Дзякуй медыкам! Юлія Хасіневіч: “Мару зноў паехаць на турзлёт і выступаць у нашай камандзе КВЗ”

Да Дня медыцынскага работніка старшая медыцынская сястра прыёмнага аддзялення Юлія Хасіневіч была адзначана Падзякай старшыні Бярэзінскага райвыканкама. Юлія Мікалаеўна шчыруе ў райбальніцы 17 гадоў. Зарэкамендавала сябе як вопытны работнік, чалавек на сваім месцы. А зараз працуе старшай медыцынскай сястрой асаблівага, як кажуць, “чырвонага” прыёмнага аддзялення.

Юлія Хасіневіч працуе ў райбальніцы 17 гадоў. Зараз яна старшая медыцынская сястра “чырвонага” прыёмнага аддзялення. А яшчэ Юлія Мікалаеўна – шматдзетная матуля, любячая і любімая жонка… і творчы крэатыўны чалавек

Аказваецца, Юлія Хасіневіч – шматдзетная матуля. У яе з мужам тры дачушкі. Старэйшая Інга заканчвае гандлёва-эканамічны каледж. А Марыя і Ганна — школьніцы.
— Сям’я – мая надзейная падтрымка, — заўважае Юлія. — Калі б не дапамога мужа Аляксея, я, вядома ж, не змагла б плённа працаваць, ды яшчэ і з хатнімі справамі спраўляцца. А яшчэ сям’я падтрымлівае, “хварэе”, калі выступае наша каманда КВЗ.
Так, Ю. Хасіневіч — творчы чалавек. Думаю, многія бярэзінцы ведаюць яе як актыўную ўдзельніцу КВЗ ад райбальніцы. Яна была і “Міс КВЗ”, ёсць дыплом і за лепшую жаночую ролю. А яшчэ жанчына любіць крэатывіць: робіць мыла, вышывае крыжыкам, майструе вырабы, да прыкладу, з гафрыраванай паперы… Юлія і ў турзлётах удзельнічае з велізарным задавальненнем.
— Сядзець на адным месцы і сумаваць – гэта не пра мяне, — дадае жанчына. — Імкнуся ўсюды ўдзельнічаць. Гэта і зараджае бадзёрасцю, аптымізмам, пазітывам, якія так патрэбны ў нашай нялёгкай, але такой неабходнай справе. Чаму абрала медыцыну? Ды дзядуля вельмі хацеў, каб я стала медыцынскім работнікам. І падала дакументы ў медкаледж. Але, шчыра прызнаюся, за 17 гадоў, якія я шчырую ў роднай райбальніцы, ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Мне здаецца, калі любіш справу, якой займаешся, то з любымі цяжкасцямі справішся.
Пачынала Юлія Мікалаеўна сваю працоўную дзейнасць медыцынскай сястрой аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі. Там адпрацавала чатыры гады. І атрымала каласальны вопыт. Затым некалькі гадоў шчыравала медыцынскай сястрой хірургічнага кабінета.
— Але маё прызванне, як мне здаецца, — медсястра прыёмнага пакоя, — дадае Ю. Хасіневіч.
Юлія Мікалаеўна — пазітыўны чалавек, быццам зараджае энергіяй. Адразу і не скажаш, што знаходзіцца, як кажуць, “на перадавой”. Зараз менавіта “чырвонае” прыёмнае аддзяленне прымае пацыентаў з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй, альбо з яе сімптомамі. Таму медыцынскія работнікі тут шчыруюць толькі ў спецыяльнай уніформе. Асаблівую спецыфіку работы выдаюць палоскі ад рэспіратара на твары…
— Ці страшна працаваць? Людзей жа патрэбна лячыць, а хто, калі не мы. Галоўнае, умець сябе абараніць. У нас хапае сродкаў індывідуальнай аховы. Апранаем аднаразовую шапачку, рэспіратар, дзве пары пальчатак, камбінезон, капюшон, бахілы, шчыток. У такой “уніформе”, вядома ж, працаваць спачатку было нязвыкла, быццам у лазні. А затым прывыклі. Зараз нават у магазін, на пошту, у банк… ходзім у сродках індывідуальнай аховы органаў дыхання. Прывучыла і дзяцей, і мужа, што без маскі лепш не выходзіць у людныя месцы.
Апранаемся ў спецыяльным боксе, распранаемся – ужо ў другім. Кожныя тры-чатыры гадзіны мяняем сродкі індывідуальнай аховы. Калі адчуваем, што неабходна выйсці на вуліцу, падыхаць, прайсціся… распранаем “уніформу” і выходзім. Няма такога, што, маўляў, нельга выходзіць, а лепш эканоміць сродкі індывідуальнай аховы.
У “чырвоную” зону медыцынскія работнікі не бяруць з сабой ніякіх асабістых рэчаў, толькі мабільны тэлефон. І то, ён у спецыяльнай сіліконавай абгортцы, якую пастаянна неабходна апрацоўваць антысептычнымі сродкамі.
— Я і дзяжурная медыцынская і старшая сястра. Графік – суткі праз двое, — расказвае Юлія Мікалаеўна. – З чаго пачынаецца працоўны дзень? Прымаю змену. Калі паступаюць пацыенты, афармляем іх у стацыянар: запаўняем амбулаторную картачку, вымяраем рост і вагу, робім кардыяграму. Разам са мной на дзяжурстве санітарка – Святлана Сяліцкая. Яна і суправаджае пацыентаў у аддзяленне. Вечарам — яшчэ і дзяжурны ўрач. А ў выхадныя дні ўрач з намі пастаянна.
І, ведаеце, нас вельмі падтрымлівае кіраўніцтва, — дадае Юлія Хасіневіч. — Гэта дарагога каштуе… Вядома ж, радуюць і даплаты, якія прадугледжаны Указам Прэзідэнта, але хочацца, каб хутчэй усё скончылася. І мы працавалі і жылі ў звыклым рэжыме. Мару зноў паехаць на турзлёт, зноў бегаць на рэпетыцыі і выступаць з нашай камандай КВЗ.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *