Гісторыя аднаго фотаздымка. Зямельная рэформа. Год 1911-ы

Імгненная ўспышка фотакамеры, зробленая больш чым сто гадоў таму назад, адлюстравала значную падзею мінулай эпохі: аграрная жараб’ёўка і рассяленне на хутары сялян сяла Капланцы Ігуменскага павета Мінскай губерніі.

На здымку — члены камісіі і хадакі-сяляне. Дадзеная падзея ўяўляла сабой адзін з этапаў сталыпінскай аграрнай рэформы (названа па імені Пятра Сталыпіна – галоўнага яе арганізатара). Мэта рэформы: дазволіць выходзіць з сялянскай абшчыны на хутары (закон ад 09.11.1906 г.). Перасяленчая палітыка мела за мэту ліквідацыю малазямелля пры захаванні памешчыцкага землеўладання, стварэнне ў асобах кулакоў дадатковай сацыяльнай апоры самадзяржаўю.

Згодна з архіўнымі дадзенымі, у камісію ўваходзілі свяшчэннік Ілья Ліванаў, выконваючы абавязкі псаломшчыка Ігнат Сасіноўскі, дабрачынны свяшчэннік Мацвей Кіркевіч і інш. Пратакол аб выкупе зямель сялянамі Ігуменскага павета маёнтка памешчыка Антона Ясінскага датуецца 12.09.1911 г.

Па аповедах старэйшага пакалення, на жараб’ёўку запрашаліся прадстаўнікі найбольш аўтарытэтных сялян. Першым, каму дадзена было права выцягнуць шчаслівы білет, як аказалася, быў Антон Баран. На вялікі жаль, у каментарыях да здымка ў газеце “Ніва” не ўказваецца, хто колькі дзесяцін атрымаў пры гэтай жараб’ёўцы. Адно мне дакладна вядома, што сярод прысутных, трэці справа, худы, з чорнай барадой, стаіць мой прадзед Анісім Аляксеевіч Бурко, які быў натхнёны цвёрдай верай, што свая зямля – гэта вялікае багацце, і толькі на ёй ты можаш стаць сапраўдным чалавекам. Дзве яго дачкі і тры сыны слухалі бацьку, ды шчасця ў гэтым яны не адчулі.

Старэйшы сын Ціхан, мой дзед, у сям’і якога жыў да самай смерці Аніська, не вярнуўся з фінскай вайны, пакінуўшы непаўналетняга сына Мацвея. Нявестка пасля атрымання пахавальнай пакідае сына з дзедам і выходзіць замуж.

Другі сын, Піліп, пачаў заўзята працаваць на выдзеленых яму дзесяцінах. Сам шчыраваў да сёмага поту і пяцёра сыноў пастаянна ўпрагаў. Ішлі справы добра. У гаспадарцы было два кані, дзве каровы, свінні, авечкі, гусі. Меліся касілка, малатарня. Усе сталярныя работы выконвалі сваімі рукамі. Наёмнай працай не карысталіся. На той час яны лічыліся заможнымі людзьмі, кулакамі. З-за гэтага сям’ю выслалі ў Сібір. Уся маёмасць была разграблена, а дом перадалі пад пачатковую школу.

Больш лёгкім быў жыццёвы шлях Міхаіла, які падрос і вырашыў наведаць месца ссылкі свайго брата Піліпа ў сібірскім горадзе Бійску. Там ён ажаніўся з дачкой папа Ганнай, набыў царкоўна-прыходскую адукацыю, пасля пераехаў у Мінск, закончыў педінстытут і працаваў дырэктарам Бардзілаўскай, цяпер Міханавіцкай школы.

Што тычыцца дзвюх дачок Анісіма, то жараб’ёўка ад бацькі ім нічога карыснага не прынесла, акрамя высновы: ад зямлі багатым у адзіночку не станеш, а вось гарбатым…

Такім аказаўся вынік сталыпінскай аграрнай рэформы для яе ўдзельніка Анісіма Аляксеевіча Бурко.

Ніна БУРКО.
Фота з архіва аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *