Для дарослых — адказны выбар, для дзяцей — раздолле

 

На выбарчым участку №6, што размешчаны ў турыстычным цэнтры “Юнацтва”, апоўдні 9 жніўня нешматлюдна. Аднак настрой у членаў выбарчай камісіі быў прыўзняты.

— На гэтым участку традыцыйна добрая яўка, — расказвае Аксана Лапыцька, — бо тут жывуць,   напэўна,  самыя адказныя і прынцыповыя выбаршчыкі з ліку маладых людзей і пенсіянераў. Яшчэ не было васьмі гадзін, як людзі ўжо стаялі ў жаданні хутчэй прагаласаваць, каб вярнуцца да хатніх вясковых  спраў. Іншы настрой у маладых людзей —  яны  прыйшлі на выбарчыя ўчасткі аддаць свой голас  і адпачыць з дзецьмі.

Так, Наталля Барысёнак – шматдзетная матуля і зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.  На выбарчы ўчастак яна прывяла ўсіх траіх. Пакуль матуля рабіла свой  выбар,  дзеці бавілі час на батуце пад наглядам знаёмай Марыны  Кавалеўскай.

— Я таксама зараз у дэкрэтным водпуску, — расказвае жанчына, —  у маладых матуль спраў зашмат, але  мы вырашылі зрабіць для дзяцей і сябе дзень выбараў святам.

Ды ёсць у жорнаўскіх выбаршчыкаў і яшчэ адна добрая  традыцыя. У такія важныя для краіны дні тут заўсёды выступае  вакальная група пад назвай “Нам года — не беда”. Яе абавязкова збяруцца паслухаць і тыя, хто прагаласаў датэрмінова, і тыя,  хто ўкінуў запаветны бюлетэнь у апошні дзень галасавання. Спевы гэтых артыстаў сапраўдны і душэўны падарунак мясцовым людзям.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *