Гатуем разам з «БП». Рэцэпты смачнасцей ад Бярэзінскага лясгаса

Зараз лепш больш часу праводзіць дома. Чым заняцца, каб не сумаваць? Як варыянт, навучыцца гатаваць альбо ўдасканаліць свае навыкі! Сёння мы завіталі ў сталовую Бярэзінскага лясгаса. Сакрэтамі кулінарнага майстэрства з нашымі чытачамі падзяліліся загадчыца вытворчасці Таццяна Філончык і повар-кандытар Наталля Дзеравянка.

Заходзім у сталовую, нас ахоплівае духмяны пах свежай выпечкі і…
— Сёння гатавалі катлеты з “кірыешкамі”, — тлумачыць Таццяна Пятроўна.
Аказваецца, так наведвальнікі сталовай называюць “Папараць кветку”.

Гатуецца яна вельмі проста. Курыная грудка, цвёрды сыр, алей і масла сметанковае, паніровачныя сухары, цыбуля і соль. Перш за ўсё зробім начынку: натром на тарцы масла сметанковае і сыр, паставім сумесь у халадзільнік. Курынае філе прапускаем праз мясарубку разам з ачышчанай цыбулінай, каб атрымаўся фарш. Дабаўляем у яго адно яйка і соль на смак. Усё старанна перамешваем.
Фармуем катлеткі. Размінаем фарш у далоні і ў сярэдзіну кладзём сырную нарыхтоўку. Затым трэба катлеткі “запаніраваць”. Узбіваем яйка, апускаем у сумесь кожную катлету, пасля гэтага абсыпаем іх паніровачнымі сухарамі. У невялікай каструлі разаграваем алей. Абсмажваем катлеты ў алеі да з’яўлення залацістай скарыначкі — прыкладна 3-4 хвіліны. Вось і гатова катлета “з кірыешкамі”.

Аказваецца, у Таццяны Пятроўны працоўны стаж больш за 20 гадоў. У свой час яна скончыла Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. Шмат гадоў шчыравала ва ўпраўленні па адукацыі, спорце і турызме Бярэзінскага райвыканкама. Затым – у “Амадэусе”. А як адчыніла дзверы сталовая лясгаса – працуе тут.
— Менавіта Таццяна Пятроўна, можна сказаць, і “адчыняла” нашу сталовую. Падбірала кадры, выбірала абсталяванне, — дадае намеснік дырэктара Бярэзінскага лясгаса Віталій Умінскі. – Яна вопытны супрацоўнік, сапраўдны прафесіянал.
Сёння калектыў сталовай складаюць 5 чалавек, якія ў дзень абслугоўваюць каля 100 наведвальнікаў. Водзывы пра стравы, абслугоўванне — толькі “смачныя”. Абавязкі Таццяны Пятроўны шматгранныя: каардынуе дзеянні іншых работнікаў сталовай, складае меню, адказвае за пастаўкі прадуктаў. Іншы раз жанчына падчас абеду выходзіць у зал, каб даведацца меркаванні наведвальнікаў наконт меню.
— Імкнёмся выканаць запыты кожнага, каб у нас было заўсёды цёпла, утульна, як дома, — дадае Таццяна Філончык. – Але ў першую чаргу арыентуемся на работнікаў лясгаса. Да прыкладу, кожны работнік на 1 базавую велічыню можа ў месяц бясплатна харчавацца. Пагадзіцеся, гэта прыемны “бонус”.
А што на дэсерт?
Любіць здзіўляць работнікаў лясгаса ды і жыхароў Бярэзіншчыны рознымі смачнасцямі повар-кандытар Наталля Дзеравянка. Многія з нецярпеннем чакаюць 10 гадзін раніцы, каб зазірнуць у сталовую, набыць штосьці смачненькае.
— На мой погляд, выпечка – гэта творчы працэс. Тут павінны прысутнічаць і прафесіяналізм, і натхненне, а яшчэ, галоўнае – любіць тое, чым займаешся, — дадае Наталля Станіславаўна.
Асаблівай папулярнасцю ў наведвальнікаў сталовай карыстаецца “Рулет фруктовый”. Цікава, як яго прыгатаваць?
— Вельмі проста, — запэўнівае Наталля Станіславаўна. – Для гэтага спатрэбяцца цукровая пудра, павідла. Для бісквіту — мука, цукар, яйкі і ванілін. Прыступім да прыгатавання. Яйкі неабходна дасканала ўзбіць з цукрам і ванілінам, зручней за ўсё гэта рабіць міксерам. Затым дабаўляем муку і ўзбіваем яшчэ каля 20 секунд, каб яна добра перамяшалася з масай. Духоўку нагрэць да 200-210 градусаў. Паверхню, на якой будзем выпякаць, заслаць паперай для выпечкі. Выліць цеста, раўнамерна яго размеркаваць. Выпякаць прыблізна хвілін 30. Гатовы рулет пакласці на ручнік паперай уверх, акуратна зняць паперу і намазаць гарачы бісквіт павідлам. Скруціць усё ў рулет. Прыемнага апетыту!

Дарэчы, у сталовай лясгаса захоўваюць усе меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: работнікі сталовай працуюць у сродках індывідуальнай аховы (маскі, пальчаткі, халаты). Для наведвальнікаў ёсць дазатары з антысептычнымі сродкамі. Сталы стаяць аддалена адзін ад аднаго.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Гатуем разам з «БП». Рэцэпты смачнасцей ад Бярэзінскага лясгаса: 1 комментарий

  • 23 мая 2020 в 11:12
    Permalink

    Такое вкусно почитать, спасибо

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *