей Мешчаракоў і паветраны стралок Арцём Вяршынін, захопленыя атакай, забыліся на абачлівасць. Доўгая чарга — і самалёт Мешчаракова пайшоў да зямлі. Мы бачылі, як адзін з членаў экіпажа выскачыў з парашутам. Другі, відаць, быў забіты ў кабіне. Толькі праз тыдзень мы даведаліся, што выскачыў Мешчаракоў. Немцы хацелі жывым узяць савецкага лётчыка. Аляксей змагаўся да апошняга патрона. Ён паспеў напісаць запіску: “Рускія лётчыкі ў палон не здаюцца!” Яна так і засталася ў сціснутым левым кулаку, а правай рукой ён сціскаў пісталет.
У абойме – ніводнага патро-на. Камсамолец малодшы лейтэнант Аляксей Мешчаракоў апошні патрон пакінуў для сябе і без ваганняў замест фашысцкага палону выбраў смерць.
Паветраны стралок Вяршынін згарэў у самалёце. Колькі разоў я лётаў з ім на Кубані… На зямлі Арцём быў на рэдкасць сціплым, спакойным… Нехлямяжы, шыракаплечы, ён здаваўся непаваротлівым. Але гэта — на зямлі. А ў паветры Вяршынін паводзіў сябе выдатна. Я з глыбокай павагай адносіўся да Арцёма. Заўсёды быў упэўненым, што ў любых абставінах ён не страціць самавалодання. Кожны раз Вяршынін сустракаў паветранага праціўніка з зайздроснай вытрымкай. Але ў гэтым вылеце, відаць, і Арцёма застала знянацку атака немцаў”.
Пазнаёмімся бліжэй з біяграфіямі адважных штурмавікоў. Звесткі пра іх знаходзім на сайце “Памяць народа”.
“Намеснік камандзіра эскадрыллі 103 ШАП малодшы лейтэнант Аляксей Нічыпаравіч Мешчаракоў, 1922 года нараджэння, ураджэнец Разанскай воб-ласці Дабравіцкага раёна, сяло Вялікая Кузьмінка. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II сту-пені, Чырвонай Зоркі і Баявога Чырвонага Сцяга. Загінуў 29 чэрвеня 1944 года. Паветраны стралок 103 ШАП сяржант Вяршынін Арцём Рыгоравіч, 1912 года нараджэння, ураджэнец Чыцінскай вобласці Нерчынскага раёна, сяло Ніжнія Ключы. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені. Загінуў 29 чэрвеня 1944 года”.

Гэтая брацкая магіла, у якой пахаваны А. Мешчаракоў, знаходзіцца на могілках в. Арэшкавічы

Месцам пахавання абодвух воінаў указана сяло Гудок (так памылкова названа в. Прудок) мястэчка Беразіно. Але гэта не зусім так. Астанкі Аляксея Мешчаракова знаходзяцца на могілках у в. Арэшкавічы, бо яго прозвішча выбіта на ўстаноўленым тут помніку воінам-вызваліцелям. Месца пахавання Арцёма Вяршыніна, на жаль, не ўстаноўлена. У сувязі з гэтым звяртаюся да жыхароў Бярэзінскага раёна з наступнай просьбай: калі вам вядома штосьці аб абставінах гібелі экіпажа, — паведаміце пра гэта ў рэдакцыю. Мы таксама вядзём пошукі. Так, некалькі тыдняў назад адгукнуліся шматлікія сваякі А. Вяршыніна – яго родны брат, унукі і праўнукі. Родных А. Мешчаракова дапамагае адшукаць рэдакцыя газеты Ліпецкага раёна. Спадзяюся, што вынік нашых пошукаў дасць свой плён.

Алена ШУТАВА,
г. Балашыха, Расія.
Фота з архіва
і Алены МУРАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *