І юбілей, і прафесійнае свята ў СШ № 3 горада Беразіно

Нібы велічны карабель, які адпраўляецца ў далёкае плаванне па краіне ведаў, узвышаецца ў нашым горадзе сярэдняя школа №3. Сёлета яна юбілярша, бо адзначае 35 год з дня адкрыцця. 35 год — гэта мала і ў той жа час многа, гэта значная дата для навучальнай установы. Але ў горадзе гэту школу па-ранейшаму называюць новай, бо яна — самая маладая навучальная ўстанова ў раёне.

Дырэктар СШ №3 Ала Дудко: — Дзень настаўніка — свята мудрасці і ведаў, а юбілей школы — добры знак у жыцці педагогаў. І ад добрых слоў і пажаданняў у гэты дзень на душы ў кожнага з нас становіцца цяплей. Прафесійнае свята і дзень нараджэння школы мы вітаем з узнятым настроем, бо слаўныя традыцыі ўстановы жы- вуць, нашы навучэнцы становяц- ца пераможцамі прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў. Дзеля гэтага створаны профільныя групы і вядзецца вывучэнне прадметаў на паглыбленым узроўні, маецца выдатная матэрыяльная база і камфортныя ўмовы, сфарміраваны надзейны калектыў наватараў і аднадумцаў. А з такой камандай нам усё па сілах!

Тут працуюць настаўнікі, якія куюць веды, выкарыстоўваюць новыя падыходы ў навучанні і выхаванні, не стамляюцца здзіўляць дасягненнямі і поспехамі вучняў. Тут зладжаны калектыў аднадумцаў, якім пад сілу любая задача і любая справа.
Дзякуючы яму, сярэдняя школа №3 — адна з лепшых у раёне і вось ужо каторы год задае тон у развіцці адукацыі ў рэгіёне.
Ведаюць яе па дасягненнях школьнікаў не толькі ў раёне, вобласці, але і за іх межамі. Вучні школы неаднаразова з’яўляліся ўдзельнікамі міжнародных канферэнцый, пераможцамі і прызёрамі разнастайных конкурсаў і алімпіяд.
Выпускнікі і вучні школы з вялікай радасцю чакаюць школьнага юбілейнага свята, каб павіншаваць педагагічны калектыў. Ён складаецца з людзей, улюбёных у сваю справу, адказных, патрабавальных. Яны для школьнікаў з’яўляюцца ўзорам сапраўднай мудрасці і справядлівасці. У сярэдніх класах вучняў шчыра вітаюць настаўнікі-прадметнікі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Кожны па-свойму цікавы, непаўторны, таленавіты, у меру строгі і патрабавальны. Галоўнае, што атрымліваюць ад іх вучні вялікае жаданне вучыцца далей, бо самі веды, па іх словах, стануць апорай у будучым жыцці, асновай прафесійнага поспеху, асабістага шчасця. І школьнікі ўдзячны сваім настаўнікам за гэта.

Вікторыя Хвашчынская — адна з першых выпускнікоў СШ №3. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага інстытута марыла па сцежкам матулі вучыць дзяцей нямецкай мове. Але вось ужо амаль трыццаць гадоў яна выкладае ў СШ №3 англійскую мову. – Скардзіцца на лёс не магу, — дадае Вікторыя Анатольеўна, — бо інакш на маім шляху не давялося б сустрэць Мікіту Котава, вучня які ў сярэдніх класах чытаў у арыгінале Гары Потэра, а сёння дае надзею, што добра выступіць на прадметнай алімпіядзе па замежнай мове.

На ўвесь раён вядомы настаўнікі пачатковых класаў Іна Шпакоўская і Алена Палянская. Яны разам бліскуча скончылі сярэднюю школу №1 і без цяжкасцей, вытрымаўшы вялікі конкурс, сталі студэнтамі факультэта пачатковых класаў, разам вярнуліся ў родны горад дыпламаванымі педагогамі. У сярэдняй школе №3 яны ўжо каля трыццаці гадоў і дагэтуль не стамляюцца вучыць дзяцей пісаць, лічыць і чытаць, за сваё жыццё не адзін раз чулі шчырае дзякуй ад бацькоў і дзяцей. Асобнае месца сярод педагогаў займае выкладчык фізікі Аляксандр Зябко. Дзякуючы яго прафесіяналізму, школа стала вядома ў творчым інжынерным асяроддзі. Чаго варта прызнанне знаходак яго вучня Мікіты Хадаронка! Не за гарамі і поспехі школьнага матэматыка Цімафея Татаронка, які вызначыўся крэатывам і знаходлівасцю на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства сярод педагогаў.
Ды і абавязкова павінен завітаць у святочны дзень у родную школу Аляксей Саўкін. Ён паспяшаецца павіншаваць з юбілеем школы і Днём настаўніка ўсіх сваіх педагогаў, але самыя цёплыя словы адрасуе выкладчыку нямецкай мовы Андрэю Сойку.
З яго дапамогай юнак максімальна наблізіўся да 100 балаў па ўпадабаным прадмеце.

У школе працуе цэлы атрад педагогаў, якія па школьных сцежках прыйшлі на працу і засталіся тут вучыць дзяцей на доўгія гады. Гэта Святлана Хадаронак, Марына Немагай, Настасся Цвірко, Аляксандр Макарэвіч і Таццяна Аўтуховіч. — Нас значна больш, чым тут сабралася, тых, хто дагэтуль у сэрцы захоўвае любоў да роднай школы, — гаворыць Настасся Уладзіміраўна. — Мінула столькі гадоў, а мы дагэтуль не стамляемся спяшацца сюды ў будні і святы, бачыць за школьнымі партамі новых вучняў, разам з імі вандраваць па краіне ведаў і заставацца маладымі, як і школа.

Ды і варта адзначыць сярод педагогаў Лідзію Лесавую, Наталлю Скуратовіч, Вікторыю Хвашчынскую, Алену Сай і іншых, якіх выпускнікі заўсёды вітаюць з удзячнасцю і павагай. Гэта дзякуючы ім, школа будзе жыць і квітнець.
Жыццё працягваецца. 2020 навучальны год для СШ №3 — гэта не толькі 35-гадовы юбілей, але і юбілей вопыту і майстэрства. Колькі радасці перамог і слёз няўдач, колькі сустрэч і расставанняў тут перажыта. А колькі яшчэ будзе!

Мілана ТРАПЯНОК. Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *