Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу наведаў Бярэзінскі раён

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Лаўрыненка правёў сустрэчы ў працоўных калектывах сельгасфіліяла “Арэшкавічы”, Лешніцкай установы адукацыі і Бярэзінскага раённага цэнтра культуры.

Ігар Уладзіміравіч расказаў бярэзінцам аб сваёй дэпутацкай дзейнасці, новых законапраектах, рабоце сесіі. Парламентарый з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы. Таму падчас дыялогу закранулі і гэту тэму.
— Бываючы па справах у розных краінах, заўсёды з вялікім задавальненнем вяртаюся ў родную Беларусь. Я ганаруся нашай мірнай і незалежнай краінай, галоўным дасягненнем якой з’яўляюцца – бяспека і суверэнітэт. І толькі ад нас залежыць, ці застанецца яна ў будучым такой для нашых дзяцей і ўнукаў, — падзяліўся сваім меркаваннем дэпутат.


Адзначаў ён і станоўчыя змены ў раёне, што наві-давоку не толькі для бярэзінцаў, але і гасцей. Так, сёлета ў горадзе пачаў функцыянаваць сацыяльна-значны аб’ект “Паза-пляцоўкавыя сеткі і збудаванні водазабеспячэння горада Беразіно”. У складзе яго — станцыя абезжалезьвання і другога пад’ёму вады. Дзейнасць аб’екта дазваляе забяспечыць гараджан бесперабойнай падачай вады нарматыўнай якасці. Прычым, перш чым трапіць да спажыўца, вада праходзіць не толькі ачыстку, але і абеззаражэнне праз устаноўку ўльтрафіялетавага выпрамянення. Не спыняецца ў раёне работа па паляпшэнні стану мясцовых дарог. Ужо сёння адчуць выгоды новага дарожнага палатна можна, праязджаючы ўчастак дарогі ад вёскі Дзмітравічы да вёскі Арэшкавічы.
Дарэчы, да парламентарыя ў гэты дзень звярталіся бярэзінцы і з пытаннямі падчас яго асабістага прыёму ў Дзмітравіцкім сельскім выканаўчым камітэце з адначасовым правядзеннем “прамой лініі”. Звароты датычыліся рамонту вуліцы Красіна горада і ўдасканалення рэжыму работы магазіна ў вёсцы Арэшкавічы.

* * *

Працягваюцца і сустрэчы прадстаўнікоў раённай улады ў працоўных калектывах.
Старшыня Бярэзінскага райвыканкама Аляксандр Бабічаў наведаў філіял аўтамабільнага парка № 22.
Падчас сустрэчы дырэктар аўтапарка Артур Новікаў расказаў пра дзейнасць узначальваемага прадпрыемства і перспектывах яго развіцця.
Удзел у сустрэчы прыняў і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Бабура.

Алена МУРАЧ,
Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *