І дзецям небходна зрабіць прышчэпку ад Covid-19

У краіне з 27 снежня распачаўся працэс вакцынацыі дзяцей ад каранавіруснай інфекцыі.

Як гэта будзе адбывацца, што варта ведаць бацькам? На гэтыя тэмы мы размаўляем з загадчыкам педыятрычнага аддзялення паліклінікі Бярэзінскай ЦРБ Ганнай ШЫШКЕВІЧ.

— Ганна Аляксееўна, раскажыце, менавіта якім дзецям патрабуецца рабіць прышчэпкі і якой вакцынай?

— Дзеці ўзроставай катэгорыі ад 12 да 17 гадоў. Вакцына кітайскай вытворчасці “Сінафарм”, або “Верасэл”. Таксама з двух кампанентаў. Першая доза адразу, і праз 21-28 дзён – другая. На што варта звярнуць увагу: калі дзіця перахварэла кавідам, патрабуецца каб мінула як мінімум 6 месяцаў пасля хваробы. Вакцынацыя не раней за гэты тэрмін.

— Лагічнае пытанне: ці давядзецца ўгаворваць бацькоў?

— Адпаведна з правіламі, вакцынацыя дзяцей адбываецца менавіта са згоды бацькоў, калі яны падпішуць пісьмовую згоду. У астатнім жа, зразумела, раней у нас не было яшчэ практыкі дзіцячых прышчэпак ад каранавірусу, справа для бацькоў новая ў гэтым плане. Прышчапляцца ад грыпу больш звыкла. Аднак мы праводзім з бацькамі прафілактычныя гутаркі, тлумачым неабходнасць прышчэпкі. Многае залежыць ад таго, якім быў досвед бацькоў, калі яны самі хварэлі на кавід. Хто перанёс хваробу ў цяжкай форме, тыя згаджаюцца на прышчэпкі для дзяцей, а хто ў лёгкай – тыя мяркуюць, што “пранясе”, і дзеткі таксама перахварэюць у лёгкай форме. Але ж раз на раз не прыходзіцца.

— Сустракаліся ўжо выпадкі дзіцячага кавіду ў цяжкай форме?

— У Мінску такіх дакладна ўжо шмат у інфекцыйных аддзяленнях. Былі выпадкі і ў Бярэзінскім раёне Таму бацькам варта моцна задумацца, праблема сур’ёзная.

— У чым выражаюцца сімптомы цяжкай формы каранавіруснай інфекцыі ў дзяцей?

— Як і ў дарослых: падзеннем сатурацыі (узроўню кіслароду ў крыві), працэсам паражэння лёгкіх. Узнікае неабходнасць знаходжання ў рэанімацыі і кіслароднай падтрымкі. Калі коратка, увесь букет непрыемнасцей, у тым ліку неабходнасць штучнай вентыляцыі лёгкіх.

— Ці плануюцца прафілактычныя гутаркі ў школах?

— Зразумела! Давялі інфармацыю па школах, разгортваем актыўную работу ў гэтым плане, ва ўсіх навучальных установах маюцца звесткі пра тое, у які час можна да нас прыйсці і вакцынавацца. Шчыльна працуем з бацькамі, напрыклад, выступаем з лекцыямі на школьных бацькоўскіх сходах. Бацькоўскія сходы пройдуць у другой (20 студзеня), трэцяй (15 студзеня гарадскіх школах і гімназіі (15 студзеня).

— Скажыце, колькі дзетак плануеце прышчапіць?

— Па магчымасці як мага больш, а ў ідэале ўсіх, хто падпадае пад пазначаны ўзрост і медыцынскія паказанні. Чым большым будзе ахоп вакцынацыяй, тым большы эфект паслаблення росту захворванняў. Гэта неабходна для выпрацоўкі калектыўнага імунітэту.

— Раскажыце пра падрыхтоўку да вакцынацыі.

— Агульнае правіла адно: каб дзіця было здаровым. Спачатку педыятр павінен агледзець дзіця і даць дазвол. Зразумела, калі дзіця хварэе вострай інфекцыяй, мы не вакцынуем. Пасля прышчэпкі на 3 дні забараняюцца фізічныя нагрузкі.

— Якія ёсць супрацьпаказанні?

— Супрацьпаказана прышчэпка, калі мае месца алергічная рэакцыя на якуюнебудзь уведзеную дзіцяці вакцыну раней, не ад кавіду, а наогул, бо дзецям жа робяцца прышчэпкі шмат ад чаго. Таксама да супрацьпаказанняў адносяцца і неўралагічныя захворванні цяжкай ступені з прагрэсіраваннем.

— А наступствы пасля прышчэпкі?

— У якасці пабочных сімптомаў можа быць пачырванне ў месцы ўколу, высыпанне на скуры. Таму пасля ўвядзення кампанента дзіцяці трэба яшчэ на працягу 30 хвілін пачакаць у аддзяленні, каб у выпадку алергічнай рэакцыі мы маглі тут на месцы аказаць дапамогу. Дапускаецца яшчэ павышэнне тэмпературы, але яна праходзіць праз 1-2 сутак.

— Часам сярод людзей можна пачуць наступнае: зараз ідзе 5 хваля, наступаюць новыя штамы каранавіруснай інфекцыі, а прышчэпкі распрацоўваліся яшчэ для штамаў першай хвалі. Што сказаць тым, хто сумняваецца ў эфектыўнасці вакцынацыі?

— Прышчэпка абараняе нас ад усіх штамаў, і ад штамаў “дэльта” і “амікрон” у тым ліку. Абарона ў працэнтах крыху ніжэй, але яна ёсць! Зразумела, што захварэць можна і вакцынаванаму чалавеку, але ж наяўнасць прышчэпкі гарантуе, што хвароба пройдзе ў лёгкай форме. Прышчэпка працуе так: вам увялі антыцелы і далей у выніку работы імуннай сістэмы арганізма выпрацоўваецца абарона. І калі вы ўсё ж патрапіце пад удар інфекцыі, гэтая абарона будзе дзейнічаць, у вас у арганізме ўжо будзе прысутнічаць пэўная колькасць выпрацаваных антыцел, арганізму не спатрэбіцца працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Іншымі словамі, з прышчэпкай не спатрэбіцца рэанімацыя вашаму дзіцяці.

— І напрыканцы, куды звяртацца, каб прышчапіць дзіця ад covid-19?

— У дзіцячае аддзяленне паліклінікі, у працэдурныя кабінеты сельскіх лячэбных устаноў.

— Дзякуй за размову!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *