Днямі абласная дыялогавая пляцоўка па абмеркаванні актуальных пытанняў развіцця сацыяльнай сферы працавала ў Чэрвені

У яе рабоце прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Віталь Казлоў, дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, кіраўнікі абласных упраўленняў і старшыні камітэтаў, дэпутацкі корпус, прадстаўнікі грамадскасці. Далучыўся да абмеркавання актуальных пытанняў і бярэзінец Мікалай Пытляк. Мадэратарам сустрэчы выступіў Вадзім Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі вітаў Іван Маркевіч. Дарэчы, Чэрвень невыпадкова быў выбраны для правядзення мерапрыемства. Тут у 2020 годзе прайшлі абласныя Дажынкі. Іван Станіслававіч высока ацаніў падрыхтоўку горада да свята ўраджаю і адзначыў, што калі б у кожным раёне рабілася хаця б 50 працэнтаў ад існуючага сёння ў Чэрвені, сталічны рэгіён меў бы зусім іншы выгляд. А таксама адзначыў, што сённяшняя сустрэча будзе насіць практычны характар. Бо на падобных мерапрыемствах закладваецца падмурак для развіцця краіны на будучыя пяць гадоў. Больш як 70 пляцовак ужо адбыліся — і гэту працу трэба працягваць, каб пачуць людзей і дапамагчы ім рэалізаваць свае ідэі ў рэальным жыцці.

Пасля адкрыцця дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі па групах пачалі наведваць аб’екты сацыяльнай сферы Чэрвеньскага раёна. У прафесійным будаўнічым ліцэі гасцям прадэманстравалі, як ва ўстанове рыхтуюць спецыялістаў. Выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі для ўдзельнікаў дыялогавай пляцоўкі творчыя нумары. Госці ўпэўніліся, што на Чэрвеншчыне створаны добрыя ўмовы для адукацыі і развіцця творчых здольнасцяў дзяцей. Прадстаўнікі рэгіёнаў Мінскай вобласці таксама азнаёміліся з экспазіцыяй Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея, які адкрыў свае дзверы летась. Затым гасцей прымала дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Тут удзельнікі дыялогавай пляцоўкі пазнаёміліся ​​з выставамі “Міншчына спартыўная” і “Міншчына турыстычная”, наведалі музычную гасцёўню дзеяча беларускай музычнай культуры Станіслава Манюшкі і акунуліся ў атмасферу французскага кафэ “Ратонда” пачатку ХХ ст., дзе збіраліся мастакі Парыжскай школы.

 

Пасля абеду пачалося абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця краіны і рэгіёнаў у рамках абласной дыялогавай пляцоўкі.

— Дыялогавая пляцоўка — адна з эфектыўных форм вырашэння сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных праблем, што стаяць перад нашай краінай. Падобныя сустрэчы — дзейсны інструмент, паколькі тыя прапановы, што гучаць на дыялогавых пляцоўках, улічваюцца пры падрыхтоўцы форуму, — падкрэсліў Вадзім Гігін. – Пацвярджэнне гэтага — праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якую нядаўна прэзентавалі. Прапановы грамадскасці ўжо улічаны ў ёй. Таму трэба актыўна падключацца да дыялогу.

А таксама выкарыстоўваць пляцоўкі як новую форму работы з моладдзю.

Падзяліўся меркаваннем і Іван Маркевіч.

— Маладым людзям трэба смялей давяраць адказную працу і кіруючыя пасады. У нас вельмі таленавітая і разумная моладзь, — адзначыў ён.

Выпускнікі з задавальненнем размяркоўваюцца ў рэгіёны Мінскай вобласці, але сутыкаюцца з жыллёвай праблемай. Як выйсце — прадастаўленне спецыялістам арэнднага жылля са зніжаным каэфіцыентам і права на яго прыватызацыю ў будучым, а таксама крэдытаванне банкамі на льготных умовах пад размеркаванне. Такія захады дапамаглі б ліквідаваць цякучку кадраў.

Наконт пашырэння дыстанцыйнага навучання ва ўстановах адукацыі вобласці аднагалосна прыйшлі да меркавання, што дыстанцыёнка з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу і спрыяе ўмацаванню ведаў, але павінна выкарыстоўвацца як дадатковая форма навучання.

Ветэранаў хвалююць пытанні патрыятычнага выхавання насельніцтва, асабліва моладзі. У інтэрнэце сёння шмат фальсіфікацыі. А гэта страшная зброя ў руках праціўнікаў, якая ў першую чаргу накіравана на розумы маладых людзей. Вырасла такое пакаленне, як людзі без мінулага. Яны не ведаюць, якімі намаганнямі дасягалася тое, што сёння маем. Ім трэба тлумачыць, што працу людзей трэба паважаць і шанаваць. Рабіць гэта можна было б, напрыклад, у рамках дзяржаўнай праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва. Вадзім Гігін праінфармаваў, што ўжо створана рэспубліканская група пад кіраўніцтвам Наталлі Качанавай, куды ён таксама ўвайшоў, па распрацоўцы пяцігадовай праграмы і заклікаў уносіць канкрэтныя прапановы па формах і метадам. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Ільясевіч адзначыў, што на Міншчыне ўжо ёсць станоўчы вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтым накірунку, і работа будзе працягвацца. Дарэчы, ва ўстановах адукацыі ўжо сёння набывае пашырэнне праграма “Школа актыўнага грамадзяніна”.

Асобны блок пытанняў быў прысвечаны сферы аховы здароўя. У плане далейшага развіцця сістэмы прапанавалі пашырыць паўнамоцтвы ўрачоў агульнай практыкі. Да прыкладу, каб яны займаліся прызыўной і вадзіцельскай медкамісіямі. Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Наталля Баярская праінфармавала, што ў раёнах, дзе няма вузкіх спецыялістаў, іх функцыі ўжо выконваюць урачы агульнай практыкі.

Ставіліся і пытанні дэмаграфіі. Была звернута ўвага на пашырэнне пераліку накірункаў выкарыстання сямейнага капіталу і аказанне падтрымкі шматдзетным сем’ям для павышэння ўзроўню нараджальнасці. Гучалі прапановы аб магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу на навучанне дзіцяці ў прыватным ВНУ, на жыллёвае будаўніцтва і выкуп долі ў жылым фондзе, а таксама аб распаўсюджванні выгод сямейнага капіталу на сем’і, дзе нараджаюцца другое і наступныя дзеці. Кіраўнік Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Тамара Красоўская адзначала важнасць дзяржаўнай падтрымкі няпоўных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама неабходнасць павышэння ролі таты ў сённяшнім грамадстве.

У ходзе сустрэчы закраналіся тэмы развіцця спорту і турызму, культуры і сродкаў масавай інфармацыі. Дарэчы, сучаснай і канкурэнтаздольнай формай развіцця медыя ў нашых рэаліях выступае канвергентная журналістыка, калі ў склад рэдакцыі ўваходзяць радыё, друкаваны прадукт і інтэрнэт-СМІ.

Вынікі дыялогу падвялі Іван Маркевіч і Ігар Яўсееў.

А завяршылася абласная дыялогавая пляцоўка ў Чэрвені патрыятычным флешмобам з удзелам выхаванцаў мясцовай спартыўнай школы.

Алена МУРАЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *