Дзе будуць адпачываць бярэзінскія дзеці?

На календары – май, але надвор’е наўрад ці адпавядае сярэднестатыстычнай вясне. Аднак дзяцей не падманіш, усе яны з нецярпеннем чакаюць самых доўгіх канікулаў, каб удосталь адпачыць і набрацца сіл да будучага навучальнага года. Улічваюць капрызны стан надвор’я і бацькі, якія ўжо вызначаюцца, дзе будуць адпачываць і аздараўлівацца іх дзеці.
У гэтай справе большасць з іх цалкам давярае ўпраўленню па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, якое штогод наладжвае самую разнастайную панараму аздараўлення на любы густ і кошт. Як сёлета мяркуецца арганізаваць летні адпачынак школьнікаў? Адказ на гэта пытанне дае галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ірына ЗЯБКО.

У жніўні і чэрвені, для спартсменаў і паліглотаў

— Сёлета запланавана работа аздараўленчых і профільных лагераў для школьнікаў. Так, раённы лагер “Папараць-кветка” першых адпачываючых прыме ўжо 15 чэрвеня. Працаваць ён будзе ў тры змены: з 15 чэрвеня па 2 ліпеня, з 5 па 22 ліпеня, з 25 ліпеня па 11 жніўня.
Асобна трэба сказаць пра профільныя аздараўленчыя лагеры. Тут змена доўжыцца 9 дзён. Так, работа палатачнага перасоўнага лагера ДУА “Турыстычны цэнтр “Юнацтва” будзе наладжана ў дзве змены – з 6 па 14 ліпеня і з 12 па 28 жніўня. Профільны лінгвістычны лагер “Паліглот” чакае лепшых знаўцаў замежнай мовы на адпачынак з 15 па 23 чэрвеня.
Ды і выратавальнікі збіраюцца ўзяць дзятву пад асаблівы кантроль з 15 па 29 чэрвеня. З 24 чэрвеня па 2 ліпеня актыўную спартыўную дзятву запросіць аздараўленчы лагер кругласутачнага знаходжання спартыўна–аздараўленчага профілю “Алімп”. Раім звярнуць увагу і на лагер працы і адпачынку “Мерыдыян”, які будзе працаваць на базе Гарэніцкай СШ з 5 па 13 ліпеня.
Грунтоўна прадумана работнікамі адукацыі і праграма аздараўленчых летнікаў дзённага знаходжання. Яны будуць працаваць сёлета ў дзве змены: з 1 па 20 чэрвеня і з 3 па 22 жніўня на базе раённай комплекснай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, Бярэзінскай гімназіі, Багушэвіцкай і Дзмітравіцкай сярэдніх школ.

На любы кошт — ад 5 да 350 рублёў

Які ж кошт сёлетняга аздараўлення? Як вядома, сума складаецца з бацькоўскага ўзносу і дзяржаўнай датацыі.
Так, па папярэдніх падліках пуцёўка ў летні аздараўленчы лагер “Папараць-кветка” складае для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў 325,02 рубля, ад 11 да 13 гадоў — 335 рублёў, ад 14 да 17 гадоў – 350,20 рубля. Сума дзяржаўнай датацыі налічвае на адно дзіця 205 рублёў.
Датацыя ў лагер з дзённым знаходжаннем – 85 рублёў. Зыходзячы з гэтага, бацькам давядзецца заплаціць у залежнасці ад узроставай групы дзіцяці, ад 15 да 32 рублёў.
Не будзе моцна біць па кішэні і кошт пуцёўкі ў палатачны лагер, дзе датацыя на адно дзіця складае 88 рублёў.
Прыкладна такі ж кошт пуцёвак і для адпачываючых у лагеры дзённага знаходжання “Алімп”. Тут дзяржаўная датацыя — 100 рублёў.
Болей давядзецца аддаць з кішэні татам і матулям, чые дзеці пажадаюць прайсці курс аздараўлення ў лагеры абаронча-спартыўнага профілю “Выратавальнік” і лінгвістычным лагеры «Паліглот».

І яшчэ важны бонус

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ва ўсіх лагерах з дзённым і кругласутачным знаходжаннем прыняты выключныя санітарна-гігіенічныя меры, прадуманы пытанні правядзення мерапрыемстваў, бо педагогі і выхавальнікі не менш за бацькоў рупяцца, каб дзеці набраліся сіл і не захварэлі.

Мілана ТРАПЯНОК.

Дзе будуць адпачываць бярэзінскія дзеці?: 1 комментарий

  • 25 мая 2020 в 15:41
    Permalink

    Страшно отправлят детей в лагерь!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *