Бярэзінцы на форуме “Беларусь – гэта мы”

У мінулую пятніцу больш за 800 маладых людзей сабраў першы абласны Мінскі маладзёжны форум “Беларусь – гэта мы”. У ім прыняла ўдзел і дэлегацыя ад Бярэзінскага раёна: маладыя педагогі, медыкі, бібліятэкары, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловасці, СМІ…

Стартаваў форум у Доме афіцэраў у Мінску з прагляду фільма пра галоўныя дасягненні цэнтральнага рэгіёна. Вітала прысутных старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая:

— Наш форум — гэта цудоўная магчымасць паказаць сябе, абмяняцца думкамі, абмеркаваць перспектывы развіцця сваёй сферы, раёна і краіны. Бо для нас, цяперашніх кіраўнікоў, вельмі важна ваша меркаванне, таму што вам, маладым, будаваць будучыню нашай краіны. Сёння вы ўжо ўключаны ў рэальнае жыццё. Многія з вас ужо сталі як педагогамі, урачамі, работнікамі вытворчасці, творчымі асобамі. Але самае галоўнае — вы маладыя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Гледзячы на вас, такіх прыгожых, разумных, мэтанакіраваных, перакананая — усё атрымаецца. Для вас сёння створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі самых амбіцыйных планаў. У вас усё наперадзе, і разам мы павінны даказаць, што ў нас сапраўдная, самая лепшая моладзь, якая любіць сваю краіну. Будзьце адкрытымі, працавітымі і адданымі сваёй Радзіме!

Далей удзельнікі форуму раздзяліліся на групы: наведалі лепшыя прадпрыемствы, сацыяльна значныя аб’екты сталіцы і Мінскай вобласці. Сярод іх – Нацыянальная бібліятэка, “Белджы”, агракамбінат “Дзяржынскі”, Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж… Група, у якую ўваходзіла я, накіравалася ў індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Мяне парк уразіў сваёй маштабнасцю: плошча больш за 100 квадратных кіламетраў! Гэта, можна сказаць, вялікі, сучасны, міжнародны экагорад. Парк яшчэ будуецца. Тут будуць размешчаны вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры. Вядома ж, моладзь цікавілася, як трапіць сюды на працу.

— Калі толькі пачыналі будаваць парк, то большасць работнікаў была з Кітая, зараз – у асноўным беларусы, — заўважыў прадстаўнік ад “Вялікага камня”. — Калі ў нас ёсць вакансіі, мы размяшчаем іх на сваім сайце. Дасылайце рэзюмэ і яго абавязкова разгледзяць. Адно вельмі важнае патрабаванне – веданне кітайскай альбо англійскай мовы.

Далей мы пераехалі ў Барысаў. У розных установах горада працавалі секцыі па напрамках «Сацыяльная сфера», «Сельская гаспадарка», «Эканоміка, прамысловасць, фінансы», «Будаўніцтва, транспарт, ЖКГ». Я прымала ўдзел у апошняй секцыі. Мы завіталі ў філіял БНТУ “Барысаўскі політэхнічны каледж”. Згадала сваё студэнцкае жыццё: для нас правялі экскурсію па каледжы, навучэнцы паказалі, расказалі, чым яны займаюцца. Была наладжана і выстава вырабаў, зробленых самімі навучэнцамі. Маю ўвагу прыцягнулі ружы, вырабленыя метадам электрадугавой зваркі: такі букет, дакладна, ніколі не завяне. А яшчэ здзівілі незвычайныя шахматы. Як аказалася, чорнага колеру, зроблены на 3-d прынтары, а шэрага – уласнаручна.

Апошняя кропка маршруту – палац культуры імя Горкага ў Барысаве. Нас віталі мімы, і “жывыя” статуі. На працягу ўсяго мерапрыемства працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе былі прадэманстраваны асноўныя віды дзейнасці ў рабоце з моладдзю. На платформе «Пункты міру» ўдзельнікам форуму прапанавалі павязаць на руку чырвона-зялёную стужачку, як сімвал міру, бяспекі і спакою Беларусі. Асабліва спадабалася пляцоўка МНС. Яны прапаноўвалі апрануць 3D акуляры — трэнажор для адпрацоўкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях з выкарыстаннем элементаў віртуальнай рэальнасці.

І вось самы доўгачаканы момант: адкрыты дыялог. Галоўнымі спікерамі былі першы намеснік старўынні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Ляўковіч, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк і старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзій Дзенгалёў.

Дзмітрый Варанюк зачытаў прывітальнае слова моладзі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і запэўніў, што самыя лепшыя, каштоўныя ініцыятывы перададуць Прэзідэнту.

Было шмат пытанняў, якія датычыліся жылля для маладых спецыялістаў, ільготнага крэдытавання, як, увогуле, зацікавіць моладзь, каб яна пасля адпрацоўкі заставалася і далей шчыраваць на першым працоўным месцы. Цікавіла моладзь і развіццё інфраструктуры ў невялікіх гарадах. Адным словам, падымаліся тэмы, якія хвалююць кожнага маладога чалавека.

Завяршыўся форум позна вечарам, урачыстым канцэртам з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

Каментарыі ўдзельнікаў форуму:

Аліна ФЕСАВЕЦ, бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі:

— Я прыступіла да работы са жніўня. Я не мясцовая, прыехала ў Беразіно па размеркаванні. Калі прапанавалі паўдзельнічаць у форуме, з радасцю пагадзілася. Мерапрыемства спадабалася сваёй навізной: пазнавальныя экскурсіі, новыя веды, цікавыя знаёмствы.

Улад СІНЯК, рэдактар тэхнічны раённай газеты:

— Я таксама працую нядаўна. Упершыню ўдзельнічаю ў такім форуме. Здзівіў “Вялікі камень”. Было цікава завітаць у філіял БНТУ, паглядзець, чым займаюцца навучэнцы. Асабліва ўразіла выстава іх вырабаў. Запомніўся і канцэрт з удзелам беларускіх артыстаў.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *