Гісторыя фотаздымка, зробленага ў 1937 годзе

Маёй малой радзімай з’яўляецца вёска Лысуха. Сёння на карце Бярэзінскага раёна вы яе не знойдзеце: у 1967 годзе яна разам з суседнімі Блевачамі была пераўтворана ў Прыбярэжнае. Мясціны тут надзвычай прыгожыя, а асаблівае хараство ім надае рака Бярэзіна. Не менш маляўнічыя і чымсьці падобныя на бярэзінскія, і краявіды наваколля вёскі Бардзінічы, што ў Чавускім раёне на Магілёўшчыне. Такое ж лясістае месца і побач – рака Бася, прыток Проні. Менавіта адтуль, з гэтага населенага пункта, паходзяць карані маёй жонкі Надзеі Іванаўны, там у свой час жылі яе бабуля з дзядулем. Пра іх і пойдзе гаворка.

Вольга Арцёмаўна неаднойчы з сумнай усмешкай (яна заўсёды была аптымісткай і да ўсяго падыходзіла з уласцівым ёй пачуццём гумару) называла сябе даваеннай удавой. Так здарылася, што яе муж яшчэ да пачатку баявых дзеянняў быў пры-званы ў Чырвоную Армію і загінуў у першыя дні вайны пры адступленні савецкіх войск у 1941 годзе. Яна доўга захоўвала адзінае пісьмо, атрыманае ад каханага з фронту, дзе ён расказваў, што іх часць адыходзіць на Усход і вядзе жорсткія баі за раку Бярэзіну непадалёк ад Беразіно. Далейшы лёс салдата быў невядо-мы, з вайны ён так і не вярнуўся.
Таму калі яе ўнучка выйшла замуж за бярэзінскага хлопца, бабуля з асаблівым пачуццём прыязджала ў наш раён і не раз паўтарала ўнучцы, што менавіта дзесьці тут знаходзяцца астанкі яе продка. Толькі як і дзе знайсці іх: можа, ляжыць безыменны ў адной з брацкіх магіл, а можа, і няма там на жалобным месцы ніякага знака…
Мы распачалі пошукі. Закончылася ўсё добра і… вельмі нечакана нават для мяне самога. На той час быў дырэктарам мясцовага саўгаса, які межаваў з суседнім саўгасам “Дзмітравічы”. Колькі разоў бываў я там па той ці іншай патрэбе, ды і цэнтральную сядзібу гаспадаркі, вёску Дзмітравічы, ведаў выдатна, але ніяк не мог падумаць, што менавіта тут у брацкай магіле і пахаваны дзядуля маёй жонкі. А калі прачытаў яго прозвішча на магільнай пліце,
майму здзіўленню не было меж. Уявіце сабе, як была рада гэтай навіне яго ўдава, якая праз дзесяцігоддзі, страціўшы ўжо ўсе спадзяванні, знайшла магілу свайго мужа і наведала яе. І галоўнае дзе – на новай радзіме сваёй унучкі!
Вось які ён, свет – вельмі непрадказальны і надзвычай цесны.
Хто б мог падумаць, што вось так блізка, зусім побач, у суседняй вёсцы будзе пахаваным у ліку воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі на тэрыторыі Бярэзіншчыны, і дзядуля маёй жонкі сяржант  Кузьма Васільевіч Васіленка, 1914 года нараджэння, п/п 56201, які загінуў 28 чэрвеня 1941 года, і яго астанкі, перазахаваныя з в. Каранец, знаходзяцца ў брацкай магіле ў вёсцы Дзмітравічы.

Віктар ШПАКОЎСКІ,
жыхар в. Вяшэўка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *