Філасофія скандынаўскай хадзьбы

Таццяна Яроцкая з Беразіно — пенсіянерка са стажам, але яе зграбная постаць, зайздросная рухавасць і жывы бляск у вачах нічым не выдаюць пенсійны ўзрост.

— А ўсё таму, што я яшчэ з маладосці была актыўным прыхільнікам здаровага ладу жыцця, не баялася асвойваць новае, невядомае, — расказвае пра сябе жанчына. — Ды і на пенсіі мне цікавасці да жыцця не пазычаць — няма часу “валяцца” на канапе. Трэба і дома нешта зрабіць, ды і дзецям з унукамі дапамагчы. Спраў у мяне штодзень багата, а ўпраўляцца з імі дапамагаюць заняткі ў аддзяленні дзённага знаходжання для састарэлых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны — мая ўнікальная крыніца бадзёрасці, аптымізму, сакрэт даўгалецця і бясконцай энергіі.
Тут Таццяна Іванаўна — пастаянны і актыўны наведвальнік. Спачатку наведвала заняткі па камп’ютарнай пісьменнасці, а ў мінулым годзе ўпадабала і скандынаўскую хадзьбу. Да навамоднага віду спорту жанчыну і яшчэ некалькіх бярэзінцаў далучыў кіраўнік гуртка “Крыніца здароўя” Арцём Мышчанка. Ён у пэўным сэнсе першапраходзец, бо першым у раёне дасканала асвоіў скандынаўскую хадзьбу, на ўласным вопыце ведае карысць і перавагі гэтага занятку і ўжо сабраў вялікую армію прыхільнікаў. Амаль кожны дзень мы сустракаем людзей, якія “шпацыруюць” у розных куточках горада з палкамі. Пэўны майстар–клас па асваенні новага віду фізічнай актыўнасці дае бярэзінцам усіх узростаў Арцём МЫШЧАНКА:

Што ж такое скандынаўская хадзьба?

Скандынаўскай хадзьбой можна назваць фізічную актыўнасць, якая ўяўляе сабой хадзьбу па пэўнай методыцы, пры дапамозе палак. Таксама ёсць і іншыя назвы ў гэтага віду фізічнай актыўнасці — фінская, нардычная, паўночная хада.
Асновай методыкі з’яўляюцца трэніроўкі фінскіх лыжнікаў, якія такім чынам падтрымлівалі спартыўную форму ў міжсезоннасць.
Бярэзінцы ўпадабалі гэты спартыўны занятак не толькі за выдатную магчымасць умацаваць сэрца і сасуды, тым самым пазбегнуць інсультаў, але і за выдатны шанц з карысцю пападарожнічаць па родным горадзе.

Як узнікла скандынаўская хадзьба?

Як ні дзіўна, аднак скандынаўская хадзьба паспяхова выкарыстоўвалася яшчэ да вайны. Заснавальнікамі яе былі лыжнікі Фінляндыі. Яны так баяліся за лета страціць форму і навыкі, што вырашылі трэніравацца без лыж, выкарыстоўваючы толькі лыжныя палкі. Да таго ж, трэніроўкі праходзілі ў летні час, гэта значыць, без снегу. Тады і была адзначана карысць і эфектыўнасць гэтых заняткаў.
Факт эфектыўнасці выклікаў цікавасць у спецыялістаў у галіне спартыўнай медыцыны. У васьмідзясятых гадах хадзьба была дасканала вывучана, даказаны яе станоўчы ўплыў на арганізм, а таксама высокая эфектыўнасць. З прычыны гэтага яна стала папулярнай спачатку ў Скандынавіі, а затым і ва ўсім свеце. У Беларусь яна прыйшла прыкладна гадоў дзесяць таму, але вельмі хутка знайшла прыхільнікаў, спачатку сярод састарэлых, а затым і сярод моладзі.

У чым сакрэт папулярнасці скандынаўскай хадзьбы?

Ён відавочны: гэтым відам спорту можна займацца круглы год. Трэніроўка патрабуе наяўнасці толькі спецыяльных палак.
Апрача гэтага, навамодная хадзьба — выдатны спосаб пахудзець. Палічыце самі: за ўрок пілатэс можна страціць да 200 ккал, танцы дазволяць развітацца з 400 ккал. Гадзіна заняткаў з палкамі дазволіць «згубіць» каля 700 ккал.
Ды і не менш простая для разумення і рэалізацыі тэхніка скандынаўскай хадзьбы з палкамі. Варта прытрымлівацца яе рэгулярна, не прапускаць заняткі —
і тады хадзьба стане выдатным курсам рэабілітацыі для людзей, якія маюць праблемы з пазваночнікам. Гэты від фізічнай актыўнасці рэкамендаваны тым, у каго хворае сэрца, праблемы з лёгкімі, лішняя вага.

ПЕРАВАГІ ЗАНЯТКАЎ

• Паступова, раўнамерна і комплексна ўздзейнічаюць на ўвесь цяглічны гарсэт.
• Умацоўваюць мышцы плечавога пояса і таза.
• Дапамагаюць пры астэахандрозе.
• Павышаюць крывацёк і мікрацыркуляцыю ў цягліцах за кошт іх разагрэву.
• Стымулююць работу сэрца, паляпшаюць працаздольнасць лёгкіх.
• Актывізуюць работу мозга, паляпшаюць памяць.
• Акрамя гэтага, трэніроўка стымулюе работу ўсіх суставаў, што таксама з’яўляецца станоўчым момантам.
• Палкі даюць дадатковую нагрузку на рукі і плечы, адначасова змяншаючы нагрузку на ногі. Гэта асабліва важна для дзяцей, у якіх яшчэ не сфарміраваны пазваночнік, і пажылых людзей.
• Трэніроўкі не прывязваюць вас да канкрэтнага месца, пары года.
• Плюсам будзе і тое, што актыўнасць на свежым паветры нармалізуе сон, паляпшае эмацыянальны фон.

Якія супрацьпаказанні?

Нягледзячы на відавочныя перавагі, заняткі, як і любы іншы від фізічных нагрузак, маюць супрацьпаказанні. Тым, хто вырашыў усё ж асвоіць гэты від фізічнай актыўнасці, варта ведаць, што хадзьба не рэкамендуецца і забаронена пры:
• траўмах плечавога пояса;
• гіпертаніі ў стадыі абвастрэння;
• хранічных захворваннях апорна-рухальнага апарату;
• дэгенератыўных зменах пазваночніка;
• праблемах з лёгкімі і дыхальнымі шляхамі.

Працяг чытайце ў газете № 31 за 22 красавіка.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *