Дзе ў Беразіно зрабіць тэст на каранавірус?

Чытачы газеты цікавяцца, дзе можна зрабіць тэст на каранавірус, каму яго робяць, як падрыхтавацца да працэдуры, калі гатовы вынікі?!
За адказамі мы звярнуліся да галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Крысціны КРУК:
— На сёння тэсціраванне на каранавірусную інфекцыю можна прайсці ў Бярэзінскай ЦРБ. Яго праводзім двума метадамі: экспрэс-дыягностыка з дапамогай тэстаў альбо забор матэрыялаў з носу, зева для правядзення даследаванняў метадам ПЦР.
Экспрэс-тэсты робяць па медыцынскіх паказаннях на бясплатнай аснове. У першую чаргу пацыентам з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. Таксама кантактам першага ўзроўня для закрыцця альбо прадаўжэння бальнічнага ліста.
А ўсе жадаючыя могуць зрабіць экспрэс-тэст платна. Кошт – 16 рублёў 73 капейкі.
Прайсці тэст можна па будных днях з 7.30 да 17.00 у працэдурным кабінеце. За больш падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца да загадчыка паліклінікі – 55626.
Экспрэс-тэсціраванне праходзіць вельмі хутка: робім забор крыві з вены, адпраўляем у лабараторыю і пасля абеду атрымліваем рэзультат. Ніякай спецыфічнай падрыхтоўкі не патрабуецца: толькі нельга ўжываць ежу непасрэдна перад здачай крыві.
Экспрэс-тэсты паказваюць наяўнасць спецыфічных антыцел да каранавірусу. У чалавека, які хварэе на каранавірус, з’яўляюцца імунаглабуліны класа М. Калі яны ёсць, значыць, вострая стадыя захворвання. Калі чалавек, да прыкладу, перахварэў каранавірусам, нават у бессімптомнай форме, у крыві з’яўляюцца імунаглабуліны класа G. Такім чынам, можна не толькі вызначыць, ці хварэе чалавек на каранавірус, але — і ці хварэў…
Калі, да прыкладу, чалавек на платнай аснове здаў тэст і рэзультат паказаў, што ў крыві выпрацаваны імунаглабуліны класа М (хутчэй за ўсё, каранавірусная інфекцыя), то праз суткі яму зноў, ужо на бясплатнай аснове, робяць тэст, каб пацвердзіць альбо абвергнуць дыягназ.
Таксама ў пацыентаў з пнеўманіяй, каранавіруснай інфекцыяй, кантактаў першага ўзроўню па назначэнні ўрача бяруцца мазкі для правядзення даследаванняў метадам ПЦР. Адпраўляем матэрыялы ў Барысаўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Рэзультат атрымліваем прыблізна праз адзін-два дні. Для выезду за мяжу (ёсць спіс краін) таксама можа спатрэбіцца даведка аб тым, што пройдзена абследаванне на каранавірусную інфекцыю метадам ПЦР. Такое даследаванне робіцца на платнай аснове ў Мінскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і Барысаўскім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Падрыхтавала Юлія БУКЕЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *