Ідзе “Бяспека — у кожны дом”

У рамках акцыі “Бяспека – у кожны дом” бярэзінскія выратавальнікі наладзілі ў сельскім Доме культуры аграгарадка Пагост мерапрыемства “Скарбонка бяспекі”.  Да яе з задавальненнем далучыліся юныя выратавальнікі з клуба “Сірэна”, работнікі культуры і медыкі. Акрамя традыцыйнай карыснай гутаркі і прагляду фільма, удзельнікаў мерапрыемства чакалі некалькі прыемных сюрпрызаў.

Па-першае, канцэрт. Работнікі  мясцовага СДК і старшакласніцы Пагосцкай школы падрыхтавалі шэсць нумароў самадзейнасці: душэўна спявалі пра жыццёвую мудрасць дарослыя выканаўцы, пра каханне – маладыя дзяўчаты. Не засталіся ўбаку і юныя выратавальнікі: актывісткі Паліна Цыбулька і Алена Аўтуховіч бадзёра танцавалі, выконваючы песню пра маладзёжную арганізацыю выратавальнікаў-пажарных.

Па-другое, людзей чакалі гульнявыя пляцоўкі: тут можна было і патушыць пажар на газавай пліце, і знайсці небяспечнасці ва ўсталяванні печкі, і пазваніць у службу выратавання, і адказаць на пытанні віктарыны, і прымераць баявое адзенне выратавальнікаў. Побач  працаваў урач: усе жадаючыя маглі памерыць ціск, атрымаць кансультацыю. За ўсе вытрыманыя іспыты людзі атрымлівалі эмблемы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, па найбольшай колькасці якіх выбралі лепшага выратавальніка на вёсцы. Ім стала Марыя Счасная. Жанчыне падарылі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Што надзвычай прыемна – падарунак прыйшоўся вельмі дарэчы: як прызнаецца пенсіянерка, думкі набыць карысны прыбор былі, але ўсё “рукі не даходзілі”. Кожны ўдзельнік сходу атрымаў ад выратавальнікаў карысную наглядную прадукцыю: дарослыя і падлеткі – буклеты “Бяспека ў кожны дом” і брашуры “Дапамога побач”, дзеці – буклеты “Геаметрыя бяспекі”. Вялікае “дзякуй”, пажаданні ўсяго лепшага і запрашэнні прыязджаць яшчэ сталі найлепшай адзнакай нашай дзейнасці!

Вольга ДАНЭЙКА,

інспектар прапаганды Бярэзінскага РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *