Дапамога медыкам ад прафсаюзаў і бярэзінцаў

У складанай эпідэміялагічнай сітуацыі прафсаюзы падтрымліваюць медыкаў, не застаюцца ўбаку і бярэзінцы. Так, нядаўна Бярэзінскай ЦРБ Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў аказала дапамогу ў набыцці неабходных сродкаў аховы.

На мінулым тыдні апырсквальнікі для медтэхнікі, ахоўныя акуляры, папяровыя ручнікі (усё на суму больш за 700 рублёў)… перадала галоўнаму ўрачу Бярэзінскай ЦРБ Крысціне Крук старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан.
— Зараз наша галоўная задача – падтрымаць медыцынскіх работнікаў, — зазначыла Алена Міхайлаўна. – Бо, пагадзіцеся, толькі агульнымі намаганнямі, разам, мы зможам справіцца з бядой.
— Прыемна, што аказваюць спонсарскую дапамогу і нераўнадушныя бярэзінцы, — гаворыць Крысціна Аляксандраўна. — Вось нядаўна дапамог нам у набыцці медыцынскага абсталявання старшыня Бярэзінскай раённай арганізацыйнай структуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Алег Купіч.
Пагадзіцеся, сёння ўрачы – першыя ў зоне рызыкі. І ім, бясспрэчна, неабходны ў вялікай колькасці сродкі абароны: маскі, рэспіратары, аднаразавыя халаты, пальчаткі… У Бярэзінскай ЦРБ адкрыты дабрачынны разліковы рахунак, на які кожны жадаючы можа пералічыць сродкі. Больш падрабязную інфармацыю, як аказаць спонсарскую дапамогу, можна атрымаць у галоўнага ўрача райбальніцы (55140) альбо ў бухгалтэрыі (55483).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *