Гаспадыня жоўтага раю

– Я рада, што вы адгукнуліся на маё запрашэнне, — з усмешкай сустрэла мяне Галіна Аляксандраўна Лазарава. – Вось паглядзіце на мой жоўты рай. Менавіта так я называю сваю сядзібу, што засталася мне ў спадчыну ад бацькоў. Дакладней, ад бацькоў перадалася не толькі хата, а і сувязь з раёнкай. А гэтыя жоўтыя цюльпаны я ўжо сама “нагадавала”. Шкада, хутка адцвітуць, а на вашых фотаздымках застануцца…

Сапраўды, прыгожа і з густам добраўпарадкавала Галіна Аляксандраўна свае прысядзібныя соткі. Жоўтыя цюльпаны цвілі і пад яблынькамі, і каля імправізаванай з пруткоў агароджы, і на клумбе, якая працягнулася змейкай уздоўж брамы.
На вокнах таксама кветкі – тут пануе герань, каля ўвахода ў хату распускаў пакрысе свае пяшчотныя бутоны клімаціс, а ў ружовай гартэнзіі – свой, іншы, куточак. Акрамя таго, знайшлі тут сабе месца і туі сартоў Брабант і Смарагд, ядловец Бансай…
— Вельмі люблю прыязджаць сюды, — дадае Галіна Аляксандраўна. – Беразіно – гэта мая родная старонка. Хаця, з таго часу, калі я “вылецела з бацькоўскага гнязда”, прайшло шмат гадоў, даўно жыву ў Мінску, 21 год прарабіла ў кветкавым магазіне.
Маё дзявочае прозвішча – Грэк. Бацькі ў горадзе былі добра вядомымі – матуля, Ніна Рыгораўна, выкладала нямецкую мову ў сярэдняй школе №1, а тата, Аляксандр Яфімавіч, усё жыццё працаваў у сферы гандлю, нейкі час нават быў старшынёй райспажыўтаварыства.
Колькі сябе памятаю, яны ўсё жыццё крочылі “нага ў нагу” з раёнкай, заўжды выпісвалі. А я, калі прыязджаю са сталіцы і наведваюся ў “ТрыА”, заўжды яе купляю. Каб даведацца, што робіцца ў раёне, якія падзеі адбываюцца на Бярэзіншчыне; якія юбілеі святкуюць бярэзінцы, знаёмыя і незнаёмыя; як развіваецца раён.
Зараз разам з сынам і яго сям’ёй збіраюся паехаць адпачываць на Кіпр. Але ведаю: нумар, у якім надрукуеце артыкул пра мой жоўты рай, абавязкова зберагуць для мяне мае добразычлівыя суседзі.

Алена ГРОМАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *