Электраацяпленне, рамонт страхі, тэст на каранавірус… З якімі пытаннямі звяртаюцца бярэзінцы ў «Грамадскую прыёмную»?

З 14 ліпеня штодня ў Бярэзінскім раённым цэнтры культуры (вуліца Кастрычніцкая, 23) з 13.00 да 19.00, а ў выхадныя дні з 10.00 да 12.00 працуе “Грамадская прыёмная”. Кожны жадаючы можа звярнуцца з хвалюючымі пытаннямі асабіста альбо патэлефанаваць — 8(01715)62052.

Прыём вядуць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Бярэзінскага райвыканкама Алена Лешкевіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Толкач

Электрыфікацыя, пясок і гравій, стан прыбярэжнай тэрыторыі – з такімі пытаннямі звярнуліся жыхары вёскі Жорнаўка

Тамара Жукоўская завітала ў “Грамадскую прыёмную” з пытаннем наконт рамонту страхі ў шматпавярховым доме. Зварот узяты на кантроль

Да прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкама, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна бярэзінцы могуць звярнуцца з праблемамі, атрымаць тлумачэнні нарматыўных дакументаў, кансультацыі кампетэнтных спецыялістаў.
У адзін з дзён вялі прыём начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Бярэзінскага райвыканкама Алена Лешкевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Толкач і журналіст раённай газеты.
Першым патэлефанаваў мужчына з Беразіно. Ён пражывае па вуліцы Сакалоўскага. Яго, ды іншых жыхароў вуліцы і бліжэйшых не задавальняе стан вады. Мужчыну цікавіла, ці могуць іх падключыць да цэнтральнага водаправода, каб вада была смачнай і чыстай.
Адказ дала Алена Аркадзьеўна:
— Гэта пытанне ў нас ужо на кантролі. Некалькі чалавек звярталіся з ім і раней. Дамы па вуліцы Юбілейнай і Сакалоўскага падключаны да свідравіны Бярэзінскага ПМС. Аднак, вядома, што сёлета ў горадзе пачаў функцыянаваць сацыяльна-значны аб’ект “Пазапляцоўкавыя сеткі і збудаванні водазабеспячэння горада Беразіно”. У складзе яго — станцыя абезжалезьвання і другога пад’ёму вады, а таксама шэраг замененых водаправодных сетак па горадзе, пяць новых артсвідравін (адна — у рэзерве), каналізацыйная станцыя з напорным калектарам і два рэзервуары аб’ёмам па 1000 куб. м кожны. Напор вады ў кватэрах цудоўны, вада чыстая. Людзі пра гэта ведаюць. Хочуць, каб і іх падключылі да цэнтральнага водаправода. Зараз мы ўзялі пробы вады, каб паглядзець, у якім яна стане, а таксама пралічыць затраты на падключэнне да цэнтральнага водазабеспячэння.
Затым патэлефанавала бабуля з вёскі Падваложка – Ніна Путрык. Яна са слязьмі расказвала, як да яе прыйшлі правяраць лічыльнік святла і ўказалі на парушэнні, за якія пагражае значны штраф.
Тут жа звязаліся з дзяржаўным інспектарам Бярэзінскай раённай энергагазінспекцыі Яўгеніем Папругам. І як аказалася, у службы няма пытанняў да Ніны Іванаўны. А прапаноўвалі свае паслугі, пагражалі штрафам людзі з прыватнай арганізацыі.
— Паважаная Ніна Іванаўна, не засмучайцеся, ніякі штраф Вам не пагражае, — патлумачылі мы. – Калі ласка, у наступны раз папрасіце ў правяраючых пасведчанне. А калі ўзнікаюць нейкія пытанні, лепш патэлефанаваць у службу, адкуль прыйшлі правяраючыя. Будзьце пільнымі – злодзеі не дрэмлюць!
На прыём завітаў Святаслаў Лапыцька з Жорнаўкі.
— Прыблізна месяц таму прыйшло з Мінэнерга паведамленне. Адмовілі ў выдачы цеплаўмоў на электразабеспячэнне (ацяпленне).
Адказ дала Людміла Толкач:
— Думаю, Вам і ў афіцыйным лісце патлумачылі, што ўсё залежыць ад электрападстанцыі, адкуль паступае электраэнергія (час увядзення ў эксплуатацыю, тэрмін службы). З такімі праблемамі, як у Вас, звяртаюцца многія жыхары сельскай мясцовасці. Зразумела, адразу замяніць усе электрападстанцыі немагчыма. Але гэтае пытанне на кантролі. Яно паступала падчас прыёму грамадзян дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігарам Лаўрыненка, выступленняў у працоўных калектывах даверанай асобы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Лук’янава. Мы
зараз робім усё неабходнае, каб і раён уключылі ў план Мінэнерга “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Побач “крочаць” пытанні з гарачым водазабеспячэннем. Звяртаемся ў розныя інстанцыі, каб для бярэзінцаў зрабілі льготныя ўмовы на выкарыстанне электраэнергіі.
Святаслава Васільевіча яшчэ цікавіла, дзе набыць у Бярэзінскім раёне гравій, чарназём, пясок.
Растлумачыла Алена Лешкевіч:
— Гэтае пытанне таксама цікавіць многіх. Пакуль гравій і пясок можна набыць у ДРБУ № 192. Але ў планах – адкрыццё кар’ера ў раёне.
— Мяне турбуе стан прыбярэжнай тэрыторыі каля ракі. Калі мы пачнём клапаціцца пра прыроду? — задаў яшчэ адно пытанне Святаслаў Васільевіч.
— Тэрыторыя працягласці Бярэзіны значная. І ачысціць яе цалкам – справа не аднаго дня і нават месяца, года. Гарадскі пляж, зоны адпачынку, месцы для купання — добраўпарадкаваны, там чыста і камфортна, — дала адказ Алена Аркадзьеўна.
У “Грамадскую прыёмную” звярнулася Тамара Жукоўская.
— Я жыву ў доме па вуліцы Максіма Горкага, 31, на пятым паверсе. У мінулым годзе, калі быў велізарны лівень, нас затапіла. Над маёй кватэрай знаходзіцца вадасцёк. І калі на страсе збіраецца вада, яна цячэ ў маю кватэру. Хацелася б, каб правялі поўнасцю (не часткова!) рамонт страхі.
Ёй таксама далі адказ:
— Рамонт дамоў праходзіць згодна з графікам. Вашае пытанне, Тамара Мікалаеўна, узята на кантроль.
Было яшчэ некалькі тэлефанаванняў. Да прыкладу, жанчына цікавілася, дзе можна здаць тэст на каранавірусную інфекцыю. Ёй патлумачылі, што ў райбальніцы экспрэс-тэсты на каранавірус робяць для хворых па паказаннях на бясплатнай аснове. А ўсе жадаючыя могуць зрабіць платна. Для гэтага неабходна звярнуцца ў працэдурны кабінет у будны дзень з 8.00 да 12.00. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у даўрачэбным кабінеце па тэлефоне 50675.
Пытанні, з якімі звяртаюцца бярэзінцы, вырашаюцца на месцы альбо бяруцца на кантроль. Ніхто не застаецца без увагі.
— Галоўная задача “Грамадскай прыёмнай” – дапамагчы бярэзінцам, растлумачыць, падказаць, — дадала Алена Лешкевіч. – Я заўсёды гавару, што нічога немагчымага няма. Галоўнае, прыкласці максімум намаганняў для вырашэння таго альбо іншага пытання.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *