Дзякуй медыкам! Урач-інфекцыяніст Бярэзінскай ЦРБ Вольга Саскавец

Ад медработнікаў “засталіся” адны вочы… Стомленыя, строгія, упэўненыя, заклапочаныя… У аднолькавых белых спецыяльных халатах, масках, пальчатках… Толькі па вачах і пазнаеш, дзе хто. І тое, не заўсёды… У такой “уніформе” я нават з цяжкасцю пазнала ўрача-інфекцыяніста, загадчыцу інфекцыйнага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ Вольгу Саскавец.

— Спачатку і нам было складана прывыкнуць да такой экіпіроўкі. Нязручна працаваць увесь дзень, а тым больш суткі ў масцы, пальчатках, спецыяльным камбінезоне, ахоўных акулярах… Але гэта дзеля бяспекі нас і нашых пацыентаў, — пачынае гутарку Вольга Вітальеўна.
На маё пытанне, што змянілася ў рабоце пасля “прыходу” каранавіруснай інфекцыі, урач адказвае:
— Ведаеце, у медыцынскіх работнікаў не бывае мала спраў. Праца вельмі і вельмі адказная і напружаная. Многія думаюць, што мы зараз займаемся толькі “ковіднымі” хворымі. А іншыя хваробы зніклі? Што-месяц праходзяць дыспансерызацыю людзі з ВІЧ-інфекцыяй, гепатытамі, іншымі захворваннямі… Аддзяленне разлічана на 15 ложкаў — і нельга сказаць, што цяпер пацыентаў стала больш. У нас не палаты, а боксы. Медыцынскія работнікі, калі заходзяць у бокс, умоўна кажучы “брудную зону”, у так званых “прыдбоксніках” апранаюць спецыяльныя ахоўныя касцюмы. Выходзяць, адразу ж здымаюць іх. І ўрачы, і медсёстры, і санітаркі забяспечаны сродкамі індыві-дуальнай аховы.
У інфекцыйным аддзяленні калектыў невялікі – 18 чалавек. Ёсць і маладыя спецыялісты, і тыя, якія адпрацавалі тут не адзін дзясятак гадоў. Сама Вольга Вітальеўна прый-шла ў Бярэзінскую ЦРБ маладым спецыялістам пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. І ёй адразу даверылі такую адказную пасаду – загадчыка аддзялення.
— Складана? Гэта мала сказаць: спачатку было вельмі і вельмі напружана. Неабходна ж было з усім разабрацца. Мала таго, што я адказваю за здароўе пацыентаў, дык яшчэ неабходна наладзіць і работу аддзялення. А зараз прывыкла, — расказвае Вольга Вітальеўна. – І работа мне падабаецца. Бо медыцыну выбрала невыпадкова: мая бабуля Валянціна Сень шмат гадоў адпрацавала фельчарам “хуткай дапамогі” райбальніцы. Менавіта яна прывіла любоў да медыцыны. І я з дзяцінства марыла: абавязкова стану ўрачом і буду дапамагаць людзям.
Дзіцячая мара Вольгі Саскавец здзейснілася. І зараз ад яе залежыць здароўе і нават жыццё пацыентаў. Дзіўлюся, як гэта прыгожая дзяўчына спраўляецца са сваімі абавязкамі, асабліва ў такі няпросты час.
— Не, мне не страшна хадзіць на працу, — быццам прачытаўшы маё пытанне, адказвае Вольга Вітальеўна. — У інфекцыйным аддзяленні захоўваюцца ўсе меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Для ўсеагульнай бяспекі працуе бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра — устаноўка для абеззаражвання памяшканняў. Бясспрэчна, зараз нельга наведваць хворых, якія праходзяць лячэнне, як у інфекцыйным аддзяленні, так і ў іншых.
У раёне абстаноўка стабільная. Працуем сумесна з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі — калі ёсць адзіночныя ачагі ўспышак вострых рэспіраторных захворванняў, пнеўманій, то дзейнічаем хутка і аператыўна. Але ж, пагадзіцеся, многае залежыць і ад людзей. Даказана, што большасць хвароб пачынаецца з-за панікі, стрэсу. Галоўнае — не панікаваць! Калі ўзнікаюць пытанні наконт прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, можна тэлефанаваць на “гарачыя лініі” паліклінікі –55603 (кругласутачна), 5-56-26 (у рабочы час). Таксама можна звяртацца за кансультацыяй і ў аддзяленне ў рабочы час па нумары — 55591. Рэкамендую бярэзінцам з сімптомамі вострых рэспіраторных захворванняў неадкладна звяртацца за дапамогай. Лепш за ўсё, выклікаць урача на дом, патэлефанаваўшы ў рэгістратуру. Таксама пазбягаць месцаў масавага знаходжання людзей. Ёсць магчымасць — заставацца дома. Лепш не наведваць пажылых блізкіх, родных, але не пакідаць іх у адзіноце. Тэлефанаваць, цікавіцца здароўем. Калі неабходна, даставіць ім прадукты харчавання, лепш рабіць гэта ў масцы і пальчатках.
Нагадаем, што маску павінен насіць хворы чалавек, з прыкметамі вострых рэспіраторных захворванняў, людзі з групы рызыкі (пажылыя, інваліды), а таксама дзеля ўласнай бяспекі можна карыстацца маскай і пальчаткамі ў месцах масавага знаходжання людзей. Вядома ж, дасканала і як мага часцей мыць рукі, апрацоўваць іх антысептычнымі сродкамі. Здаецца, простыя правілы, але яны дапамогуць вам захаваць сваё здароўе і здароўе блізкіх.

…Вечар. Урач-інфекцыяніст Вольга Саскавец, нарэшце, здымае маску, пальчаткі… Выходзіць на вуліцу. Удыхае свежага паветра.
Чым зоймецца вечарам? Проста будзе адпачываць. Яна ўсміхаецца. І толькі стомленыя вочы выдаюць: быў напружаны дзень. Але нават у такія хвіліны яна не расчароўваецца ў абранай прафесіі. Вольга, як і яе бабуля, любіць медыцыну, не ўяўляе жыцця без бальніцы, пацыентаў, калег…

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *