Фінал акцыі «Міншчына спартыўная – за Беларусь!» прайшоў у Маладзечне!

Тут 13 верасня былі наладжаны спаборніцтвы абласных спартыўна–масавых мерапрыемстваў па здачы нарматываў пятай ступені «Здароўе і прыгажосць» Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь «Міншчына спартыўная – за Беларусь!». Удзельнікамі турніру сталі каманды з усіх куточкаў Міншчыны.


– Назва акцыі невыпадковая, — зазначыў у прывітальным слове начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Яўгеній Булойчык. — У сённяшняй няпростай палітычнай сітуацыі яна — рэальная магчымасць паказаць, што мы любім і шануем сваю краіну. Цяжка пераацаніць уклад дзяржавы ў развіццё айчыннага спорту. Штогод узводзяцца новыя спартыўныя аб’екты і міні-футбольныя пляцоўкі. І сённяшняя наша задача – задзейнічаць іх, каб перадаць пачуццё любові да спорту і фізічнай культуры будучым пакаленням.
Ірына Зябко прыехала на фінальныя спаборніцтвы ў складзе бярэзінскай каманды, дзе былі таксама спартсмены—аматары, якія сталі пераможцамі раённага этапу спаборніцтваў з ліку 20 каманд. Нехта захапляецца футболам, другі гадзінамі пацее ў трэнажорнай зале. А вось Ірыне і яе мужу Аляксандру падабаецца бег.
— Для нас кожныя спаборніцтвы — вялікае свята, — расказвае Ірына Аляксандраўна. — Удзельнічалі разам у «Языльскай дзясятцы», бегалі паўмарафон. Звычайна бяром з сабой дзяцей, каб вучыліся культурна адпачываць і далучаліся да здаровага ладу жыцця і спорту.
Ірына працуе спецыялістам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, яе муж Аляксандр – педагог. Абодва яны заняты цэлы дзень, але ніколі не прапускаюць вячэрнія прабежкі.
— Люблю пераадольваць доўгія дыстанцыі, па душы мне віды спорту на моц і вынослівасць, – гаворыць Ірына Зябко. — Думаю — у мяне
ёсць рэальны шанц на перамогу!
У праграму фінальных спаборніцтваў абласнога спартыўна-масавага мерапрыемства па здачы нарматываў пятай ступені «Здароўе і прыгажосць» увайшлі скачкі ў даўжыню з месца, падыманне тулава са становішча лежачы на спіне, нахілы, падцягванне на перакладзіне і бег. Спартсмены змагаліся ва ўзроставых групах: мужчыны і жанчыны 23-29 гадоў, 30-39 гадоў, 40-49 гадоў.
Пераможцы вызначаліся ў мнагабор’і, у кожным відзе праграмы, у кожнай узроставай групе. Для ўсіх арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі памятныя медалі, якія ўручыў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Кавалёў.
Ганаровымі граматамі былі ўзнагароджаны дзясяткі спартсменаў, якія занялі прызавыя месцы ў розных узроставых групах і намінацыях. Узнагароды пераможцам уручаў асабіста Яўгеній Булойчык. З ліку бярэзінцаў іх атрымалі Таццяна Андрыевіч, Раман Ляшчук, Аляксандр і Ірына Зябко, Людміла Ялінская і Надзея Смоляр.

Мілана ТРАПЯНОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *