Гутарым з выхаванцамі садка №2 горада Беразіно

Гэтае пытанне здаўна хвалюе людзей: пра каханне спяваюць песні, складаюць вершы, а цяпер нават праводзяць навуковыя даследаванні. Кажуць, без кахання жыццё нічога не вартае. Але ніхто не можа вызначыць дакладна, што гэта за пачуццё, якое нясе чалавека на крылах і робіць яго шчаслівым ці нават няшчасным. Заўтра, 14 лютага, упэўнена, многія будуць адзначаць Дзень святога Валянціна – Дзень усіх закаханых.

Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў бярэзінцаў, што ж такое каханне! Але нашае апытанне не зусім традыцыйнае. За адказам адпраўляемся ў дзіцячы садок № 2 горада Беразіно. Запытаем у дзетак, што ж, на іх думку, значыць каханне.

Ягор ГАРКУША і Аляксандра Літвінава

Ягор:
— Каханне – гэта прыхільнасць да сваіх бацькоў, бабуль, дзядуляў, братоў і сясцёр, усіх блізкіх, свайго дома, месца, дзе ты жывеш.
Аляксандра:
— Каханне – гэта калі не ўяўляеш свайго жыцця без таты, мамы, бабулі, дзядулі, усіх родных. Калі хочаш ім кожны дзень гаварыць добрыя словы, бачыць іх, абдымаць.

Лера РАБКЕВІЧ:


— Каханне – гэта калі тата гаворыць маме, як яна цудоўна выглядае. А мама ў адказ усміхаецца, гаворыць тату, што ён самы лепшы.

Іван МОРСКІ, Дар’я ХАЛЕЦКАЯ, Міхаіл ЧОРНЫ, Паліна СМЫЧОК

Іван:
— Каханне – гэта ўменне жыць, клапаціцца пра іншых. Дапамагаць бацькам, бабулям, дзядулям, брацікам і сястрычкам. Каханне – гэта добрыя паводзіны.
Дар’я:
— Каханне – гэта такое пачуццё, якое нельга адразу апісаць словамі. Гэта — пяшчотныя адносіны да сваіх блізкіх, родных.
Міхаіл:
— Каханне – гэта калі дапамагаеш бацькам, бабулі, дзядулю. Каханне – калі добра сябе паводзіш, не сваявольнічаеш.
Паліна:
— Каханне – гэта калі з павагай адносішся да сваіх бацькоў, бабулі, дзядулі, іншых родных. Калі кожны дзень гаворыш, што яны самыя добрыя, прыгожыя, разумныя.

Аляксей ЧАЙЧЫЦ:


— Каханне – гэта ўменне прымаць чалавека такім, які ён ёсць.

Данііл ЧАРНЯЎСКІ, Павел КІРЫКОВІЧ


Данііл:
— Каханне – гэта ласкавыя
адносіны адзін да аднаго. Каханне – павага, клопат, усмешкі, радасць… І калі ты кахаеш кагосьці, пра гэта неабходна гаварыць кожны дзень.

Павел:
— Каханне – гэта калі хтосьці пра цябе клапоціцца. Бацькі клапоцяцца пра мяне, а я — пра іх, значыць, мы любім адзін аднаго!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *