Электронны рэцэпт, “бальніца” на колах, урачы агульнай практыкі, альбо Навінкі ў галіне медыцыны

Дайсці да кожнага жыхара Бярэзіншчыны, абследаваць, дапамагчы, назначыць, калі неабходна, кваліфікаванае лячэнне, прывучыць людзей клапаціцца пра сваё здароўе, нармалізаваць дэмаграфічную сітуацыю… — такія галоўныя задачы ставяць перад сабой медыцынскія работнікі Бярэзінскай ЦРБ. Сёння мы вырашылі пацікавіцца, як гэтыя задачы рэалізуюцца на практыцы.

Замест тэрапеўтаў – урачы агульнай практыкі

Як кажуць, кадры вырашаюць усё, у райбальніцы на сёння ўкамплектаванасць кадрамі амаль на 100%. Паступова ўстанова аховы здароўя пераходзіць на больш сучасныя формы аказання медыцынскай дапамогі — інтэнсіўна ўкараняецца інстытут урача агульнай практыкі. Ужо сёння ў Бярэзінскай ЦРБ працуюць 16 урачоў агульнай практыкі. Гэта, можна сказаць, урачы-ўніверсалы. Валодаюць ведамі і ўменнямі не толькі тэрапеўта, але і афтальмолага, оталарынголага, неўролага і хірурга…
У райбальніцы заўсёды рады і адукаваным маладым спецыялістам, якія гатовы працаваць, прымяняць багаж тэарэтычных ведаў на практыцы. І калі раней маладыя спецыялісты адпрацавалі — і хутчэй у вялікі горад, то зараз большасць застаецца шчыраваць менавіта ў Бярэзінскай ЦРБ. Дарэчы, з ліку маладых за перыяд з 2015 года па цяперашні час 11 занялі кіруючыя пасады. Ды і галоўны ўрач Крысціна Крук прыйшла ў райбальніцу маладым спецыялістам.

“Электронны” рэцэпт

Раніца. Каля рэгістратуры ў райбальніцы чарга невялікая. Заўважаем, што некаторыя падыходзяць да інфакіёска, які размешчаны на першым паверсе паліклінікі. Падыходзім і мы да яго. Некалькі лёгкіх аперацый… І ў руках талон да неабходнага спецыяліста. Зручна.
Дарэчы, талоны да таго альбо іншага ўрача можна заказаць і анлайн. Таксама райбальніца паступова пераходзіць на электронную амбулаторную карту, электронны рэцэпт.
У мінулым годзе абнавілі і сайт ЦРБ — там змяшчаецца актуальная інфармацыя аб рабоце ўстановы, можна пазнаёміцца са спісам паслуг.

Сучаснае абсталяванне і камфортныя ўмовы

Пагадзіцеся, лячэнне пачынаецца ўжо тады, калі чалавек ступае на тэрыторыю медыцынскай установы. Таму ўсё павінна спрыяць добраму настрою. Райбальніца змяніла свой выгляд: у многіх аддзяленнях праведзены рамонт. За апошнія гады абнавіліся і ФАПы.
Асноўная функцыя ўстаноў аховы здароўя — захоўваць і ўмацоўваць здароўе насельніцтва. Таму нельга адставаць ад сучасных тэхналогій. У райбальніцы за апошнія гады закуплена шмат сучаснага абсталявання: апарат электрахірургічны, насос інфузіённы шпрыцавы, дэфібрылятар, фібрабронхаскоп, інгалятары кіслародныя, спірометры…

Медыцынская дапамога з дастаўкай на дом

Ужо другі год “калясіць” па Бярэзіншчыне “міні-бальніца” на колах — перасоўны медыцынскі комплекс. Фельчар, загадчык перасоўнага медыцынскага комплексу Аляксей Свірбут аказвае медыцынскую дапамогу людзям з 29 населеных пунктаў

Другі год “калясіць” па Бярэзіншчыне ўнікальная “міні-бальніца” на колах — перасоўны медыцынскі комплекс. Дзякуючы медкомплексу можна абследаваць пацыентаў нават у самай аддаленай вёсцы, назначыць кваліфікаванае лячэнне, а калі неабходны больш дэталёвы медагляд — накіраваць у райбальніцу. Ён абслугоўвае 29 населеных пунктаў раёна, у першую чаргу тыя, дзе няма стацыянарных ФАПаў. У “бальніцы” на колах пацыентаў можа агледзіць доктар, нават акушэр-гінеколаг, можна зняць электракардыяграму, зрабіць ультрагукавое даследаванне, узяць аналізы, набыць неабходныя медыкаменты… Па графіку выязджаюць з медкомплексам і ўрачы вузкіх спецыяльнасцяў. Пагадзіцеся, пажылыя людзі не заўсёды могуць самі дабрацца да ФАПа, не кажучы ўжо пра райбальніцу. А медкомплекс, калі трэба, пад’язджае прама да дома.

Прафесіяналы, актыўныя і спартыўныя!

Бярэзінская ЦРБ – дружная, зладжаная каманда пра-фесіяналаў. Таму і вынікі працы навідавоку. У “скарбонцы” — вялікая колькасць узнагарод розных узроўняў. Да прыкладу, па выніках работы за 2019 год райбальніца адзначана дыпломам трэцяй ступені за якасць медыцынскага абслугоўвання. Летась у Заслаўі прайшлі “II адкрытыя Гульні-спаборніцтвы сярод брыгад службы хуткай медыцынскай дапамогі Мінскай вобласці 2019”. Каманда Бярэзінскай ЦРБ упершыню заняла трэцяе месца! Ёсць, вядома ж, у медыцынскіх работнікаў і асабістыя граматы, падзячныя лісты раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў.
Каманда ЦРБ удзельнічае і ў спартыўных спаборніцтвах. Ёсць і свая зладжаная каманда КВЗ.

Юлія БУКЕЛЬ
Фота аўтара і Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *