Ева Стаселька з Беразіно прытуліла ў сваім доме некалькі дзясяткаў катоў і сабак

Хтосьці скажа: «Звар’яцела!», а нехта палічыць яе героем нашага часу. За сваё жыццё Ева Стаселька прытуліла ў сваім доме па вуліцы Марыі Рамановіч некалькі дзясяткаў катоў і сабак, яшчэ шмат якім жывёлам дапамагла знайсці добрых гаспадароў і ўтульны дом.

З жывёламі Еве бывае няпроста. Вось не жадае ніяк сядзець на руках гаспадыні Эльза. Ды і Рыжунні не па душы дзяліць увагу жанчыны з новай коткай. Аднак жывёлы ведаюць, што гаспадыня кожнага палашчыць. Таму, хоць неахвотна, але пагаджаюцца быць разам у адным кадры

— Раней ніводная вясковая сядзіба і кватэра не ўяўляліся без коткі альбо сабакі, — гаворыць жанчына. — Яны былі ахоўнікамі сямейнага дабрабыту і лічыліся паўнавартаснымі членамі сям’і. Ды і заўчасная смерць гадаванца была для сям’і сапраўднай трагедыяй. Затое сёння мілыя коткі і шчанюкі ператварыліся ў цацкі, з якімі можна пагуляць, а потым без грызот сумлення выкінуць на вуліцу ці, куды горш, занесці проста ў скрыні на сметнік.
Ведае гэта жанчына не па чутках, а дакладна. На газоне каля туй хаваецца ад гарачыні і чужых вачэй вялікая рыжа-белая котка з пранізлівымі наскрозь вялікімі вачамі. Яна – сапраўдная прагажуня і міжволі прыцягвае да сябе ўвагу.
— У яе і характар няпросты, дзіўна цярплівы і ганарлівы, галоднай будзе, але выгляду не падасць, — расказвае жанчына. — А ўсё таму, што яна рана зведала здраду людзей, якія выкінулі яе ўвосень кацянём на вуліцу, двойчы трапіла ў зубы сабакам, перажыла складаную аперацыю і сёння кульгае на трох лапах.
Побач з Рыжунняй каля градак мірна адпачывае Мурка. Яна трохколерная і невялікая, магла б упісацца ў інтэр’ер кватэры альбо дома. Некалькі дзён таму яна нарадзіла траіх кацянят.

А гэта кацяняты Муркі. Жанчына спадзяецца, што чыесьці сэрцы заб’юцца мацней — і яны пажадаюць падарыць ім сваю любоў. Гэтым неабыякавым людзям жанчына абяцае дапамагчы

Паважліва абыходзіць падворак тоўсты, шэры велікан Піначэт. Яго ваяўнічы і баявы характар выдае левае парванае вуха.
— Гэта не ўсе нашы жывёлы, — працягвае жанчына. – Вось шы-тцу. Ён ужо стары і боль цярпець не можа. Енчыць і патрабуе кожную хвіліну ўвагі. Чатырнаццаць гадоў жыве з намі. А ў доме — новая махнатая жыхарка Эльза. Яе ў чэрвені прывезла з Чарнагорыі, дзе гасцявала ў дачкі.
У доме Евы для жывёл – сапраўднае раздолле. Паўсюдна ў пакоях стаяць місачкі з ежай, у спецыяльным доміку ўтульна сябе адчуваюць кацяняты, а яшчэ маецца вялікі, дагледжаны двор — і ўваход хвастатым не забаронены ва ўсе пабудовы.
Нягледзячы на незвычайную колькасць жывёл, у доме Евы вельмі прыгожа і акуратна: усё патанае ў кветках, добры рамонт, прыгожая мэбля і сучасная тэхніка. Вялікую ўвагу гаспадары надаюць чысціні, таму ніякага паху жывёл не адчуваецца.
— Ніколі не думала, што ў мяне будзе столькі жывёл у доме. Нават зараз не ведаю, колькі дакладна хвастоў, — кажа жанчына. —
Большасць з жывёл падкінулі, ведаючы маё добрае сэрца, але захаваць пастаянную колькасць не ўдаецца. Шмат катоў знікаюць бясследна, гінуць пад коламі машын альбо атручваюцца па віне «добразычліўцаў». Не выратоўвае ад небяспечных вандровак нават высокая агароджа. Таму кашэчы лёс не зайздросны.
Ева пільна сочыць за станам здароўя жывёл і не шкадуе, калі трэба, сродкаў на лекі.
Кожны тыдзень на катоў патрэбна затраціць 25 рублёў і гэта пры тым, што жанчына корміць іх тры разы на дзень. Сухі корм раскладзены па пакетах. Добрае харчаванне змяншае колькасць затрат на лекі і вітаміны. Грошы патрабуюцца для стэрылізацыі жывёл, аднак Ева гатова кожнаму, хто возьме ў яе кацяня, даць 50 рублёў і дапамагчы з наглядам па першым часе. Галоўнае, каб людзі не падманулі і не выкінулі котку на вуліцу.
— Каты не патрабуюць шмат укладанняў, — прызнаецца жанчына. – Куды больш ім неабходны ласка і добрае слова, ды і даюць яны людзям значна больш, чым бяруць. Праганяюць дрэнны настрой і стому, здымаюць галаўны боль і напаўняюць свет дабрынёй.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *