У гэтай навучальнай установе рыхтуюць будучых сталяроў. Падрабязнасці ў матэрыяле нашага карэспандэнта

Аб цеплыні дрэва можна гаварыць доўга. Дрэва радуе, калі шуміць лістотай і ахоўвае нас ад спякоты, радуе і тады, калі яго жыццё працягваецца ў выглядзе мэблі ці іншых вырабаў.

Мікалай Дубовік (трэці злева) са сваімі вучнямі — Іванам Зяневічам, Уладзіславам Цэнкелем, Дзмітрыем Бабічавым, Кірылам Гоманам, Дзмітрыем Несцяровічам, Аляксандрам Дулейка (злева направа) дэманструюць уласныя “свежыя” вырабы

Працаваць з драўнінай навучаюць у ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Беразіно” на ўроках працоўнага навучання пад кіраўніцтвам майстра Мікалая Дубовіка. Дарэчы, у Бярэзінскім раёне гэта адзіная ўстанова, у якой вучні могуць пасля адпаведнага навучання і экзамену атрымаць пасведчанне сталяра 2 разраду.
Тут вырабляюць маленькія драўляныя табурэты, нескладаныя і складаныя — вельмі зручныя і практычныя, бо займаюць яшчэ менш месца, гэта знаходка для турыстаў, аматараў рыбнай лоўлі.
— Гэтай справай мы пачалі займацца з мінулага года, — гаворыць Мікалай Якаўлевіч. – Дзякуючы нашаму дырэктару Святлане Абрамовіч і спонсарскай дапамозе бацькоў выпускнікоў 2019 года, набылі дрэваапрацоўчы станок, неабходныя матэрыялы, інструменты. Канечне, хочацца аднавіць і варштаты, яны нам дасталіся з былой школы-інтэрната (ім ужо не адзін дзясятак гадоў!), і такарныя станкі… Вядома, на ўсё патрэбны сродкі, і немалыя.
Дрэваапрацоўчы працэс – працаёмкі, хлапчукі асвойваюць і пілаванне, і габляванне, і як патрэбна забіваць цвікі. Праўда, не кожнаму гэта справа ўдаецца, некаторыя паспрабавалі – цяжка, не атрымліваецца.

А самыя ўпартыя застаюцца дасягаць сваёй мэты ў дрэваапрацоўцы – пераадольваюць першыя прыступкі на шляху да сталярнага майстэрства.
Між тым, дрэва – не адзіны матэрыял, над якім чаруюць вучні Мікалая Якаўлевіча. Яны яшчэ ўмудрыліся заўважыць цудоўны сродак для творчасці ў звычайных бляшанках. Менавіта з іх ствараюць пяшчотныя пялёсткі руж. І непатрэбнае смецце ва ўмелых руках ператвараецца ў дзівосныя кветкі, якія ніколі не звянуць.

Алена ГРОМАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *