Пра сябе і любімую справу расказвае бярэзінскі дарожны майстар з 20-гадовым працоўным стажам

Выпадковых людзей у калектыве філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” ДРБУ-192 няма. Працуюць зладжана, як адзін механізм. Адказныя, кваліфікаваныя, руплівыя… А іначай і не можа быць. Уявіце, у многіх працоўны стаж вымяраецца не адным дзясяткам гадоў. Адзін з самых вопытных работнікаў — дарожны майстар Васілій Мікалаевіч Дзюк.

— Так, у маёй працоўнай кніжцы толькі некалькі запісаў, апошні зроблены 20 гадоў таму. Тады, у далёкім 1999 годзе, уладкаваўся ў ДРБУ-192. Час праляцеў вельмі хутка – вось у жніўні ўжо выходжу на пенсію. Планую купіць мапед, вудачку і …адпачываць, — зазначае з усмешкай Васілій Мікалаевіч. – Знайсці сабе якое-небудзь хобі. А то зараз работа – гэта і праца, і любімы занятак.
Калегі ўпэўнены, што хутчэй за ўсё Васілій Мікалаевіч жартуе, што, маўляў, выйдзе на пенсію і не будзе працаваць, бо “як гэта наш Мікалаевіч пакіне свой пост, куды ж ён без работы, — засумуе”.
Гутару з Васіліем Мікалаевічам і разумею, што гэта несумненна так – праца мужчыну ў радасць.
— На першы погляд наша работа і не зусім складаная. Зараз мы працуем на сучаснай тэхніцы, усе работы, да прыкладу, укладка асфальту, праходзяць у аўтаматычным рэжыме, — заўважае майстар. – А ад нас, дарожных майстроў, патрабуецца звышсканцэнтраванасць. Пастаянна неабходна сачыць за тэхнікай, каб не адбылося ніякіх збояў, не сапсавалася… Шчыра кажучы, калі параўноўваць нашу работу 20 гадоў таму і зараз, то сёння працаваць больш складана. Аб’ёмы работ велізарныя, патрабаванні больш стро-гія. Адно радуе — сучасная, магутная тэхніка і калектыў, дзе кожны на сваім месцы. Таму з усі-мі цяжкасцямі імкнёмся справіцца.
…Працоўны дзень Васілія Мікалаевіча пачынаецца прыблізна ў 7 гадзін раніцы і заканчваецца позна вечарам, бывае, што і ў выхадныя неабходна выходзіць на працу.
— Не, гэта не складана, за 20 гадоў ужо прызвычаіўся да такога рытму жыцця. Пастаянна ў руху, не сядзім на месцы, большасць работ – на свежым паветры. Гэта і для здароўя карысна, — зазначае В.М. Дзюк.
Раней мне здавалася, што ў дарожнікаў пік работ – летам. Аказваецца, зусім не так…
— У дарожных службаў не бывае спакойных се-зонаў, — зазначае майстар. — Зіма прыносіць адны клопаты, лета, восень, вясна – іншыя. Да прыкладу, зараз, пакуль цёпла, неабходна адрамантаваць дарогі, чым і займаемся. Рамантуем дарогу H-8006, кладзём тут асфальт. Зімой будзем падсыпаць дарогі, чысціць ад снегу… Адным словам, у нас работа “кіпіць” круглы год, няма калі спыняцца, адпачываць.
— Васілій Мікалаевіч Дзюк – адзін з самых вопытных нашых работнікаў, — дадае дырэктар філіяла Уладзімір Валер’евіч Саскавец. – Працуе ў нас даўно і за гэты час ніводнага наракання, а толькі шчырыя словы падзякі за адданую працу, за вопыт, якім дзеліцца з маладым папаўненнем. Васілій Мікалаевіч – дарожны майстар з вялікай літары.
Так, у скарбонцы В.М. Дзюка вялікая колькасць грамат, Падзячных лістоў рознага ўзроўню. Яго партрэт нават быў занесены на раённую Дошку гонару.
— Я шчаслівы чалавек, — заўважае Васілій Мікалаевіч. – У мяне цудоўная сям’я — жонка,
сын, гарэзы–ўнукі, якія заўсёды мяне пад-трымліваюць, і справа, якая, сапраўды, падабаецца, інакш не змог бы тут працаваць цэлых 20 гадоў. Напярэдадні свята жадаю калегам аптымізму, цярпення, моцнага здароўя і шчасця.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *