Дзе нарадзіўся, там і жыццё пражыць. Так лічыць малады спецыяліст ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс»

Галоўны інжынер ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”, 22-гадовы малады спецыяліст Мікіта Драгун пасля атрымання вышэйшай адукацыі застаецца ў родным раёне, дзе ўжо пачынае будаваць дом у вёсцы Паложына, недалёка ад бацькоў – жывёлавода і вадзіцеля мясцовай гаспадаркі. У мужчыны ёсць жонка і двое сыноў, а значыць, на ім і вялікая адказнасць за іх будучыню.

З-за таго, што ў час вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце Мікіта быў выдатнікам, а затым бліскуча абараніў дыпломную работу, хлопцу прапанавалі свабоднае размеркаванне. Ваганняў наконт таго, куды ехаць, не было: толькі на любую сэрцу родную Бярэзіншчыну.
«Мне карцела жыць ва ўласным доме ў роднай вёсцы, прывезці сюды сям’ю, — гаворыць М. Драгун. — Бо вялікія гарады зусім не па мне. Калі жыў у Мінску, то не ведаў, чым заняць вольны час. Цяпер жа, калі з сям’ёй апынуліся на малой радзіме, абзавяліся ўчасткам у Паложыне».
Калі мужчына прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, якраз пачыналася сяўба. І гэта быў экзамен не толькі для маладога інжынера, а і для тэхнікі: дапусціш прастой з-за паломкі — парушыцца тэхналогія раслінаводства. Ды дапамагалі адаптавацца ў гаспадарцы, а часам і бралі абавязкі на сябе, больш дасведчаныя калегі, з ліку якіх Мікіта асабліва вызначае цяперашняга галоўнага інжынера па рамонце Мікалая Сняжкова.
Перш-наперш уразіла маладога спецыяліста вялікая колькасць зямель “Бярэзінскага райаграсэрвіса”. Ды і тэхнікі тут таксама нямала. Вось і даводзіцца М. Драгуну рэгулярна аб’язджаць мехдвары гаспадаркі, назіраць за спраўнасцю машын і набываць па разумным кошце дэталі для іх рамонту. А ўвосень прайшла пастаноўка тэхнікі на захоўванне, з якой інжынерная служба справілася паспяхова.
Нягледзячы на загружанасць, спраўляецца з задачамі галоўны інжынер “на выдатна”: “Я з дзяцінства любіў тэхніку, падлеткам гадзінамі корпаўся ў сваім матацыкле. Зараз жа раю і брату, выпускніку другой гарадской школы, паступаць у БДАТУ на інжынера. У нас уся сям’я звязана з сельскай гаспадаркай, а дакладней з “Бярэзінскім райаграсэрвісам”: маці працуе тут жывёлаводам, бацька — вадзіцелем МАЗа”.
Жонка Мікіты нарадзілася ў Мінску, але таксама не чужая для нашага раёна. Пазнаёміліся яны, калі тая прыязджала ў Паложына да бабулі. Дзяўчына таксама аддавала перавагу вясковай цішыні, таму хутка знайшлі агульную мову. Разам сям’я будзе паляпшаць дабрабыт малой радзімы. Дык няхай жа ў іх жыцці атрымаецца ўсё, аб чым яны мараць.

Павел САЛАЎЁЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *